epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ідэі

Чуў я — скардзяцца часамі некаторыя пісьменнікі, што тэмы не могуць знайсці. А як ты яе знойдзеш, калі тэм ніхто не губляе? Зноў жа — тэмы не грыбы, у лесе не растуць, дык і назбіраць іх нельга. Марынованымі ў слоіках яны таксама не прадаюцца. А ты бяры дый пішы аб тым, што чуў, бачыў або й сам выдумаў, абы яно на праўду было падобна.

Другі кажа — «ёсць тэма, але не актуальная», або — «актуальная, але дробная». А вось дэтэрмінізм нас вучыць, што кожная з’ява выклікаецца якімі-небудзь іншымі з’явамі, што былі для гэтага прычынаю, і сама яна ў сваю чаргу служыць прычынаю для іншых з’яў. Такім чынам, часамі самая дробная з’ява можа паслужыць прычынаю вельмі буйной. Скажам, напрыклад, муха крапнула Остэну Чэмберлену на нос, і гэта мізэрная кропка цяжкою гіраю ўпала на чашку вагі пры вырашэнні пытання аб дыпламатычных зносінах Англіі з іншаю дзяржаваю. Або, напрыклад, блыха ўкусіла паважанага крытыка за што-небудзь кволае, балючае. У крытыка зараз жа з’яўляецца крытычны сверб, а ў выніку гэтага мы маем пагромны артыкул.

І гэта тым больш можа здарыцца, калі кусала яго не звычайная пасцельная блыха, а, скажам, блыха зайздрасці або зачэпленага гонару.

Артыкулы ж у такім разе выходзяць, дык гэта, я вам скажу, проста золата. І колькі ж яго вывезена ўжо на глебу беларускай літаратуры!

Зноў жа гісторыкі перадаюць факт, што Напалеон прайграў бой,— здаецца, пад Ватэрлоо толькі таму, што ў яго быў катар (насмарк). А я на свае вочы бачыў некаторых камандзіраў, якія акуратна хварэлі бягункаю (паносам) кожны раз, як толькі пачынаўся бой. Хварэлі і, вядома, былі біты. Не яны, разумеецца (яны вельмі рэдка). Біты былі тыя салдаты, якімі яны камандавалі. А яны за сваю «доблесть» былі пацешаны «ганнаю», «уладзімірам» або й самім «ягорам» розных ступеней. А разам з гэтым, вядома, і павышэнне па службе. А разам з павышэннем, вядома, і прыбаўка пенсіі, на якую й набываліся новыя споднікі да новага бою.

Я гэта ўсё к таму гавару, што нават і дробная тэма можа паслужыць буйной справе. Тым болей, што буйную тэму — дзе ты яе возьмеш? Калі й ёсць якая-небудзь адна, напрыклад, Асінастрой, дык і тую забралі ўжо буйныя пісьменнікі.

Дык вось я й хачу расказаць тут пра адну дробную з’яву: як у аднаго небаракі завяліся ідэі і як ад гэтага карасі падохлі.

Але што гэта такое, наогул, ідэі, чытачу адразу цяжка й зразумець. Дзеля гэтага я павінен уводзіць яго ў курс справы спакваля і знаёміць на прыкладах.

Ці кусалі вас, напрыклад, калі-небудзь скакуны і ці ведаеце вы, што гэта за смак?

Калі вы былі хоць раз на дачы, то напэўна ведаеце, што гэта за смак. А калі не, дык раю вам паехаць ды паспытаць.

Памятаеце? Толькі вы гэта сцішыціся каля свае супольніцы ды пачалі драмаць, а тут вас раптам — джыг! За самае чулае месца. Вы гэта — цоп! Ну, думаеце, папаў. Але ж дзе там! У руцэ толькі чулае месца засталося, а ён тым часам — джыг! Вас за другое месца. Вы зноў — цоп! — і зноў промах.

І нават калі вы запаліце агонь ды папросіце на дапамогу вашу румяную палавіну з яе спрытнымі манікюрнымі пальчыкамі, дык і тады аблава рэдка калі ўдасца. Скачуць, праклятыя, так, што ніякі інструктар фізкультуры не паправіць. І ўвышкі, і ўдаўжкі, і з перашкодамі, і без перашкод — вось так хоць ты бяры дый выкладай першы прыз кожнаму з іх.

Цяжкая гэта справа — лоўля скакуноў. Шмат шпаркасці ды спрыту патрабуе.

Праўда, што на скакуноў можна купіць парашка. Ёсць, напрыклад, персідскі. (Асабліва памагае, калі, злавіўшы скакуна, падпячы яго на лямпе і тады пасыпаць парашком.)

Не паможа персідскі, дык ёсць яшчэ японскі.

А ўжо калі й гэты не паможа, ну, то тады палын. За пазуху панапіхаў, у пасцель наслаў ды яшчэ, напарыўшы, напіўся нанач, дык быць не можа — павінны павыдыхаць.

Ну, але калі ў вас засталіся ідэі — каюк! Прапашчы вы тады чалавек. Тут ужо ні ваша манікюрная палавіна, ні парашкі, ні нават палын — нішто вам не паможа.

Вось гэтыя самыя ідэі і завяліся ў Міхася Мігуцкага.

Вы, можа, й ведаеце яго: жыве недалёка ад мяне, жоўты дом, напроціў. Такі белы, стрыжаны, сам худы, і чаравікі падраныя.

Дык яны яго, небараку, так апанавалі, што й рады няма. Грызуць, точаць і ўдзень, і ўночы, і зімою, і ўлетку так, што нават і сам ён, і жонка яго (адну толькі й мае) зрабіліся падобнымі на сухія адцятыя ідэі.

Сам ён тутэйшы, мінскі. Нешта некае некалі скончыў; здаецца, нейкі тэхнікум. Прынамсі, ён цяпер лічыць сябе за страшэнна вучонага чалавека, а галоўнаю сваёю спецыяльнасцю лічыць інжынерства.

Кожную раніцу, убачыўшы мяне яшчэ здалёк, ён гукае:

— Маё шанаванне, прафесар! Як ваша здароўе?

— Добры дзень, інжынер! Як вашы работы? — пытаюся я ў сваю чаргу.

Даўно я прывык ужо да свайго прафесарскага звання, якім, па сваёй дзівацкай дабраце, надарыў мяне Мігуцкі. Я вельмі і не спрачаюся, бо даволі ведаю прафесараў, якія набывалі сабе званне такім самым шляхам.

Ён мне зараз жа пачынае расказваць, як у яго пасоўваецца пабудова, распачатая на гэтым тыдні, і абавязкова канчае сваю гутарку тым, што ў яго, каб скончыць распачатую справу, не хапае з паўтысячы рублёў і што добра было б, каб я пазычыў яму гэтыя грошы.

Я заўсёды адказваю, што ўжо хутка скончу сваю навуковую працу «Псіхапаталагічныя асаблівасці Загароднай вуліцы» (гэта наша вуліца), што засталося яшчэ толькі правесці нагляданні над адным вельмі цікавым экземплярам і будзе ўсё. І вось, калі я надрукую гэту працу ды атрымаю тысячы паўтары ганарару, дык тады не толькі магу пазычыць, а нават і кампаньёнам магу быць у якім-небудзь яго прадпрыемстве.

Мігуцкі рад і загадзя дзякуе мне за давер'е і падтрыманне.

Трэба сказаць, што захапляўся ён не толькі інжынерствам. Яго цікавіла ўсё. Бадай не было ніводнай галіны навукі і тэхнікі, якая б яго не цікавіла і ў якую б ён не захацеў унесці нешта новае.

Калісьці ён служыў кіраўніком спраў аднае ўстановы і вызначыўся тым, што пробаваў навучыць машыністак, каб кожная з іх магла друкаваць на дзвёх машынках разам розныя паперы. Дзеля гэтага ён кожную з іх застаўляў практыкавацца па дзве гадзіны ў дзень пасля заняткаў. Машыністкі плакалі і скардзіліся мясцкому ды адміністрацыі, а ён усё стаяў на сваім, аж пакуль самога не скарацілі.

З таго часу Мігуцкі не служыць, а жыве даходамі з невялічкага свайго гарода. Гарод даглядае жонка. Яна сее трускалкі, маліну, агуркі ды разводзіць розныя кветкі. Гэтым і жывуць.

На непрактычнасць Мігуцкага жонка ніколі не наракае і, здаецца, шчыра любіць яго, хоць і не выказвае асабліва сваіх пачуццяў, мусіць, каб не пашкодзіць яго незлічоным планам.

А ён за што толькі не браўся! Засноўваў таварыствы: па распаўсюджванню гідратэхнічных ведаў, па развядзенню коркавага дрэва на Беларусі і нават, здаецца, таварыства дапамогі бясхвостай жывёле і старым халасцякам.

Самым жа значным было таварыства па эксплуатацыі рыбінай лускі. Таварыства мела намер наладзіць здабыванне перламутру з рыбінай лускі па рэцэпту правізара Скульскага. У таварыства запісалася ўсяго дзевяць членаў. Апрача самога Мігуцкага там былі: адзін супрацоўнік архіва, адзін кандуктар з конкі, адзін загадчык разніцы ды яшчэ нехта з калгаса, а рэшта — невядомай прафесіі. Таварыства нават і адозву выпусціла, каб усе грамадзяне горада Мінска, хто мае луску, не выкідалі яе ў памыйную яму, а па сходнай цане дастаўлялі на адрас таварыства.

Але з гэтага нічога не выйшла — рэцэпт Скульскага патрабаваў сякога-такога абсталявання. А што ты будзеш там абсталёўваць, калі сырцу недахват. Праўдзівей кажучы, зусім няма сырцу, апрача лускі з тае рыбы, якую елі самі члены таварыства. Яно рыбы ў Мінску не так ужо й многа — гэта раз. Дый народ мінскі, як скардзіўся Мігуцкі, стаў такі пражорлівы, што рыбу есць з лускою і, мусіць, нават не патрошчы.

Ва ўсякім разе, гэта добрая справа не ўбачыла свету, і такім чынам чалавецтва пазбаўлена прыемнасці зашпіляцца мацыцовымі (перламутравымі) гузікамі, а найчасцей папяровымі.

Далей на Мігуцкага накаціла захапленне метадалогіяй навук. Ён выказаў гіпотэзу, што для ўсіх навук павінен быць адзін метад дзеля таго, што якую б мы галіну ні ўзялі, там адбываюцца працэсы вельмі падобныя да працэсаў любой іншай галіны. Напрыклад, паводле яго тэорыі, з’явы памяці ў чалавечай псіхіцы вельмі адпавядаюць акамянеласцям у прыродзе, а нафтавыя фантаны — выдзяленню мачы. Ён нават цэлы трактат напісаў быў дзеля апраўдання свае тэорыі і месяцы са два лазіў з ім па розных рэдакцыях, але не знайшлося ахвотніка надрукаваць.

А па-мойму, ён проста не ўмеў зрабіць. Адзін мой знаёмы дык такім чынам стварыў сабе навуковае імя. Ён напісаў трактат аб уплыве сонечнага зацямнення на плоднасць трусоў і зубных дактароў. Яго таксама спачатку не хацелі нідзе друкаваць. Дык ён падмацаваў кожнае сваё палажэнне чатырма радкамі са зборніка вершаў аднаго рэдактара, і тады пайшло як па масле. Знаёмы заказаў сабе сотню адбіткаў з артыкула і раздаў яго ўсяму вучонаму свету. З тае пары ён стаў салідным вучоным.

Але наш інжынер не здаўмеўся гэтак зрабіць і застаўся ні з чым.

Аднак гэта не перашкодзіла Мігуцкаму і надалей цікавіцца навукамі і ўносіць у іх час-часам розныя змены ды папраўкі. Так, напрыклад, пазнаёміўшыся бліжэй з псіхалогіяй і фізіялогіяй чалавека, ён знайшоў, што прырода зрабіла вялікую памылку, даўшы чалавеку адзін лішні орган, а ўласна — нос.

Па думцы Мігуцкага, нос існуе толькі для таго, каб утыкаць яго, куды не трэба, хварэць катарам ды заставацца заўсёды з носам. А што чырвань носа сведчыць аб падтрыманні яго гаспадаром броварнай прамысловасці, дык гэта ніякага практычнага значэння не мае: няхай нос у цябе будзе чырванейшы, як у бусла, дык усё роўна ніхто табе за гэта чаркі не паднясе.

Засталася яшчэ толькі адна функцыя носа — нюхаць. Але вось тут якраз Мігуцкі і бачыць непатрэбны паралелізм у прыродзе.

Справа ў тым, што розныя пахі можна ўспрымаць ротам так жа добра, як і носам. І наадварот — носам можна распазнаваць розныя смакі.

Але рота нельга замяніць носам, бо ім нельга гаварыць дый жаваць таксама нельга — зубоў няма. Нават каб яны й хацелі вырасці, дык для іх у носе патрэбнага пляцу не знойдзецца. А вось нос ротам замяніць цалкам можна: рот згаджаецца ўзяць на сябе адзіны важны носаў абавязак — нюхаць.

Не хочучы быць галаслоўным, Мігуцкі праверыў гэта ўсё на практыцы. Ён заказаў жонцы, каб яна згатавала некалькі страў не з такім смакам, які яны маюць звычайна.

Калі ўсё было гатова, Мігуцкі завязаў рот і пачаў пробаваць стравы носам. І, кажа, распазнаў. Пазнаў, напрыклад, што какао з лімоннаю кіслатою, журавінны кісель з турэцкім перцам, а катлеты моцна перасоленыя.

Пасля гэтага ён заляпіў нос хлебным мякішам, завязаў хусткаю вочы і разявіў рот. Жонка стала падносіць да яго рота розныя пахі: адэкалон, нашатыр, карболь, селядзец, тухлае яйцо. І ён нібы таксама дасканала распазнаваў усе гэтыя пахі.

Вынікам гэтых доследаў з’явіўся новы навуковы трактат, але таксама не падмацаваны вытрымкамі з вершаў ніводнага рэдактара.

Пасля гэтага ў Мігуцкага на нейкі час адпала ахвота займацца навукай, дык затое ён яшчэ з большым запалам ухапіўся за тэхніку і за падняцце ды пашырэнне свае невялічкай гаспадаркі.

Пачалося з вады. Як я ўжо казаў, жонка Мігуцкага падобна да адцягненай ідэі — шчупленькая ды кволенькая, а водаправода няма: па ваду прыходзіцца хадзіць сажняў за пяцьдзесят. Вось яна сюд-туд дый просіць Мігуцкага, каб ён вады прынёс. І якраз трапляе ў той час, калі ў Мігуцкага спеюць самыя дзіўныя праекты, якія могуць ашчаслівіць разам усё чалавецтва ці, прынамсі, насельнікаў Загароднай вуліцы. Як толькі жонка забразгае вядром, дык у Мігуцкага ўсе праекты як памялом вымела з галавы.

