epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Дзяніс Сырамаха

У той час, калі малы Дзяніс Сырамаха няньчыў сваіх яшчэ меншых братоў, выціраючы насы падоламі зрэбных сарочак і кормячы поснай заціркай самага меншага з іх (маці памерла, калі яму было паўгода), Дзянісаў бацька загадзя ламаў галаву над цяжкай геаметрычнай задачай: як гэта будзе падзяліць адну дзесяціну зямлі на чатырох сыноў, каб усім хапіла. Задача не рашалася. І ўдоўж нарэжаш — вузка выходзіць, і ўпоперак — коратка. Як ні круці, а больш як квадратны лапаць зямлі не прыходзіцца на кожнага сына. А сынам і малым ужо цесна на адной дзесяціне, і не так яшчэ цесна, як голадна. Прыйшлося ісці прасіць ласкі ў пана Нарэйкі ды ў папа Вячоркі. А яны людзі «жаласлівыя», пашкадавалі Дзянісавага бацьку:

— На табе, Рыгор, зямелькі. Працуй здароў. Мы шмат з цябе і не возьмем — два снопікі з трох.

Нічога не зробіш, пакуль не рашыў задачы, прыйшлося згадзіцца. Але ў пана і папа горлы шырокія,— і двума снапамі іх ніяк не заткнуць: пры дзяльбе яны яшчэ і з трэцяга, Рыгоравага, стараюцца ўварваць жменю-другую. А яшчэ ж цару трэба, богу таксама трэба. Гляне Рыгор — з трох нажатых ім снапоў засталася яму ўсяго толькі невялічкая жменька. Падрос крыху Дзяніс. Стаў браць яго бацька сабе на падмогу. Але і ўдвух ніяк не могуць заткнуць горла сваім «дабрадзеям».

А тым часам і гарматы загрукаталі, і паклікаў «цар-бацюшка» васемнаццацігадовага Дзяніса, і благаславіў яго поп Вячорка.

— Ідзі, Дзяніс, абараняй родную зямельку ад немца-басурмана.

Дзянісаў дзед, мікалаеўскі салдат, дваццаць год служыў «цару-бацюшку» за адну дзесяціну, а колькі прыйдзецца біцца за адну чвэрць дзесяціны, якая прыпадала на Дзянісаву долю, Дзяніс не ведаў — можа, год, а мо таксама дваццаць, а мо і зусім давядзецца палажыць сваю галаву.

Але прыйшоў Кастрычнік, і не стала ні пана Нарэйкі, ні «цара-бацюшкі». І пайшоў Дзяніс Сырамаха з шашкай у руках рашаць тую самую геаметрычную задачу, над якою ламаў галаву яго бацька. Рашаючы гэту задачу, вычэрчваў ён клінком розныя геаметрычныя фігуры на чарапах дзянікінцаў, мамантаўцаў, урангелеўцаў, пілсудчыкаў. Пад Пачаевам ён амаль пяць кіламетраў поўз з сваімі сябрамі — Ліхоткіным і Кастрыкіным,— каб падкрасціся да польскага паста. І не паспелі паны ахнуць, як адзін з іх ляжаў мёртвым, а другі, звязаны конскімі папругамі, паслухмяна ішоў у штаб пад надзейнай вартай. За праяўлены гераізм у радах Чырвонай Арміі Дзяніс Сырамаха мае ганаровую грамату ад Рэўваенсавета 1-й Коннай арміі.

Як разведчык першага разраду артдывізіёна ён разам з слаўнай Чангарскай дывізіяй прамераў неабсяжныя прасторы Савецкай краіны — ад Арла да Баку, ад Баку да Ноўгарада-Валынскага, ад Ноўгарада-Валынскага да Перакопа і далей да Севастопаля. І ўбачыў Дзяніс, што зямелькі шмат, што хопіць яе ўсім сынам Савецкай краіны, колькі б іх ні было, і што зусім не трэба ламаць галаву, як яе падзяліць. Таму Дзяніс пачаў гаспадарыць так спакойна і ўпэўнена.

Калі ў 1930 годзе ў вёсцы Дварэц арганізаваўся калгас, яго выбралі старшынёй праўлення.

Шосты год Сырамаха — нязменны старшыня гэтага калгаса. Заслугамі сваімі хваліцца ён не любіць, нават ледзь не забыўся ў гутарцы пра тую «дробязь», што за час свайго старшынства прэміраваны быў адзінаццаць разоў, у тым ліку экскурсіяй у Азова-Чарнаморскую вобласць, якую ён калісьці памагаў вызваляць ад ворага. За ўсе шэсць год ні адзін калгаснік не выйшаў з калгаса імя 13 гадавіны Кастрычніка, якім кіруе Сырамаха. І гаспадарка ў яго такая, якая пану Нарэйку і не снілася: 87 коней, сытых і дагледжаных; малочная ферма — 107 кароў; свіная ферма — 111 штук свіней; пчол — 24 вуллі; вялікі малады сад, які ў 1935 годзе даў прыбытку 4300 рублёў. Калгаснікам у гэтым годзе калгас даў 67 парасят, замест намечаных па плану 46.

Ураджай жыта ў сярэднім па калгасе — 15,2 цэнтнера. Для Тураўскага раёна гэта не так ужо мала. А лепшы памочнік т. Сырамахі, брыгадзір першай брыгады Субат Цімох, дабіўся на ўчастку сваёй брыгады 18,3 цэнтнера з гектара.

Дзяніс Сырамаха прыехаў у Мінск на Усебеларускую нараду ўдарнікаў ураджайнасці ў ліку іншых васьмісот дэлегатаў. Яны прыехалі з розных куткоў Савецкай Беларусі, каб разам з кіраўнікамі партыі і ўрада абмеркаваць, як найлепш змагацца за 7—8 мільярдаў пудоў збожжа для Савецкага Саюза. Яны розныя па ўзросту і з выгляду, але імкненне ў іх адно. Доказам гэтаму з’яўляецца дружнае і магутнае «ўра» ў гонар партыі.

Шырокія далоні Дзяніса Сырамахі шчыльна прылягаюць адна да другой, і сусед адхіляе галаву, баючыся за свае барабанныя перапонкі. Няхай паспрабуе які-небудзь Нарэйка паткнуцца па «свае» два снапы!

1936


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан