epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Доўг

Я чалавек спакойны, ураўнаважаны і, калі хочаце, нават крыху недаверлівы. Калі я бачу новую патэнтаваную з’яву, дык ніколі не захліпаюся ад захаплення, а раней абыду гэту з’яву кругом, пагляджу, памацаю — а ці няма тут чарвінкі дзе або гнілі, ці пажыўны гэты прадукт цяпер і ці доўга ім можна харчавацца. Калі мне паказваюць, напрыклад, чырвонае, дык я не адразу паверу, што гэта чырвонае,— я яшчэ захачу паглядзець, якое яно на другім баку. Калі ж яно памалявана, дык я і ногцем паскрабу — ці моцна трымаецца фарба. Такім чынам мне часамі прыходзілася натыкацца то на генеральскую вопратку падкладкаю наверх, то на тандэтную фарбу, якая трымаецца да першай непагоды.

Сёння шмат чырвані іншага гатунку, шмат руху і гукаў.

Здавалася б, што мне, чалавеку ўраўнаважанаму, да гэтага ўсяго? Дык вось жа не: у носе казыча, і на вачах вільгаць, а ногі самі патрапляюць у такт пад гукі марша.

— Дзесяць гадоў!

Дзесяць гадоў, як мой бацька не цалуе панскай рукі. Убачыўшы важнага савецкага працаўніка, ён і цяпер яшчэ часамі хапаецца за шапку і нагінаецца, каб пацалаваць руку. Я яму тады: «Кінь, тата! Ты ж сам яго выбіраў — ён твой слуга, а не ты яго». Бацька выпрастаецца — і ў постаці павага да сябе.

Дзесяць гадоў, як я сам свядома будую разам з усімі працоўнымі тое, што хачу будаваць. Праўда — не ўсе дзесяць гадоў будую, быў час, калі трэба было разбураць. І я разбураў так жа свядома, як разбураў мой бацька сёлета стары хлеў, каб збудаваць на гэтым месцы новы. А цяпер каторы год вось я ўжо будую, наколькі хапае сілы і розуму. Калі ж хто і прабуе выбіваць з рук маіх цагліны, дык яны падаюць яму ж на галаву.

Дык вось чаму сягоння ў мяне і стан роўны і крок цвёрды...

Але ў гэтым магутным вялікасным акордзе мне часамі чуецца мізэрная, ледзь чутная, фальшывая нотка. Адкуль гэта? Ага, вось яно! Гэта бляянне гэтага залатушнага маладога чалавека, «рэвалюцыянера да скону». А як жа! Ён жа калісьці крычаў «ура» і «даёш Варшаву», калі другія ішлі ў атаку; ён хапаўся за спіну і плаксіва моршчыў твар, калі другіх хвасталі шампаламі; ён пацеў, калі другія працавалі, ён ездзіў на курорты, калі другія хварэлі. Такім чынам за дзесяць гадоў з яго выпрацаваўся стопрацэнтны цвердакаменны артадокс (бярозавы).

А вось другі. У яго яшчэ не паадпадалі махры добрасумленнага манархіста, але ён таксама лезе ў артадоксы. Што далей, то часцей падыходзіць ён з «марксісцкага пункту погляду». Не падыходзіць, а, праўдзівей, пад’язджае. Яго ліхвярская душа пражэцца да нажывы. Ён мяркуе: а ці нельга садраць якія-небудзь працэнты і з Марксавага «Капіталу». І здзярэ. Калі і не сто працэнтаў гадавых, як ён бярэ з свайго, дык, ва ўсякім разе, палатаецца. Яго бляянне асабліва рэжа мне вуха. Але не буду псаваць сабе святочнага настрою...

Дзе я бачыў гэтага чалавека, што ідзе поруч са мною злева? Я ледзь пазнаю яго — Сукач. Так, Цімох Сукач. Скураная куртка ды кепка зрабілі яго зусім не падобным да таго Сукача, з якім разам у акопах гнілі.

— Дзе гэта мы з табою разлучыліся?

— Альбатэшты памятаеш?

— А як жа, памятаю. Гэта там, дзе палкоўнік Зякін за адзін дзень увесь свой полк палажыў, выткнуўшы днём пад гарматы ды кулямёты нямецкія.

— Вось-вось. Дык тады ж мне і папала асколкам у бок — рабрыну зламала і кантузіла моцна. Мы пад вечар аж пад самыя акопы нямецкія падпаўзлі былі, а яны гранатамі калі шарахнулі! Дык адна зусім каля майго боку разарвалася, але добра, што лапатка была пры поясе, дык яна ля лапаткі,— толькі адзін асколак папаў... А з палкоўнікам Зякіным мы яшчэ сустракаліся пасля таго. Доўга я качаўся з гэтаю ранаю. І цара скінулі, а я ўсё ў шпіталі ляжаў. У Мінскім нават шпіталі і ляжаў — папрасіўся, каб накіравалі бліжэй да свае бацькаўшчыны. А калі я паправіўся ды трэба было выпісвацца, дык мяне ў шпіталі і пакінулі: там якраз санітар патрэбен быў. Работа мая была — абед разносіць ды ў пакоях прыбіраць. Уваходжу гэта я раз у афіцэрскую палату, гляджу — Зякін. Ах ты, сукін сын. У халаце, разумееш, і твар такі посны. А вусы таксама стаяць, як у чорта, і позірк воўчы. Я, вядома, ні слова, як бы і не знаю яго. А ён і сапраўды не знае мяне, не памятае. А сыходзіліся мы з ім раз вельмі блізка — на даўжыню рукі. Гэта было тады, як ён мяне па мордзе хвоснуў. Цябе яшчэ не было ў нашай роце. І за пусцяковіну ж выцяў стары чорт. Раз быў наш батальён адведзен на некалькі дзён у рэзерв, стаяў у вёсцы. Вось ён неяк і прывалокся ў нашу роту. Убачыў мяне, паківаў пальцам. Я падышоў.

«Пазаві, кажа, мне свайго ротнага камандзіра».

Я гэта павярнуўся ды хацеў ісці, а ён: «Ты што гэта, забыўся, такі ды сякі, як паварочвацца трэба? Карова ты, кажа, цельная, а не абаронца бацькаўшчыны»,— дый бац мяне па мордзе. Аж уваччу кругі чырвоныя пасталі. Злосць мяне апанавала,— каб дзе з рукі, дык бы кулю ў патыліцу пусціў шэльме...

Цікава мне было даведацца, што ў яго за хвароба, што ён у шпіталі ляжыць. На пагляд, здаецца, ніякай хваробы ў яго і няма,— чырвоны, мурлаты. Вось я раз і запытаўся ў сястры. Мушка яе звалі — маленькая, чорненькая, з адным капітанам хворым круцілася. Але такая прыветная была. Яна мне кажа:

«Ён пасля тыфусу, ды яшчэ і неўрастэнія ў яго».

«Не, думаю, тыфус тут вядома які: уцёк, думаю, з палка, не іначай». А ў палку яго, ведаеш жа сам, вельмі не любілі, бо не аднаму мне ён партрэт папраўляў. Прапаршчыкаў і тых, бывала, па-мацярынску лаяў. А тут яшчэ гэта наступленне. Усе ў палку лічылі вар’яцтвам наступаць без усякай артылерыйскай падрыхтоўкі, удзень, калі ў немца дзевяць радоў калючага дроту дый наша драцяная агароджа цэлая, а ён упёрся — наступаць! Ну і наступілі... сабаку на хвост. Вось, мусіць, і даў драла, каб на цугундар не ўзялі... Стаў я прыслухоўвацца да гутарак у афіцэрскай палаце, стаў прыглядацца да хворых. Бачу, што ўсе яны сядзяць, як зайцы ў гаросе, вушы панатапырвалі. Падыходжу часамі пад дзверы, чую: «Карнілаў, Керанскі, бальшавікі, бальшавікі». А як увайду, сунімаюцца ды касавурацца на мяне. «Што, думаю, тут за трасца? Што ім так абыходзяць Керанскі, Карнілаў ды бальшавікі?» Чуў я і ў іншых месцах гэтыя словы, а не разумеў нічога: хто каго б’е, за што і праз што. Чуў пра бальшавікоў, што іх Вільгельм падкупіў ды падаслаў у Расію, каб тут беспарадкі ўзнімаць; і вельмі я іх не пахваліў. Адным словам — ва ўсёй гэтай палітыцы я быў як цяля на кірмашы: не ведаў, хто цябе рэзаць збіраецца, а хто гадаваць. Нават калі мяне адзін хворы афіцэрык назваў бальшавіком за тое, што я нібы недалікатна з ім абышоўся, дык я пакрыўдзіўся быў за гэта. А быў у мяне зямляк у Мінску, Максім. У нейкім сапёрным батальёне служыў. Шустры хлапец, разбітны. Прыйшоў ён раз да мяне. Разгаварыліся мы. Пра вёску, пра дом сталі гаварыць, пра гаспадарскія справы ды пра сваіх хатніх.

«Калі ж гэта ўсё скончыцца? — кажу я.— Абрыдла, свет не міл, зусім замучыўся: сам тут гібееш, а жонка там без гаспадара. А што мая дачушка там робіць? Напэўна, кажу, у лялькі гуляе. Нябось і не ведае, які такі яе тата на свеце ёсць — шэсць месяцаў было, як пакінуў, а ўжо вось тры гады з таго часу прайшло. Пабачыць хочацца».

«Пабачыш, кажа. І скора пабачыш, калі захочаш».

«Адкуль ты гэта, кажу, ведаеш?»

«Адкуль ведаю, але ведаю. Вайне зараз капут».

«Кінь ты, кажу. Сасніў хіба — канца вайне яшчэ і не чуваць».

«А ты, пытае, пра бальшавікоў чуў?»

«Чуў, кажу, што яны шкодныя людзі».

«Сам ты, кажа ён, шкодны, хоць ты мой і сябар. Людзі хочуць яго з войска вызваліць ды зямлі даць, а ён — шкодныя».

«Сам, кажу, я з імі не знаёмы,— людзі кажуць, дык і я кажу».

«І людзі твае, кажа, шкодныя. А калі, кажа, не знаёмы, дык пазнаёмся — я сам і ёсць бальшавік. У нас, кажа, і камітэт свой бальшавіцкі ёсць у батальёне, але ніхто пра гэта не ведае. І ты, глядзі, пра гэта нікому ані-ні».

А сам ён тут калі пачаў ды калі пачаў: і хто такія бальшавікі, і адкуль яны ўзяліся, і чаго яны хочуць. Усю іх праграму выклаў мне. Праўда, што я адразу не ўсё ў ёй і зразумеў: вельмі ж усё там было неяк дзіўна і незвычайна. Ну, але пра зямлю і волю я добра-такі ўцяміў.

Спадабалася. Стаў я час-часом і да Максіма наведвацца, а там мне ўжо і добра растлумачылі — што гэта за бальшавікі, хто Керанскі, чаго хоча Карнілаў. Вярнуўшыся, я часамі вазьму дый завяду гутарку аб гэтым з нашымі санітарамі. Некаторыя нічаму не верылі, іншыя і не ведалі, ці то верыць, ці то не, а больш за ўсё спадабалася мая гутарка аднаму — сухажыламу, доўгаму — Сідаравым яго звалі. Асабліва яго цікавіла, як гэта будуць паноў праганяць. Ён хоць зараз гатоў быў гэта пачаць.

Не ведаю, як доўга так яно цягнулася, а толькі раз прыбягае да мяне Максім — рад, узбуджаны.

«Гатова! — кажа.— Наша ўзяло! К чортавай мацеры і Керанскага, і ўсё правіцельства».

Я гэта шапнуў сяму-таму з нашых хлопцаў: «Давай, кажу, гасцінец афіцэрам паднясём». А якраз перад абедам справа была. Вось мы зараз да кашавара: «Так і так — давай афіцэрскую яду хворым салдатам, а афіцэрам з салдацкага катла».

Ён — рад старацца. А крупнік для салдат варылі «дубовы», гэта значыць з ячных абганяных круп. З саланінаю нават, здаецца. Панёс я ў абед гэты крупнік. Адну талерку Зякіну стаўлю, другую яго суседу. Паглядаю адным вокам.

Нюхнуў мой Зякін— зморшчыў нос. Потым сербануў: «З якою гэта ты дрэнню прынёс мне суп сёння?» — пытае.

А я яму:

«З бальшавікамі, гаспадзін палкоўнік».

«Што за хамскія жарты? — крыкнуў ён.— Далажы старшаму ўрачу, што ты такі грубіян».

А я:

«Не клапаціцеся, таварыш: старшы ўрач сам на дубовы крупнік пераходзіць».

Збялеў ён ад злосці, але губы прыкусіў, нічога не сказаў: мусіць, дагадаўся, што тут нешта не так.

Праз гадзіны дзве па калідорах захадзілі, зашапталі трывожна, зашушукалі. Відаць, аб усім даведаліся. А зараз бачу — і адзежу Зякіну панеслі. «Э, брат, пачакай, думаю: я ж яшчэ вінаватым табе застаўся». Пайшоў я, маргнуў Сідараву: «Памажы, брат, птушку злавіць».

Сталі мы каля выхадных дзвярэй, чакаем. Бачым — садзіць наш Зякін. Вусы на сто дваццаць — вось, здэцца, і дасць па мордзе. Аж неяк страшна стала. Але я набраўся смеласці, узяў «пад казырок» ды да яго.

«Вінават, кажу, ваша высокаблагароддзе, дазвольце доўг аддаць,— не хачу вінаватым заставацца». Ды — бац! яму з правай. Ухапіўся ён рукою за шчаку, а другою за кабур мацае.

«Дарэмна турбуецеся, палкоўнік. Рэвальвер — вось ён, у мяне ўжо,— супакоіў яго Сідараў.— Шагам марш! Наперад!» — скамандаваў ён, наставіўшы рэвальвер.

Завялі мы Зякіна ў Максімаў камітэт, а далей...

Тут грымнуў аркестр у галаве нашай калоны і заглушыў словы майго прыяцеля.

Мы выйшлі на плошчу Свабоды.

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан