epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Год Сцяпана-лайдака

Восень
Зіма
Вясна
Лета


Восень

Шэрым пузам душаць хмары

Поля нудныя абшары.

І, як мокрая варона,

Села вёска між загонаў;

Луг і лес сумуе голы,

А Сцяпан зусім вясёлы —

П’е без меры самагонку,

Б’е дзяцей, лупцуе жонку

І пудамі носіць жыта

К самагоншчыку Мікіту.

Кожны прысвятак ці свята

У Сцяпана поўна хата —

Сват і кум, і так знаёмы

Чуюць тут сябе, як дома,

А як пойдуць, Сцёпка п’яны

З кулакамі прэ да Ганны.

Ганна, бедная, галосіць

Дый у бога смерці просіць,

Сваю долю праклінае,

Што такога мужа мае.

 

Зіма

Чуць не запар тыдзень цэлы

Неба землю пудрай белай,

Не сціхаючы, пудруе,

Вецер ў шчыліны свідруе,

Вокны ў хатах — як мядзведзі,

Прыціскаюць — дзецца недзе,—

Не шкадуючы, марозы...

Наш Сцяпан зусім цвярозы,

Цэлы дзень ляжыць на печы —

На халоднай грэе плечы.

З рота пара ў хаце валіць:

Ганна ў печы мала паліць,

Бо мужык яе нядбалы

Прызапасіў дроўцаў мала.

Ў лахманы залезлі дзеці,

Снег ляжыць, бялее ў клеці —

Намяло праз дзіркі гуры,

А ў хляве стаіць панура,

Грызе яслі кабылёшка:

Сена ўжо зусім нямножка,

А аўса даўно не стала —

Самагонка ўсё пажрала.

 

Вясна

Ўжо вясна-красна настала,

Белы снег з палёў сагнала,

Цяпер сонейкам іх сушыць,

Лезе ў вочы, лезе ў вушы,

Аздабляць прабуе рэдкай

Чорны лес зялёнай сеткай,

К нам чароды птушак гоніць.

Птушкі весела гамоняць,

Як яны, шчабечуць людзі,

Рады, дышуць ва ўсе грудзі,

Адчыняюць клеці, гумны.

А Сцяпану нешта сумна —

Не пазнаць цяпер Сцяпана,

Аж хістаецца, як п'яны:

Толькі скура стаў ды косці —

Згаладаўся, але штосьці

Не завуць Сцяпана ў госці

Яго тыя ягамосці,

Што ў яго пілі ды елі,

Цэлу ноч часом сядзелі.

Ды Сцяпанава і Ганна

Нешта ходзіць так, як п'яна,

Дзеці ж выйшлі на паветра,

Дык валяюцца ад ветру —

Ап’янелі, знаць, бясконца

Яны, гледзячы па сонца,

На сінюсенькае неба

(Ап’янееш, брат, без хлеба!).

А з сахою, небарака,

Ходзіць п’яная каняка

Сюды-туды па загону —

П’яны ўсе без самагону.

 

Лета

Ўжо вясну змяніла лета.

Як практычная кабета,

Яно смела неўзабаве

Цвет садоў — вясны забаву,—

Не шкадуючы сарвала,

Груш ды яблык начапляла,

Ў стагі сена шмат скаціла,

Жыта ўсё пазалаціла.

Людзі сена сушаць, косяць

Ды пагоды ў неба просяць;

Аддыхнуць пара б, дык дзе там!

Хто з сялян гультуе летам?

Ўсе працуюць так, як пчолы;

І Сцяпан наш зноў вясёлы —

Ўсіх уперад на загоне —

Жыта зжаў ужо аж гоні

(Хоць яно і з зелянкамі),

Ушпыляў загон снапкамі.

Дзеці ў лялькі тут гуляюць

Ды не дрэнна й выглядаюць

(Падрасла ўжо, бач, бульбінка).

Хвост задраўшы, кабылінка

Вунь па выгане гуляе —

Стала летам, як не тая;

Весялей глядзіць і Ганна —

Не кляне свайго Сцяпана.

 

Жыта новага к нядзелі

Пэўна ўжо Сцяпан намеле,

Новы хлеб рашчыніць жонка,

Зараз будзе й самагонка.

Зноў гасцей к яму збярэцца,

Зноў Сцяпан, лайдак, нап’ецца,

Ганну перад сваякамі

Пачастуе кулакамі,

На ўсю хату загамоніць

Ды ў куток дзяцей загоніць.

Піць так будзе, покі хваціць,

І падатку не заплаціць.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 66-68
Крыніца: скан