epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Гітлер Марце пагражае, чаму Марта не раджае

Адзін з паплечнікаў Гітлера ў сваёй прамове папракаў нямецкіх жанчын, што яны не хочуць павялічваць насельніцтва Германіі.

 

Ганса з фронту ждала Марта,

Ждала доўга і упарта,

Аб каханым, аб вяселлі

Часта марыла ў пасцелі,

Толькі... выйшла чапуха:

Чэрві з’елі жаніха.

 

Жаніхоў на фронце многа,

Марта выбрала другога.

Працякло ўжо шмат вады,

Што ж не едзе малады?

Што няма ваякі?

Трапіў Франц яе туды,

Дзе зімуюць ракі.

 

Абяцаў прыехаць Герман,

Толькі вось прыйшла зіма

І даўно мінуўся тэрмін,

А ўсё Германа няма.

Ах, няшчасны, божа мой!

Ён «захоплены» другой.

 

Фрыцу рыжаму, відаць,

Сэрца прыйдзецца аддаць.

Фрыц да Марты бег жаніцца

Ды сустрэўся са штыком,

І прыйшлося таму Фрыцу

Паміраць халасцяком.

 

Ёсць яшчэ Аскар і Вілі,

Іх на фронце не дабілі.

Фрэйлен Марта, пэўнай будзь:

Не дабілі, дык даб’юць.

 

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 273
Крыніца: скан