epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Дзед і Баба

(Байка)

Ехаў Дзедка на кірмаш,

З ім на возе — Баба.

Конік з выгляду — дарма,

Ды цягнуў ён слаба:

 

Меў не болей двух гадоў,

Як суседзі кажуць.

Баба ж тая — сем пудоў,

Сама меней, важыць.

 

Пад узгорак або ў гразь —

Конь насілу возьме.

Стала Баба памагаць...

Седзячы на возе.

 

Што ж, каню другі гадок.

Дык яна — за білы

Ды нагамі ў перадок

Пхне, як мае сілы.

 

— Кінь, дурная, бо зганю! —

Дзед тут Бабе кажа.—

Ты паможаш так каню,

Як хваробе кашаль.

 

— Ах ты, ёлупень стары! —

Баба Дзеда лае.—

Стой жа тут, хоць ты згары!

Мне бяда малая.

 

Потым — гоп яна з калёс,

Села ля дарогі,

А каня як чорт панёс,—

Дзе ўзяліся й ногі!

 

Ва ўстановах часам ёсць

Вось такія ж «бабы»:

Здэцца, й робяць яны штось,

Але справы — слабы.

 

Ды такая не ўцячэ!

Скажам ёй нарэшце:

— Мо без вас было б лягчэй?

Паспрабуйце злезці!

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 169-170
Крыніца: скан