epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Гебельс брэша — вецер носіць

Каб прыкрасіць крыху справы

Гітлераўскай банды,

У Берліне ёсць плюгавы

Доктар прапаганды —

 

Недалужнае стварэнне,

Карлік і крывеша,

Але брэша з захапленнем,

Несціхана брэша.

 

Не збрахаць, як карлік, столькі

Дзесяці сабакам,

Брэша больш ён у тры столкі,

Можа, нават з гакам.

 

Называў вайну ён бліцам,

Урачыстым маршам,

Набіваў галовы фрыцам

«Пераможным» фаршам,

 

Браў Маскву ён адным махам

Разам з Ленінградам,

Ачмураў пужлівых страхам

Ды фашысцкім ядам;

 

І пакуль пад Сталінградам

Фрыцы паміралі,

Языком віхлястым гада

Шарыў на Урале.

 

Чым мацней фашысты біты,

Чым іх большы смутак,

Тым больш карлік пладавіты

Выпускае «вутак».

 

Брахуны з ганні ягонай

Пішуць у газеце,

Што ўжо Арміі Чырвонай

Больш няма на свеце;

 

Што ўжо ў нас дзяды ваююць.

Што малыя ўнукі

У атаку штыкавую

Водзяць іх пад рукі;

 

Што ўжо дзеці — не падросткі,

А грудныя — ўзяты,

Што ў руках у войска соскі,

А не аўтаматы.

 

Нам ужо абрыдлі досыць

Байкі прайдзісвета:

— Гебельс брэша — вецер носіць,

Кажам мы на гэта.

 

Як зачуем лопат «птушак»

З гэтага балота,

Б'ём мацней мы фрыцаў з пушак,

Косім з кулямёта.

 

Гэта спосаб самы хуткі,

Самы лепшы сродак:

Дохнуць гебельсавы «вуткі»

Ад савецкіх зводак.

 

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 266-268
Крыніца: скан