epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Дзве кумы

— Ну як жа, кумка, маецца? —

Кума ў кумы пытаецца.

— І не пытайся лепш, кума:

Цяпер жа, ведаеш сама,

Што дзень пражыў, то й дзякуй богу;

Не міла, кумка, нек нічога,

Нічога нек і не на ўме,—

Адказвае кума куме.

— Канчына свету, кажуць, блізка:

Вось, кажуць (чула ж, можа, й ты?),—

Радзіла чорта камуністка;

Ёсць рогі, хвост і капыты...

— Дык як не чуць? Я чула гэта,

Расказвала мне цётка Тэкля;

Казала, што за гэта лета

Чарцей было б тут, як у пекле,

Але таго бог не дапусціць —

Ён кару на людзей напусціць,

Тады народ увесь пагіне,

Мо толькі аднаго пакіне

На свеце бог ці двух, як Ноя...

Каб, здэцца, кумка, нас з табою.

— Хадзем маліцца хіба мы,

Каб бог грахі нам адпусціў,

Каб кары к нам не дапусціў,—

Сказалі разам дзве кумы.

Пайшлі ў царкву маліцца богу,

Таўкуць ілбамі аб падлогу,

Аж лоб трашчыць — лупцуюць цёткі,

Баяцца згінуць без пары.

А гэтым часам плеткары

Майструюць новыя ўжо плёткі —

Айцу «святому» заработкі.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 83-84
Крыніца: скан