Вось ён мучыўся, мучыўся дый стаў думаць — а ці не можна тут чаго-небудзь выдумаць? А якое тут ліха выдумаеш, калі Загародная вуліца за цэлую вярсту ад гарадской водаправоднай сеткі? Але інжынер Мігуцкі выдумаў: ён рашыў устроіць велізарны сіфон. Гэты сіфон будзе выходзіць з калодзежа і, апісаўшы велізарную дугу, праткне страху ды столь Мігуцкага і скончыцца на кухні блішчастым масяндзовым кранікам.

Мігуцкі і кранік нават купіў, а з ім частку труб. Але калі прыйшлося да работы, дык Рыжы Мінька, на дварэ якога знаходзіўся калодзеж, упёрся і ні з месца.

— Ты мне, кажа, гэтаю трубою ўсю ваду высмакчаш, і самавара не будзе чым наліць. А плаціш за ваду, нябось, толькі паўрубля ў месяц, і то, калі ёсць грошы. А калі яны ў цябе былі?

Мігуцкі, вядома, зазлаваў, а зазлаваўшы, вядома, падаў на суд.

Але пакуль суд судзіў, інжынер не сядзеў злажыўшы рукі. Ён распачаў новую справу, і на гэты раз прычынаю былі карасі. Справа ў тым, што ён вельмі любіў рыбу, асабліва карасі ў смятане. І Мігуцкі не толькі проста любіў рыбу — ён лічыў сваім абавязкам любіць яе. Ён, бачыце, недзе вычытаў, што ў рыбе многа фосфару і што фосфар — гэта галоўны матэрыял, з якога будуюцца мазгі. Вось, каб зрабіць свае мазгі яшчэ больш геніяльнымі, ён і налягаў на рыбу.

Не прыняў пад увагу ён толькі таго, што на мінскім рынку свежая рыба — рэч даволі-такі рэдкая. Ну, а ў тухлай рыбе якая ўжо к чорту геніяльнасць для мазгоў — адны мікробы злаякасныя. Аднак жа праўда праўдаю — карася ў смятане ён вельмі паважаў.

Але ж карася нават і тухлага не заўсёды знойдзеш на рынку. Дый у цане яны ўсё-такі. Дык вось Мігуцкі і рашыў — развесці сваіх карасёў. А для гэтага варта было толькі сажалку выкапаць, хоць і невялікую. Ваду дажджавую можна сабраць, пракапаўшы да сажалкі канаўкі. Ды на ўсякі выпадак і ад сіфона трубку можна правесці. (Ён спадзяваўся, што суд дазволіць яму ўстроіць гэты сіфон.)

Як надумаўся, так і зрабіў: назаўтра наняў нямога Лёшку капаць сажалку, умовіўшыся плаціць яму па паўрубля на дзень. А Лёшка й гэтаму рад — дзе яму больш зарабіць?

Капае Лёшка ў гародзе Мігуцкага сажалку ды каля самага плота, што абгароджан сад Рыжага Мінькі. Выкапаў-такі й дабраватую яму.

А тут якраз і дождж пайшоў, вады чуць не поўну яму нацякло. Рад Мігуцкі. З дзесятак жывых карасёў купіў ды пусціў у сажалку.

Плаваюць збянтэжаныя карасі ды самі не ведаюць — ці то ім пладзіцца, ці пачакаць.

А грунт у гародзе Мігуцкага слабы,— берагі сажалкі паразмакалі і сталі абвальвацца. Абваліўся і бераг пад плотам Рыжага Мінькі, а разам з берагам абваліўся ў сажалку і кавалак плота.

Цяпер ужо Міньку прыйшла чарга злаваць. Ён і сапраўды зазлаваў ды таксама падаў на суд. Апрача гэтага, ён яшчэ заявіў, што Мігуцкі нямых на работу наймае ды плаціць ім толькі па паўрубля.

Прайшло месяц, можа, болей, а можа, й меней. Суд разгледзеў заяву Мігуцкага і адмовіў. Пасля той жа самы суд разгледзеў заяву Рыжага Мінькі і прысудзіў. Прысудзіў, каб Мігуцкі заплаціў Міньку дваццаць рублёў за зробленыя страты і даплаціў нямому Лёшку па два рублі за кожны дзень работы. І яшчэ засудзілі Мігуцкага на два месяцы ў дом прымусовай працы за эксплуатацыю інвалідаў.

Тым часам стала на пагодзе. Вада ў сажалцы высахла — засталося толькі на дне. Карасі моцна засумавалі. І смятана ім не наўме — павыпруджваліся дый плаваюць жыватамі дагары.

Інжынер Мігуцкі адбывае свой тэрмін у допры, складае новыя планы ды адкрывае новыя амерыкі.

А жонка яго прадае трускалкі ды маліну і сама ваду носіць. І не толькі ваду — носіць яна час-часам яшчэ ў допр булку ды калбасу. Любіць свайго інжынера, не гледзячы на ўсе яго амерыкі. А можа, й амерыкі любіць. Можа, нават амерыкі больш, як яго,— хто яе ведае.

А карасі так смятаніны й не дачакаліся — павыпруджваліся.

Але ж апісаныя тут з’явы такія дробныя, мізэрныя, асабістыя, што нават і дэтэрмінізм ім не паможа,— ніякіх іншых з’яў яны выклікаць не могуць... Так, напэўна, думаюць некаторыя. Але я зараз давяду, што гэта не так.

Даводжу.

Хто ведае, можа, яшчэ таварыства па эксплуатацыі рыбінай лускі і разгорне сваю дзейнасць. Тады гэта вельмі адаб’ецца на дабрабыце насельніцтва і людзі, якія ўмеюць лавіць рыбку ў мутнай вадзіцы, будуць мець дадатковы прыбытак яшчэ й ад лускі. Нават тыя разнавіднасці, пра якіх кажуць, што яны — ні рыба ні мяса, таксама будуць мець выгаду, калі хоць капельку здолеюць абрасці лускою.

Хто ведае — можа, інжынер Мігуцкі, вярнуўшыся з допра, яшчэ здолее падысці да рэдактара і даць ход свайму трактату аб непатрэбнасці носа. У выніку гэтага ўсе насы стануць беспрацоўнымі і інвалідамі і, напэўна, будуць атрымоўваць дапамогу, хто грашовую, а хто й натураю — фігаву, да якой некаторыя даўно ўжо прывыклі. Гэта, вядома, моцна адаб’ецца на бюджэце, і тады, дзеля захавання рэжыму эканоміі, пачнецца культывацыя людзей бязносых. Гэта ў сваю чаргу адаб’ецца на псіхіцы і ідэалогіі грамады. Тады рымскі нос, як ідэал чалавечага хараства, знікне зусім, стане здабыткам гісторыі. Замест твару з рымскім носам ідэалам хараства стане твар бязносы, гладкі, так што, глянуўшы на такі твар, адразу й не разбярэш, што тут трэба надзяваць,— капялюш ці галіфэ. Такое абсалютнае бязноссе не выгадна будзе для тых, хто заўсёды трымае нос па ветры і з аднакаю прыемнасцю ўцягвае як дым пралетарскай фабрыкі, так і дым кадзіла і подых буржуазнага балота, абы гэта было з ветрам.

Што да паэтаў і пісьменнікаў, дык ад пагалоўнай бязносасці яны б нічога не страцілі, а мелі б толькі тую выгаду, што выдавецтва б ужо ніколі больш не вадзіла іх за нос. Зноў жа сярод паэтаў і пісьменнікаў зусім не было б тады такіх, каля якіх нашым крывіцкім крытыкам прыходзіцца так старацца з насоўкаю (хустачкаю да носа) перад тым, як пацалаваць.

Ну, а калі й сапраўды тэма майго апавядання такая ўжо «бледная», дробная і мізэрная, дык яна, прынамсі, хоць, можа, паслужыць тэмаю для тых, каго часта блохі кусаюць.

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан