epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Далікатныя Парасяты

(Байка)

Няхай не слухае, каму не міла,

А я тут расказаць хачу,

Што ад людзей нядаўна чуў:

Як Цётка парасят карміла.

Не ведаю — у будні дзень ці ў свята,

Пусціла ў сенцы Цётка Парасяты,

Ім замяшала есці

Ды на хвілінку выйшла дзесьці.

Вярнулася яна і стала ля парога спужана:

Памыяў на падлозе лужына,

І цеста ўсё парыта,

І бруд кругом каля карыта.

Тут, раззлаваўшыся без меры,

Кабета адчыніла дзверы

Ды аблавухіх панічоў

Давай шалёстаць скарачом.

Калі ж наробяць яны піску!

Ну — рэжуць іх, няйначай.

На піск на той здалёк і зблізку

Набегла шмат радні свінячай,

І парасячы піск не чуцен у свінячым гудзе:

Наставіўшы хібы і папусціўшы пену,

На дзверы лезуць і на сцену.

Іх ледзьве адагналі людзі.

 

Дык вось, браткі,

Калі такія свінюкі

(А свінюкоў нямала ёсць на свеце)

Ды завядуцца ў сельсавеце

Ці ў кааператыве ў вас,—

Ганіце вон, на мой адказ.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 171
Крыніца: скан