epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Думкі пра сатыру

Сутнасць сатыры ў тым, каб выстаўляць напаказ, на смех адмоўныя з’явы жыцця. Але адмоўнае можа быць пазнана толькі ў параўнанні з дадатным. Інакш кажучы, сатырык заўсёды мае крытэрыем нейкія пэўныя, рэгламентаваныя ці нерэгламентаваныя, нормы жыцця або ідэалы, пад якія не падыходзіць, якім супярэчыць тая з’ява, якую ён выстаўляе на смех. Ясна, што такія нормы могуць быць толькі ў чалавечай грамадзе. Па-за грамадою іх не бывае. У прыродзе ёсць пэўныя, ад веку існуючыя законы, паводле якіх усялякія змены і адбываюцца. Там можа быць гутарка толькі аб неабходным, аб немінучым, а ў плане пераробкі прыроды — аб выкарыстанні тых жа законаў на патрэбу чалавеку. Гаварыць аб нормах жыцця, аб ідэалах можна толькі ў грамадзе. І сапраўды, даволі хоць збольшага прыгледзецца да жыцця, каб пераканацца, што аб’ектам смеху (асмяяння) ніколі не бываюць з’явы прыроды, а заўсёды людзі з іх учынкамі і характарамі.

Наогул у жыцці гэта робіцца часта несвядома, але сатырык заўсёды свядома бярэ сваім аб’ектам або з’явы грамадскія, або такія з’явы чалавечай псіхікі, якія могуць мець уплыў (шкодны, вядома) на грамадскае жыццё.

Якіх людзей і якія іх учынкі будзе браць сатырык для свае творчасці і як ён іх будзе падаваць,— гэта залежыць ад класавай пазіцыі самога аўтара, ад таго, у якіх адносінах ён знаходзіцца да найбольш дзейных, важных па свайму гістарычнаму значэнню, сіл грамадскасці. У гісторыі сусветнай літаратуры мы маем прыклады сатыры як прагрэсіўнай, так і глыбока кансерватыўнай ці нават рэакцыйнай. Вывадам з вышэйсказанага з’яўляецца, па-першае, тое, што сатырык не можа адарвацца ад грамадскага жыцця таксама, як не можа выскачыць са свае ўласнай скуры; па-другое, паколькі сатырык выстаўляе напаказ, на смех з’явы жыцця, якія не падыходзяць пад пэўныя ідэалагічныя ці этычныя нормы, дык ён павінен мець гэтыя нормы цвёрда ўстаноўленымі. Ясна, што яны могуць і не застацца нязменнымі на працягу ўсяго развіцця яго асобы, але ў кожны даны момант яны павінны быць выразнымі, інакш кажучы, павінна быць выразнай яго пазіцыя ў адносінах да асноўных дзейных сіл, якія вядуць змаганне ў грамадстве.

Для сатырыка ў нашых савецкіх умовах, калі ён хоча, каб яго сатыра была сапраўды прагрэсіўным фактарам, ёсць дзве асноўныя групы аб’ектаў. Першая — гэта тыя рэшткі старой грамадскасці, што існуюць у непрыкрытым выглядзе: кулакі, духавенства, прыватныя гандляры. Гэтыя элементы іграюць адмоўную ролю ў грамадзе, і сатырык, безумоўна, не павінен іх пакідаць без увагі. Аднак з задавальненнем можна адзначыць, што роля гэтых элементаў у нас з кожным годам змяншаецца. Кулака — дзякуючы ўзняццю самасвядомасці беднаты, дзякуючы поспехам палітыкі савецкай улады на вёсцы; духавенства — дзякуючы ўсё большаму ўкараненню ў масы пралетарскай ідэалогіі і вызваленню іх ад рэлігійнага дурману.

Маладое, выхаванае ў савецкіх школах пакаленне не можа служыць апораю рэлігіі, і за 2—3 дзесяткі бліжэйшых гадоў роля рэлігіі ў савецкім грамадстве зменшыцца да мінімуму.

Прыватнік таксама паступова траціць сваё значэнне дзякуючы ўсё большаму развіццю сацыялістычных форм гаспадаркі.

Безумоўна, з паступовым змяншэннем удзельнай вагі гэтых груп грамадства і ўвага сатырыка будзе прыцягвацца імі ўсё ў меншай меры, а пакуль што яны знаходзяцца яшчэ ў цэнтры яго ўвагі.

Другая група рэштак мінулай грамадскасці — гэта тыя элементы, якіх рэвалюцыя толькі на хвіліну збянтэжыла. Схамянуўшыся, яны спрабуюць прыстасавацца да новых форм грамадскасці і выкарыстаць гэтыя формы ў сваіх уласных інтарэсах, якія ідуць уразрэз з інтарэсамі сацыялістычнага будаўніцтва. Пралазяць такія элементы ў савецкія ўстановы, грамадскія, а часамі нават і партыйныя арганізацыі. Панцыры іх службовых аўтарытэтаў часамі настолькі моцныя, што вастрыё сатыры можа іх даставаць да жывога толькі з вялікай цяжкасцю і... небяспекаю. Аднак гэта не павінна спыняць сатырыка, калі ён не хоча ісці па лініі найменшых перашкод і не хоча заплюшчваць вачэй на шкоднасць гэтых элементаў. Бо адмоўнае значэнне такога «элемента» прама прапарцыянальна вышыні яго палажэння ў грамадстве.

Апрача гэтых асноўных дзвюх груп аб’ектаў, ёсць яшчэ пэўная катэгорыя людзей, якія лаяльна або нават прыхільна настроены ў адносінах да савецкага ладу, але якія ў сваім быце абвешаны рознымі перажыткамі, забабонамі старога ладу, з’яўляюцца інертным, кансерватыўным элементам і вісяць цяжкімі гірамі на нагах тых, хто імкнецца ісці наперад. Сатырыку, безумоўна, грэх было б пакінуць іх без увагі.

Гэта ўсё гаварылася пра змест сатыры ў нашых савецкіх умовах. Цяпер не шкодзіць сказаць пра форму сатыры ў нашых савецкіх беларускіх умовах. Задачы формы могуць быць намечаны толькі тады, калі мы ясна ўявім сабе тую функцыю, якую выконвае форма мастацкага твора. А функцыя гэта, на маю думку, вось якая.

У мяне ёсць пэўныя думкі і пачуцці. Я хачу перадаць гэты змест мае псіхікі другому чалавеку, другім людзям. А дзеля гэтага я павінен прыдаць гэтаму зместу адпаведную форму. Інакш кажучы, форма з’яўляецца спосабам выклікаць у псіхіцы іншых людзей працэсы, аналагічныя тым, якія адбываюцца ў маёй псіхіцы. Але псіхіка «іншых людзей» далёка неаднастайная: яна розніцца ў залежнасці ад класавай прыналежнасці, культурнага ўзроўню і шэрагу іншых прычын. Дзеля гэтага і форма мастацкага твора будзе розная ў залежнасці ад таго, на якую групу чытача пісьменнік арыентуецца. А ў сваёй творчасці кожны пісьменнік іменна арыентуецца на пэўную групу чытачоў, хоць найчасцей гэта робіцца падсвядома. Дасканаласць формы вызначаецца здольнасцю мастака, характар яе — галоўным чынам асаблівасцямі псіхікі чытача пэўнай катэгорыі.

На якога ж чытача ў асноўным павінен арыентавацца савецкі сатырык? Задача сатыры, па-мойму,— выстаўляць адмоўныя з’явы жыцця на суд, на асмяянне шырокіх мас рабочых і сялян. Адгэтуль, як неабходнасць, вынікаюць некаторыя асаблівасці формы сатырычных твораў, у першую чаргу стылю, які павінен імкнуцца да адноснай прастаты. Мова павінна набліжацца да народнай як сваім слоўным складам, так і фразеалогіяй. Сінтаксічная пабудова сказа павінна вызначацца выразнасцю. Калі лірык і можа часамі выліваць у радкі чуць прыкметныя эмоцыі, то для сатырыка1 гэта рэч немагчымая. Сатырычны твор створыць належны эфект толькі тады, калі аб’ект асмяяння будзе абмалёван з усёю выразнасцю. Аднак прастату стылю я ні ў якім разе не разумею як спрашчэнне, г. зн. зніжэнне яго мастацкай вартасці. Я мыслю якраз наадварот.

Просты чалавек не прывык мець справу з абстрактнымі паняццямі, і да яго псіхікі лепшы доступ будуць мець прадстаўленні, вобразы. З тае ж прычыны вобразы павінны быць канкрэтныя, рэчавыя, супастаўляцца павінны не абстрактныя паняцці, а рэчы і з’явы.

Матэрыял для вобразаў належыць браць знаёмы для чытача. Багатаю крыніцаю для гэтага з’яўляецца прырода і бытавая абстаноўка, у якой жывуць працоўныя масы.

З усяго гэтага, вядома, ні ў якім разе не вынікае, што з такой устаноўкай мастацка напісаны твор не задаволіць больш культурнага чытача. Але наадварот заўсёды можа быць: нават высокамастацкі твор, дзякуючы асаблівасці свайго афармлення, можа высока цаніцца інтэлігентным чытачом і застацца незразумелым і недаступным для чытача масавага.

Што да сатырычных жанраў, дык яны выразна дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі. Першая катэгорыя — жанры тымчасовыя: сатырычны фельетон (прозаю і вершам), жарт. Яны з’яўляюцца выключнай спажывай сатырычных часопісаў і вельмі ўлюбёнай стравай газет. Жанры гэтыя недаўгавечныя: жывуць часамі не больш аднаго дня, але чытаюцца з ахвотаю і робяць вялікі ўплыў.

Другая катэгорыя — гэта жанры, якія прэтэндуюць на большую сталасць і даўгавечнасць. Гэта часта тыя ж самыя разнастайныя эпічныя, драматычныя і лірычныя жанры, ад паэмы і рамана да навелы і эпіграмы, толькі ў сатырычнай афарбоўцы. Найчасцей жа практыкуецца сатыра ў цесным сэнсе слова (верш-сатыра), сатырычнае апавяданне, байка. Розніцу паміж гэтымі дзвюма катэгорыямі сатырычных жанраў некаторыя бачаць у тэматыцы і азначаюць першую катэгорыю, як літаратуру надзённую, «на злобу дня».

Але, на маю думку, розніца тут не столькі ў тэме, колькі ў яе афармленні. На адну і тую ж самую тэму можна напісаць газетны фельетон і сатырычны раман. Гэта другая катэгорыя жанраў адрозніваецца большай тыпізацыяй з’яў, шырынёю абагульненняў і глыбінёю псіхалагічнага аналізу.

У фельетоне з’ява трактуецца як прыватны выпадак, героі ледзь намячаюцца і вызначаюцца схематычнасцю.

Якія ж жанры варта культываваць, а якія лічыць «устарэлымі»? Тут павінен быць адзін нязменны крытэрый: наколькі той ці іншы жанр можа выконваць свой службовы абавязак — перадаваць змест мае псіхікі чытачу, мае адносіны да тае ці іншай грамадскай з’явы. Калі ён выконвае сваю функцыю дасканала, я ахвотна гатоў яго культываваць. Калі ён гэта рабіць няздольны, я магу яго або зусім адкінуць, або ўнесці адпаведныя змены. Некаторыя «страшныя рэфарматары» спрабавалі, напрыклад, давесці непатрэбнасць байкі як жанру ўстарэлага, але практыка паказвае, што байка прыхільна сустракаецца чытачом (і слухачом) і стварае належны эфект. А пакуль яна здольна на такую службу, да таго часу яна можа жыць і развівацца, нягледзячы на ўсе выдумкі «страшных рэфарматараў».

Аб устарэласці таго ці іншага жанру ў беларускіх умовах нельга гаварыць часта яшчэ і таму, што шмат якія з літаратурных жанраў у нас яшчэ зусім не практыкаваліся, і кожнае мэтазгоднае ўвядзенне такога жанру з’яўляецца ўкладам у скарбніцу беларускай літаратуры.

Але адгэтуль яшчэ не вынікае, што не павінна быць імкнення да стварэння новых жанраў. Наадварот,— гонар і слава таму пісьменніку, які здолее стварыць новы літаратурны жанр. Гэта будзе каштоўным укладам не толькі ў беларускую літаратуру, але і ў сусветную.

1928

1 Процістаўленне лірыка сатырыку можа быць толькі па пераважнасці лірычнага ці сатырычнага элемента. Вельмі часта абодва гэтыя элементы зліты ў адным творы. Узорам такога сінтэзу могуць служыць творы Г. Гейнэ.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан