epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ганульчына гора

Вось нікому ні такому,

Як нашай Ганульцы,—

Нават скора будзе сорам

Ёй прайсці па вуліцы:

 

Мужык — чысты камуністы,

Сын — у камсамольцах;

Трэба сесці за стол есці —

Богу не памоляцца.

 

Багоў з хаты, як вар’яты,

Выкінулі ў смецце,—

Покут голы, невясёлы,

Як у той павеці.

 

І Ганульцы ўжо, зязюльцы,

Памаліцца недзе,

Як патрэба ёсць да неба,

Дык бяжы к суседзям.

 

Дык нікому ж ні такому,

Як нашай Ганульцы,—

Вось жа гора! Кажа, сорам

Ёй прайсці па вуліцы:

 

Так і плача, небарача,

Што багі адменены:

«Матка боска! Зараз вёска

Пойдзе ўся за Леніным».

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 21
Крыніца: скан