epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Два каханні

Жыў на вёсцы кулачок,

А ў яго — каровы.

У саўгасе ж быў бычок —

Завадскі, здаровы!

 

Яшчэ ёсць у кулачка

Шмат чаго багата;

У яго была й дачка —

Гладкая, Агата.

 

Закахаўся у дачку

Кіраўнік саўгасу.

А чаго ж глядзець бычку?

Ён не траціў часу.

 

Покуль кляўся кіраўнік

У каханні шчырым,

Дык кароў кулацкіх бык

Пакахаў з чатыры.

 

Пахаджае па дварэ

Маладзец рагаты,

З кулака ён не бярэ

Аніякай платы.

 

Задаволена раве

Рызыкант-асілак,—

У рагатай галаве

Не шукаць памылак.

 

Хай працуе ён здароў,

Хоць у дзесяць столак,

Хай кахае больш кароў

Ды прыгожых цёлак.

 

Вось наконт кіраўніка

Погляд болей строгі:

Ён — ці сябар кулака,

Ці мо бык бязрогі,

 

Што кулацкі цягне воз

Дый не разумее.

Хай накруцяць яму хвост,

Хто хруціць умее!

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 128-129
Крыніца: скан