epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Дай ды дай...

А няхай ты праваліся! —

Вось парадкі завяліся:

Дзе ні сунься, так і знай —

Ўсюды ў лапу дай ды дай...

Нек таму ўжо з месяц будзе

За зямлю я быў на судзе,

Дык каб ёю заўладаць,

Мне прыйшлося ў лапу даць.

Нек надоечы я ехаў

Па чыгунцы, дык, без смеху,

Я па шпалах бы дыбаў,

Каб не ў лапу добра даў.

Гэтым летам прадналогу

З мяне ўзяць хацелі многа,

Але, каб не галадаць,

Мне прыйшлося ў лапу даць.

Вось мы гэтак дажыліся,

Што аж «тройкі» завяліся —

Яны хочуць, як відаць,

«Дзерунам» па лапах даць.

Ды не ведаю я толькі,

Ці памогуць нават «тройкі»,—

Каб навесці тут парадкі,

Мо спатрэбяцца й «дзесяткі».

 

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 196
Крыніца: скан