epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ганарысты Парсюк

Байка

Бывае, праўда вочы коле...

Раз гнаў пастух свіней у поле.

Адзін вялізарны Парсюк,

Які абегаў вёску ўсю,

За раніцу абшнырыў завуголле,

Цяпер такі меў выгляд важны,

Што носа не дастаць і сажнем —

Вышэй за ўсіх ён сам сябе лічыў,

А што ў самога на лычы,

Не бачыў гэтага, аднак.

І вось адзін тут Падсвінак,

Які заўважыў бруд раней,

І кажа: — Дзядзечка, твой лыч у брудзе!

Нязграбна гэта й між свіней,

А што ж, калі заўважаць людзі?

Парсюк наставіў хіб, Парсюк раз’юшан:

— Цераз цябе я чырванець прымушан!

Такое мне сказаць асмеляцца нямногія,

Ды гэта ж — дэмагогія! —

Парсюк наш лаецца, не дараваць клянецца:

— І месца мокрага,— крычыць,— не застанецца!

Ты мой свінячы гонар закрануў! —

І так ён Падсвінака грызянуў,

Што той за сажняў пяць адскочыў.

Парсюк не надта быў ахвочы

Глядзецца праўдзе ў вочы.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 174
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com