epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Дзяльба сенакосу (З натуры)

Аж дрыжыць сяло ад крыку —

Гэта дзеляць сенакос,

Дык сабраўся сход вялікі,—

Дай і я ўваткну свой нос.

Можа, й мне дадуць кусочак,

Хай хоць будзе асака,

Бо кароўка ж сена хоча,

Сам хачу я малака.

Падыходжу, чую — сварка,

Ўсё мацнеюць галасы.

Гэта Ясь грызецца з Маркам,—

Вось паскусваюць насы.

— Каб цябе ўзяла вяроўка!

Ну, каму ж ты аддасі?

Адзін конік ды кароўка...

Хіба сам мо паясі?

— Дык табе мо толькі трэба,

Што ў цябе кароў штук пяць?

Я за сена куплю хлеба,

У цябе ж буду купляць.

— Будзеш, мусіць, піскулянтам?

— Спекулянт, ды не кулак,—

Умяшаўся і Сцяпан там.

Ён, бач, Марку быў сваяк.

Вось забрала і Вінцэся —

Ён камечыць кулакі;

Так, як пеўні — ну, фацэся!

Падарваў я з іх бакі:

З кулакамі лезуць к носу,

Што ні слова, дык і «маць»,—

Ўжо не трэба й сенакосу —

Дай пярэбрыну зламаць.

Стала ўсім тут не да смеху

Ў бойку лезе паўсяла,

Ясь вось Марку як заехаў,

Аж «смятана» пацякла,

А Сцяпан тут зараз Ясю

Размахнуўся ды — бабах!

Гэтаксама нос расквасіў,

Сам дастаўшы па зубах.

Я са сходу жвава ходу,

Не схацеў і малака:

Лепш ні мёду, ні смуроду,

Ні па носе кулака.

 

1923


1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 90-91
Крыніца: скан