epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Да лігі «Час»

1. Савецкі грамадзянін
2. Нэпман
3. Поп


1. Савецкі грамадзянін

Ох, скарэй жа, ліга «Час»,

Ты ратуй, галубка, нас

І з савецкіх устаноў

Пагані ты ўсіх «паноў»,

Што «не маюць» заўжды часу,

Абслужыць працоўных масу,

Толькі любяць свае стаўкі

І даюць удзень дзве спраўкі.

Яшчэ трэба табе пільна

Пацягацца з гаварыльняй

(Ёсць у нас такая мода —

Ужываецца на сходах)...

Калі скончыш з гэтым ты,

Дык вазьміся за «хвасты»...

Хібаў многа яшчэ ў нас,

Але шкода траціць час,

Каб пісаць тут аб усіх,

Бо не проймеш словам іх:

Хоць якім прамоўцам будзь,

Яны й вухам не вядуць.

 

2. Нэпман

Ох, галубка, ліга «Час»,

Барані, бо крыўдзяць нас:

І чырвонцы і рублі

Трэба ж, каб у нас былі

Не цяпер, дык у чацвер,

А насельніцтва, павер,

У кішэнях грошы носіць.

Дык вось нэпман цябе просіць:

Падгані людскую масу,

Хай не траціць дарма часу —

Да капейкі грошы ўсе

Хай цяпер жа к нам нясе.

 

3. Поп

Ох, галубка, ліга «Час»,

Не забудзься ж і на нас:

Паміраць усім, бач, трэба,

Не палезе жывы ў неба,

Ні багаты і ні бедны,—

Нам па ўсіх служыць абедні.

А тут многа ёсць дзядоў,

Што жывуць па сто гадоў.

Іх вось трэба пакараць,

Што не хочуць паміраць:

Хай нам штраф яны заплацяць,

Што шмат часу дарма трацяць.

Непрыемнасцей нам шмат...

Ці ж кабета мае лад? —

Чуць не год цяжарнай ходзіць,

Дзіцянё пакуль народзіць,

Прынясе хрысціць да нас —

Толькі дарма траціць час.

Прыцягні яе к адказу,

Хай дзяцей раджае зразу.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 93-94
Крыніца: скан