epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Чым вялікі Маякоўскі?

Чым вялікі Маякоўскі? Такое пытанне заканамерна можа паўстаць не толькі перад крытыкам, якому ў сілу яго прафесіі прыходзіцца аналізаваць літаратурныя з’явы і адрозніваць вялікае ад дробнага, але і перад кожным пісьменнікам. Некаторым перш за ўсё кідаецца ў вочы арыгінальная манера Маякоўскага. Наіўныя пераймальнікі Маякоўскага думаюць, што даволі стаць у яго позу, каб іх паэзія таксама загрымела на ўвесь свет. Пры лёгкаважкасці зместу іх твораў такія паэты часта становяцца падобнымі да «асілкаў», якія падымаюць папяровыя гіры. Гэтым яны даводзяць як не трэба лепш, што не манера Маякоўскага з’яўляецца першапрычынай яго велічы. Веліч гэта складваецца з двух галоўных кампанентаў: страснага грамадскага тэмпераменту паэта і яго вялікага паэтычнага таленту, пастаўленага на службу народу. І не народу ў расплыўчатым разуменні гэтага слова, а канкрэтна — «атакуючаму класу» ў самы адказны момант яго гісторыі, калі гэты атакуючы клас пачаў ламаць і крышыць устоі старога свету. Адгэтуль сіла грому ў паэтычным слове Маякоўскага, адгэтуль агнявыя маланкі яго сатыры, якія бязлітасна хвасталі ўсё, што стаяла на шляху пераможнага поступу рэвалюцыі. Для выканання гэтай місіі паэту мала было паэтычных сродкаў, абжытых яго папярэднікамі, і ён знайшоў новыя сродкі, выпрацаваў сваю манеру размаўляць з рэвалюцыйным народам.

Маякоўскі з’явіўся ў нашу паэзію як навальніца, праліўшыся дабратворным дажджом на яе ніву і ачысціўшы паветра ад запляснелых поглядаў і паняццяў, якіх яшчэ так было многа ў гады яго бурнай дзейнасці.

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан