epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Фрыцавы трафеі

«На Маскву табе маршрут»,—

Інфармуюць Фрыца.

Фрыц сказаў бадзёра: «Гут!

Можна пажывіцца».

 

Сала, масла, цукар, мёд

Гітлераўца вабяць:

Фрыц — плячысты на жывот

І мастак паграбіць.

 

Майстар «арганізаваць»

Вопратку, абутак;

А Маскву збіраўся ўзяць

Ён за двое сутак.

 

Роўнай стужкаю бяжыць

На Маскву дарога.

Па абочынах ляжыць

Мёртвых фрыцаў многа.

 

Шар парожняй галавы

Фрыц схіляе ніжай:

Недалёка да Масквы,

А да смерці бліжай.

 

Фрыц штодзень чакаў бяды

І сядзеў у шчэлі,

А фашысцкія рады

Больш і больш радзелі.

 

Чалавек мо дваццаць пяць

Засталося з роты...

Фрыц паспеў, аднак, прыдбаць

Ялавыя боты.

 

Фрыц зрабіў усё, што мог,

І сягоння рана

Сілай здзёр ён боты з ног

На сяле ў Івана.

 

Ціха крадзецца Іван

Да фашыста-ката;

У руцэ яго наган,

У другой — граната.

 

Захапіў паветра — ўзмах,

Гром і бліскавіца!..

І застыў на момант жах

У вачах у Фрыца.

 

Колаў стук сярод палёў,

Слуп рухомы дыму:

Едзе Фрыц з вайны дамоў,

Едзе на радзіму.

 

Ён зрабіў усё, што мог:

Боты тут, з сабою.

Не хапае толькі ног:

Ногі... пад Масквою.

 

1941


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 260-262
Крыніца: скан