epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Эпіграмы

"Спыталіся ў мяне аднойчы юнакі..."
"— Чаго так гучна б’юць літаўры?.."
На вульгарызатара
Інтэрв'ю Якуба Коласа
«Тоўстаму» пісьменніку
На ананіма
На празаіка
Крэда халтуршчыка ў паэзіі
«Старой» знаёмай у міні-спадніцы
Да выхаду ў свет «Анталогіі беларускай паэзіі»
Адказ на «Роздум» Максіма Танка
  І
  ІІ


"Спыталіся ў мяне аднойчы юнакі..."

Спыталіся ў мяне аднойчы юнакі:

— Нашто людзям лаўровыя вянкі?

Я адказаў з сумленнем чыстым:

— Патрэбы тут бываюць, кажу, дзве:

Адным — насіць на галаве,

Другім жа — крупнік гатаваць

З лаўровым лістам.

 

"— Чаго так гучна б’юць літаўры?.."

— Чаго так гучна б’юць літаўры?

Чын лоб увенчваюць лаўры?

Хто там такі?

— Ці ж ты сляпы?

Літаратурныя слупы.

— Каб прыспяшыць уздым культуры,

Народ на лаўры не скупы:

Тут дзе-нідзе літаратурны,

А рэшта ўсё... сапраўдныя слупы.

 

На вульгарызатара

Класікай харчуецца,

Толькі не разжоўвае,—

І адразу чуецца

Нешта ў ім маржовае.

 

Інтэрв'ю Якуба Коласа

Быў я ў Парыжы на кангрэсе,

То ў Загібельцы, браце, лепш:

Грыбоў няма ў Булонскім лесе,

А ў Сене — хоць бы адзін лешч.

 

«Тоўстаму» пісьменніку

Не надзімайся так, пастой:

Не ўсякі тоўсты — Леў Талстой.

 

На ананіма

Спыталіся ў яго: — Ты ведаеш Іуду?

— Якога? Гэтага паскуду?

Іскарыёта, што прадаў Хрыста?

Гандляр паршывы! Свалата!

Ды я б яго павесіць загадаў:

Такі тавар! І танна так прадаў!

 

На празаіка

Празаік раманам хваліўся

Старонак на тысячу трыста,

Раман жа з паліцы зваліўся

І забіў раманіста.

 

Крэда халтуршчыка ў паэзіі

Дзеля пары «цалкашоў»

Я нічым не грэбую:

Я ў паэзію пайшоў

За сваёй патрэбаю.

 

«Старой» знаёмай у міні-спадніцы

Што з таго, што ты, Марыя,

Ногі выставіш старыя?

Што з тых ног за прыгажосць?

І ў мяне такія ёсць.

 

Да выхаду ў свет «Анталогіі беларускай паэзіі»

Прырост на ферме Петруся —

Ад Муравейкі да Лася.

Расце, буяе пагалоўе...

Няхай гукае на здароўе,

Патрэбен толькі плот жалезны,

Аслы каб часам не залезлі.

 

Адказ на «Роздум» Максіма Танка

 

Прывык да дыэты, да цёплых галёш,

Да лазні з бярозавым венікам,

Пісаць пачынаю ўсё горш я і горш —

Пара выбіраць акадэмікам.

Максім Танк

 

 

І

Хлопец — проста як кроў з малаком,

А прыкінуўся ж такім бедаком,—

І цяжка дышацца,

І дрэнна пішацца,

Ну так адрахлеў не на жарты,

Што ў акадэмікі й варты.

Скажам яму без палемікі:

Рана яшчэ ў акадэмікі.

 

ІІ

Хвалююць паэта праблемы нязвычныя,

На твары — скептычныя рысы...

Не плюй на лысіны акадэмічныя —

Сам будзеш лысы.

 

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 412-414
Крыніца: скан