epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Дзядзька Хвядос і малакасос

— Што? Зноў на сход? Ды зноў даклад?

Вучыць старых ты заўжды рад,

А сам яшчэ малакасос,—

Сказаў мне раз Хвядос.—

Цяпер з старых дык проста здзек...

Пражыў мой дзед і бацька век,

І я дзесятак не адзін

Жыву без вашых тых навін.

— Няпраўда гэта. Дзядзька, мусіць,

Ці памыліўся, ці мо хлусіць,

Не бачыць, што ў яго пад носам,—

Павёў я гутарку з Хвядосам.—

Твайму дзядулю-селяніну

Не раз пан сек лазою спіну,

А бацьку плёткай стражнік, прыстаў,—

Вазьмі ж цяпер сваю ім выстаў.

Жывеш ты ў хаце светлай, чыстай,

А варт яна рублёў мо трыста,

І ты смяешся з дзеда-дурня,

Што ён няхайна жыў у курнай.

Дык вось разжуй цяпер ты, дзядзька:

Каб заўжды жыў так сын, як бацька,

А бацька жыў-быў так, як дзед,

Дык і дагэтуль яшчэ свет

Такі б быў самы акурат,

Як тысяч сто гадоў назад:

Не ўмелі б хат мы будаваць,

Не ўмелі б быдла гадаваць

І гатаваць яды б не ўмелі,

Звяракі нас, мы іх бы елі,

Адзін другога — хто каго.

А то глядзі вунь, да чаго

Дайшоў сучасны чалавек.

Аж дзіўна робіцца ўжо нек:

Не мае роўных ён нідзе,

Ні пад вадой, ні на вадзе,

Ў паветры лётае так хвацка,

Бо разумнейшы сын, чым бацька.

Падумаў тут Хвядос хвіліну,

Памармытаў, пачухаў спіну,

Пасля сказаў: — Малакасос,

Але падцёр старому нос.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 28-29
Крыніца: скан