epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Чырвоная мятла добра мяла

Чырвонай Арміі

Успаміны ў дзень гадавіны

 

Цяжкі час быў для Саветаў,

Надта ж моцна прыпякло,

Памятаецца нам гэта,

Нібы ўчора ўсё было:

 

Адусюль паналяцелі

На здабычу груганы —

Вольнай волі захацелі

Вочы выклеваць яны.

 

Вось, вядомы ўсяму свету,

Чарнаморскі адмірал

Прэ вайною на Саветы —

Войска моцнае сабраў;

 

Ён з астатніх сіл стараўся,

З скуры лез аж, бедны, ён

І зусім ужо сабраўся

На Маскоўскі сесці трон.

 

Мы ж расправіліся з гадам —

Не пабачыў ён Масквы:

Той штыком, а той прыкладам —

І... Калчак без галавы.

 

Вось якраз такім жа родам

Браў Юдзеніч Петраград —

К нам палез са ўсякім збродам,

Потым сам аж быў не рад:

 

Генеральскімі рукамі

Прыхваціў разбіты нос

І з мяшэчкам за плячамі

Ногі ледзь ад нас панёс.

 

Неўзабаве тут за імі

І Дзянікін — вось ён, вот —

З афіцэрамі сваімі

На Маскву разявіў рот.

 

Не Маскву яму, а дулю! —

Не збылося, як хацеў:

Мы пяро яму ўваткнулі,—

Ён ад нас і паляцеў.

 

Не адзін аб троне марыў,

Вось і Врангель, фон-барон,

Гэткім самым жа макарам

Сесці мерыўся на трон.

 

Мы ж не цацкаліся з гадам,

Не зважалі, што барон,

І ў галёш падбітым задам

Неўзабаве сеў і ён;

 

І пусціўся ходам скорым,

Каб не сесці дзе на мель,

Проста, проста Чорным морам,

Аж за трыдзевяць зямель.

 

І з суседзямі-панамі

Нам прыйшлося ваяваць,—

Наляцелі груганамі,

Пруцца к нам за раццю раць.

 

Вось сабраліся мы троху

Ды турнулі так паноў,

Што яны з перапалоху

Адракліся й жупаноў.

 

Яшчэ потым і эсэры

(Нібы нашы сваякі)

Шкоды многа нам без меры

Нарабілі, сцервюкі.

 

Там Пятлюра вунь з Марусяй,

Тут вось Савінкаў Барыс

На Ўкраіне й Беларусі

Бунт задумалі стварыць.

 

А Антонаў гэтым часам

Чуць не ўзяў у нас Тамбоў,

Але мы ім — па мардасах

Ды пусцілі без зубоў.

 

З тэй пары пад вольным небам

Вунь як вырас бальшавік!

Але моцна яшчэ трэба

Нам трымаць чырвоны штык.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 69-71
Крыніца: скан