epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Дзівак-наватар

Нямала ёсць яшчэ натур

Дзівацкіх паміж нас.

Жыве адзін такі Артур

(Папросту — Апанас).

 

Наватар, што ні гавары!

Мастак па-свойму гнуць:

Усё нагамі дагары

Гатоў перавярнуць.

 

Што да яго стварыў народ,

Яму не пад нутро:

На ўсё ён толькі крывіць рот

І буркае: «Старо».

 

Ці ёсць з таго карысць, ці не,

Не здольны думаць ён,

А рад усякай навіне

Аддаць зямны паклон.

 

І так ён прагне навіны,

Ў такі ўвайшоў азарт,

Што нават стаў насіць штаны

Шырынкаю назад.

 

Усёй ваколіцы наўздзіў

(Я праўду гавару)

Ён нават сад перасадзіў

Карэннямі ўгару.

 

Тут людзі ахнулі: — Ого!

Вось гэта навіна! —

Пасля спыталіся ў яго:

— А дзе ж садавіна?

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 288-289
Крыніца: скан