epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Два парады

І. Парад крыжаносцаў
ІІ. Парад крыжоў


І. Парад крыжаносцаў

За Брусель і за Парыж,

За Белград і за Афіны,

За пажары, за руіны

Начапіў ім Гітлер крыж.

(Крыж жалезны — ганьбы знак,

Чорны, як душа фашыста.)

Цешыў ён сваіх сабак,

Абяцаў ім урачыста,

Што за лета, да зімы,

Будзем знішчаны і мы.

З крыкам — гох! пад гукі маршаў

Рушылі яны на Ўсход,

Стаў зямлю Радзімы нашай

Дратаваць фашысцкі бот.

 

ІІ. Парад крыжоў

Гневам, помстаю гарачай

Іх сустрэў герой-народ:

Смерцю чорнаю сабачай

Тут палёг фашысцкі зброд.

За пакуты, кроў і слёзы,

За разбой і грабяжы

Ім драўляныя, з бярозы,

Забяспечаны крыжы.

Хай ім сыпле Гітлер ласкі,

Хай ім Гебельс бае казкі

Хоць у сотню языкоў —

Мы прынялі іх па-наскі:

Засталіся толькі каскі

Ад арыйскіх чарапкоў.

 

1942


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 264
Крыніца: скан