epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Гарэлік і яго жонка

Калі вы любіце ружовае,

калі вы любіце белае,

калі вы любіце круглае, мяккае, салодкае, цёплае, то вы бярэце гэтакую жонку, як у Гарэліка.

Ох, што ў яго за жонка!

Гэта не жонка, а... Я ўжо й сам не ведаю, што гэта такое.

Вочкі ў яе блішчаць, як мацыцовыя гузікі; губкі, дык гэта, я вам скажу,— монпасье. І ўся яна вабіць, цягне да сябе, як бакалейная крамка.

Няма ў Гарэліка нічога мілейшага на свеце, як яго крамка ды яго жонка. Толькі абедзве яны наадварот: крамка з кожным годам пусцее, а жонка з кожным днём паўнее.

Чаму паўнее? Чаго паўнее?

Калі вы чалавек недагадлівы, то вы яшчэ не дагадаліся, то вам прыйдзецца пачакаць.

А жонка ходзіць, а жонку нудзіць, а жонцы хочацца.

Чаго ёй хочацца?

Калі вы чалавек недагадлівы, то вы яшчэ не дагадаліся. Калі вы чалавек недагадлівы, то... ёй хочацца селядца, ёй хочацца кіслага, ёй хочацца вострага, ёй хочацца салёнага.

Ох, чаго ёй хочацца! Ей хочацца нават таго, чаго ў краме Гарэліка няма.

А чаму ёй хочацца вострага?

Калі вы чалавек дагадлівы...

Кожны дзень жонка Гарэліка то шые кашулькі, то кроіць шапачкі; то шые шапачкі, то рыхтуе пялёначкі. Кожны дзень яна баіцца, каб не прыйшлося памерці, як прыйдзе тая пара.

Ох, як не хочацца яшчэ паміраць! Ой, як гэта страшна. Ёй ні разу ў жыцці яшчэ не даводзілася паміраць.

Гарэлік кожны дзень ёй гаворыць:

— Мілая, ты мне даражэй за ўсё на свеце. Ты мне дорага, як патэнт, але тваё хныканне праціўна мне, як фінаддзел. Ой гэты фінаддзел! Ён з мяне вантробы выцягне! Ён мне краму зачыніць!

Праз гадзіну Гарэлік супакойваецца. Ён задуменна глядзіць недзе далёка ўперад, як бы прыслухоўваючыся да таго, што робіцца ў яго ўсярэдзіне, і нешта паціху мармыча, нібы ката пяе.

Потым яны лічаць. Жонка лічыць, калі ёй прыйдзецца паміраць, а Гарэлік лічыць, калі яму прыйдзецца заплаціць паўтара рубля за фурманку. Жонка кажа — пятнаццатага, а Гарэлік кажа — трынаццатага.

Тагды спрачаюцца.

Ох, як яны спрачаюцца!

— Гэта было ў той дзень,— кажа Гарэлік,— калі мне нейкі паскуда ўпёр за дзвесце грам цукру мікалаеўскую залатоўку.

— Не,— кажа жонка,— гэта было якраз у пятніцу перад суботаю. Я помню гэта ўсё роўна як на далоні.

— Я ўжо не ведаю, што ты помніш,— кажа Гарэлік.— Ты, мусіць, помніш адно, а я другое.

— Я помню тое, што павінна помніць кожная жанчына, а ты, можа, што іншае — я ж не ведаю,— адказвае жонка.

— Ты помніш? Дык няўжо ж людзі брэшуць, што ў бабы волас доўгі, а памяць кароткая?

— А ў цябе што доўгае? У цябе й волас кароткі, і памяць кароткая, і ўсё тваё кароткае, і сам ты кароткі...

Што б вы сказалі тут на месцы Гарэліка?

Ён таксама маўчаў.

А жонка, каб завяршыць сваю перамогу, казала далей:

— Але слухай — чаго нам спрачацца. Я вылічыла пятнаццатага, то я сабе буду раджаць пятнаццатага, ты вылічыў трынаццатага, ну, то ты сабе раджай трынаццатага.

І чаго ёй сёння так жывот баліць?

Ох, як баліць жывот! Кажуць, калі раджаеш, дык тагды таксама баліць жывот. Значыцца, яна раджае.

— Ой! Ой! Ой, вязі мяне!.. Ой, вязі, бо я не вытрымаю! Вязі, бо я, здэцца, пачынаю паміраць!

Гарэлік спужаўся, Гарэлік павёз.

Прывёз ён. Жонку ў пакой бяруць, а Гарэліка ў калідоры пакідаюць.

— Я таксама хачу з ёю.

— Вы таксама раджаць? Запрасіце акушэрку да хаты — вам тут не можна.

Якое яна мае права смяяцца? Гарэлік грошы заплаціў, а яна кпіны строіць.

Ён так зазлаваў, так зазлаваў, што аж не ведаў, што яму рабіць, і стаяў як мыла з’еўшы. Пасля ён дагадаўся — узяў ды пайшоў дадому. Хацеў са злосці плюнуць на адыходак, але на сцяне было напісана: «Пляваць на падлогу забараняецца».

І што ж вы сабе думалі? Толькі што зачынілі крамы, прыяжджае Гарэлікава жонка дадому, уваходзіць у хату ды плача.

А слёзы па твары так бягуць, так бягуць. Вы ведаеце, як яны бягуць і як гэта шкода? Не, вы гэтага не ведаеце. Вы бачылі, як Гарэлік вязе вялікую бутлю газы, як бутля адаткнецца і па ёй бягуць светлыя рагі? Вось тагды сэрца Гарэліка таксама сціскаецца ад жалю, і ён таксама не можа глядзець на гэтыя светлыя рагі.

Вы мо думалі, што жонка Гарэліка прыехала з дзіцем? Не, саўсім не. Мо дзіця там пакінула? Таксама не. Можа, нежывое мела? О, не — не пры нас казана!

— Ну, дык што ж ты там рабіла? — пытаецца ў яе Гарэлік.

— Хіба ты не ведаеш, што робяць людзі, калі ў іх баліць жывот і калі ім даюць піць ложку рыцыны? — адказала праз плач жонка. «Вы, кажуць, раджаць яшчэ не збіраецеся, дык едзьце дадому, а праз месяц які, як трэба будзе, зноў да нас прыедзьце».

— Ну, то чаго ж ты плачаш?

— Як жа мне не плакаць, калі прыйдзецца яшчэ раз раджаць і яшчэ раз паміраць.

— Ціха, не плач,— цешыць яе Гарэлік.— Не памерла гэты раз, то вытрымаеш і яшчэ раз. Лепш двое радзін, як адна смерць.

І паўнее далей Гарэлікава жонка, і пусцее Гарэлікава крамка. І будзе так цягнуцца, пакуль у гэту справу не ўмяшаецца дыялектыка і не перавядзе колькасць у якасць. Тагды адным Гарэлікам на свеце стане болей і адною крамкаю меней.

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан