epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Філосаф і рака

(Байка)

Блукаў Філосаф па зямлі.

Чаго блукаў?

Мо праўды ён шукаў

І сцежак тых, што да яе вялі,

Мо вывучаў складанасць тых падзей,

Што выклікаюць у людзей

То радасць, то трывогі.

А толькі збіўся ён з дарогі,

Пайшоў да вёскі нацянькі

І апынуўся ля ракі.

Вось вёска ўся на відавоку,

Сям-там дымяцца каміны,

І смачны пах даносіцца здалёку:

Няйначай як пякуць бліны,

А можа, нават і мачанку

(Філосаф наш ад ранку

Не каштаваў ніякай стравы).

Ды вось бяда —

Наперадзе вада

І не відаць ніякай пераправы.

«Не будзем смутку паддавацца,—

Сказаў Філосаф наш, пачаўшы раздзявацца.—

Мне толькі варта зняць штаны,

І я паспею на бліны».

Аднак, раздзеўшыся, пачаў ён сумнявацца:

Ці то ў штанах, ці без штаноў —

Філосаф ёсць філосаф:

Паразважаць заўжды гатоў

Аб чалавечых лёсах.

«Які ж мяне самога лёс чакае?

Хоць розум мой глыбінь шукае,

Але ж вада тут чорная такая...

Таму адзначым: гэты глыб

Не для філосафаў — для рыб».

І тут, у гэтыя хвіліны

Сумненняў і разваг,

Пачуўся раптам роў асліны:

Асёл, прыспешыўшы хаду,

Імчаўся з берага ў ваду

(Відаць, усмаг).

Напіўшыся, стаяў, крапіў хвастом бакі

Аж на сярэдзіне ракі

(Аслу было тут па калені).

Філосаф зноў у задуменні:

«Чаму ж мы дна ў рацэ не бачым?

Даследуем і растлумачым:

Таму мы ў ёй не бачым дна,

Што ў вадаёме муць адна».

 

Так іншы твор са зместам цьмяным

Мы лічым ледзь не акіянам.

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 283-284
Крыніца: скан