epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Дэкрэт

(Байка)

— Здароў, Максім!

Забыўся, брат, на нас зусім.

Расказвай, што чуваць.

— Браточак, не магу!

— Ты мо сюды адпачываць?

— Ды не, бягу!

Я жду бяды з усіх бакоў.

— А што з табою? Можа, не сакрэт?

— Ды ў цэнтры (чуў мо?) выдалі дэкрэт —

На мяса здаць усіх быкоў,

Якім мінула дзесяць год.

Пастой... Прысядзь ды вытры пот...

Дык ты ж чаго падмазаў пяты?

— А мне ўжо бачыш, дваццаць пяты,

Дык страх такі напаў, не ведаю, дзе дзецца.

— Не разумею я... То ты ж не бык, здаецца,

І не ўцякаць табе я моцна буду раіць.

— Яно то так, але ж — гады...

Каб не нажыць якой бяды.

Дэкрэты як у нас, часамі, разбіраюць?

Не разбяруцца, зловяць — чык,

Тады й даводзь, што ты не бык.

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 220
Крыніца: скан