epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

«Я быў у Трасцянцы»

Аднае раніцы ў Мінску да мяне зайшоў чалавек — высокі, гадоў пад трыццаць. Левае вока яго закрывала марлевая павязка. След сукравіцы на шчацэ пад павязкай гаварыў аб тым, што рана яшчэ не зажыла.

Я падаў чалавеку крэсла і запрасіў сесці. Мне неяк няёмка было запытацца, чаго ён прыйшоў. Я сеў супроць і прыгатаваўся слухаць. На мой дапытлівы позірк чалавек адказаў: «Я быў у Трасцянцы».

— Значыць, вы з таго свету?

Чалавек кіўнуў галавой.

— Вось сюды трапіла куля...— На шыі з левага боку ён намацаў след зарубцаванай раны.— ...Выйшла пад вокам. Вока выцекла. Учора вынялі.

Я наліў чалавеку з тэрмаса кубак чаю і палажыў пячэнне. Ён паспрабаваў укусіць, але гэта каштавала яму вялікіх намаганняў: рот у яго разяўляўся крыху толькі з правага боку. Чалавек адлажыў надкусаны скрылік і, прыхлёбваючы чай, пачаў расказваць сваю страшную гісторыю.

...Зваць мяне Валахановіч Мікола Іванавіч. Пры немцах я ўвесь час працаваў у Негарэлым — дзяжурным па станцыі. Два тыдні не дацягнуў да вызвалення. Схапілі мяне 20 чэрвеня. Даведаліся, што быў агентам спецгрупы і даваў звесткі аб руху паяздоў. Білі... Страшэнна білі... Гумай і тоўстым провадам. Прасякалі мяса аж да касці. Дапытваліся, дзе ёсць партызанскія атрады і хто яшчэ з імі звязан. «Не ведаю»,— адказваў я, пакуль мог гаварыць. «Не ведаеш, дык кладзіся!» — крычалі яны і білі зноў. Калі траціў прытомнасць, адлівалі вадою і білі далей. Нікога не выдаў.

З Негарэлага мяне прывезлі ў Мінск, у засценак СД, які быў на вуліцы Астроўскага, у доме № 7. Дваццаць восьмага чэрвеня нас адтуль перавялі ў гарадскую турму. А дваццаць дзевятага ранічкой — пачалося. Нам загадалі пакінуць у памяшканні верхнюю вопратку і выходзіць у двор. На дварэ нас пачалі грузіць у машыны... Гэта былі велізарныя прычэпы. Нас у машыну не саджалі, а клалі. На дно кузава лёг адзін рад, на яго — другі, потым трэці. Калі напакавалі чалавек сто, наверх сеў фашыст з дубінкай, і машыну зачынілі наглуха. Хто спрабаваў паварушыцца, фашыст біў таго палкай па галаве.

Так нас прывезлі ў Трасцянец і выгрузілі ў лагеры, дзе перад гэтым былі яўрэі. Мы людзей ужо не засталі; асталася сякая-такая адзежа, кацялкі, рэшткі хлеба і бульбы.

Некаторыя з маіх таварышаў думалі, што нас прыгналі на работу. Яны пачалі збіраць бульбу, каб зварыць. Але я зразу сказаў, што не на добрае нас сюды прывезлі, і не наўме мне была яда. Сапраўды, не прайшло і паўгадзіны, як скамандавалі: «Выходзь!» На гэты раз нас грузілі ў меншыя машыны — чорныя, закрытыя, з дзверцамі ззаду, і мы ўжо не ляжалі, а стаялі, трымаючыся адзін за аднаго. Я ў лагеры стаяў каля самага выхаду і трапіў у першую машыну. Калі нас напхалі, колькі магло ўлезці, дзверы зачыніліся, і машына кранулася.

Цяпер не было ніякага сумнення, што нас вязуць на смерць. Хутка машына спынілася, і дзверцы адчыніліся перад самымі варотамі вялікай калгаснай аборы.

«Пяць чалавек — выходзь!» — скамандаваў фашыст.

Як толькі яны выйшлі, дзверцы зачыніліся, і зараз жа пачуліся стрэлы. Мы пачалі развітвацца. Нехта крыкнуў: «Рві на сабе ўсё, каб праклятым фашыстам нічога не асталося!» Мы сталі рваць на сабе кашулі, штаны, а хто здужаў, парваў і чаравікі. Вывелі яшчэ адну пяцёрку, а потым сталі выводзіць па тры чалавекі, бо першыя спрабавалі разбягацца. Кожнай тройцы камандавалі: «Рукі ўгору, саскоквай!» Я быў у ліку апошніх пяці чалавек. Трое нас па камандзе злезлі з машыны і зразу трапілі ў вароты аборы. Нас узагналі на кучу расстраляных нашых таварышаў. Я ўпаў, не пачуўшы стрэлу і не адчуўшы болю. Зразу страціў прытомнасць, але, відаць, на вельмі кароткі час, бо, ачнуўшыся, чуў, як расстрэльвалі астатніх двух з нашай пяцёркі. Я нават пазнаў голас свайго земляка, які сказаў: «Нізавошта гіну».

Я здагадаўся, што застаўся жывы, толькі не ведаў, якім чынам. Нават не ведаў, ранены я ці не. Як бы там ні было, я рашыў не варушыцца. Я чуў, як ад’язджала парожняя машына. Тады салдаты пачалі закідваць трупы саломай, сухім галлём, кідаць цэлыя запальныя бомбы (я іх пасля разгледзеў). Адзін салдат наступіў мне на спіну і галаву. Я не варушыўся. Я чуў, як хвілін праз дзесяць прыйшла наступная машына. Людзей зноў пачалі выводзіць. Іх узганялі на груду трупаў, у якой я ляжаў, і тут расстрэльвалі. Я чуў, як нада мною людзі прасіліся, пракліналі. Адна жанчына крыкнула па-беларуску: «Няхай жыве Савецкі Саюз!» Фашыст з бруднай лаянкай пусціў у яе кулю. Трупы падалі проста на мяне. Цёплая кроў цякла ў мяне па плячах, па шыі. Я не варушыўся.

Так я ляжаў да самага цямна. І да самага цямна праз кароткія прамежкі пад’язджалі да аборы гружаныя людзьмі машыны і ад’язджалі парожнія. Да самага цямна чуліся ў аборы аўтаматныя стрэлы.

Калі ля адных варот навярнулі столькі трупаў, што ўжо нельга было разгружаць машыну, іх пачалі падвозіць да другіх варот, потым да трэціх. Я ўсё ляжаў і не варушыўся. Толькі раз паспрабаваў крануць рукамі і нагамі. Яны былі як быццам цэлыя. Толькі рука, на якой я ляжаў, зацякла, адзервянела, і я яе не адчуваў. Пасля яе пабіла на раны.

Нарэшце сціхлі стрэлы. У аборы стала цёмна. Дзе-нідзе стагналі недабітыя людзі. Адзін хлапец-падростак усё прасіўся: «Паночак, дабі мяне». На яго голас доўга ніхто не адгукаўся. Нарэшце ў абору ўвайшоў вартавы, засвяціў ліхтаром і спытаў: «Дзе ты?» — «Тут»,— адказаў хлопец. «Падымі руку!» — скамандаваў салдат. Рука паднялася, салдат выпусціў чаргу з аўтамата, і хлапец сціх.

Калі вартавы выйшаў, я асцярожна рассунуў трупы і выбраўся наверх. Перш за ўсё я хацеў даведацца, куды я ранены. І пачаў сябе абмацваць, бо болю ўсё яшчэ не адчуваў. Левае вока маё не расплюшчвалася. Па гэтым я пазнаў, што рана недзе каля вока. Потым я абмацаў рану і на шыі. Вялікай слабасці я не адчуваў і рашыў уцякаць. Каб зручней было, я скінуў чаравікі. Яны ўсярэдзіне былі слізкія ад крыві. Потым я асцярожна папоўз па трупах, шукаючы выйсця. У адным месцы наткнуўся на жывога чалавека. «Братка,— піць, паміраю!» — папрасіў ён у мяне. Я сказаў, што таксама страшэнна хачу піць, але вады няма. «Вунь у тым кутку расстрэльвалі прывезеных з Мінскага лагера. У іх былі кацялкі і бутэлькі!» — сказаў мне чалавек. Я папоўз у той куток, куды ён паказаў. Абмацаў некалькі трупаў, але вады не знайшоў і вярнуўся да свайго новага знаёмага. Ён сказаў, што сам з-пад Брэста і таксама збіраецца ўцякаць, але высветлілася, што ён ранены ў руку і нагу. Уцякаць яму было цяжка. Я папоўз далей, прыслухоўваючыся, што робіцца знадворку.

Каля кожных варот хадзіў вартавы. Часамі яны пераклікаліся паміж сабою. Уцякаць было нельга. Каля адных варот над земляным токам узвышаўся памост, на якім стаяла сячкарня. Я залез пад памост, абклаўся трупамі і стаў чакаць зручнага моманту. Калі пачало віднець, мне здалося, што вартавы ад варот адышоўся. Я пачаў вылазіць з-пад памоста, але ў гэты час вартавы глянуў у абору і, заўважыўшы варушэнне, стрэліў у мяне. Куля толькі апаліла мне нагу. Але я выпрастаўся, прыкінуўшыся забітым.

Хутка развіднела. Гэта была раніца 30 чэрвеня. У абору прыйшлі два нямецкія афіцэры. Зноў пачалі пад’язджаць машыны, пачаліся расстрэлы. Я ляжаў і чакаў. Нарэшце пад поўдзень, у часе кароткага перапынку, у абору зноў увайшлі афіцэры. Яны прайшлі па трупах уздоўж усяе аборы, гаворачы паміж сабою па-нямецку. А я за тры гады крыху навучыўся разумець іхнюю мову. «Прасмердлі, мабыць»,— сказаў адзін. «За адны суткі — не можа быць»,— адказаў другі. «Вось зараз скончым, тады запалім».

Я рашыў уцякаць, што б там ні было. Лепш ад кулі памерці, чым згарэць жывым. У гэты час да процілеглага канца аборы падвезлі чарговую машыну і пачалі расстрэльваць прывезеных. Афіцэры пайшлі туды. Я падпоўз да варот і паглядзеў праз шчыліну. Вартавога не відаць было. Я выпаўз на двор і схаваўся за створку расчыненых варот. Агледзеўся: з аднаго боку, недалёка, было азярцо і кусты, з другога, метраў за дваццаць пяць ад аборы,— жыта. Прыкрываючыся створкаю варот, я папоўз у жыта і, прапоўзшы па ім метраў трыццаць, лёг. Далей паўзці было небяспечна — месца было адкрытае і па шашы хадзіў вартавы. Не ведаю, як гэта магло стацца, толькі я зараз жа моцна заснуў. Прачнуўся ад страшнага болю. Сонца напякло рану, і ўвесь левы бок галавы распух. Яшчэ страшэнна хацелася піць. Сонца ўжо хілілася к захаду, а ў аборы расстрэлы не спыняліся: я чуў, як пад’язджалі машыны, чуў енкі і праклёны людзей і аўтаматныя стрэлы.

Адвячоркам машыны перасталі пад’язджаць. Хутка я пачуў трэск і ўбачыў агонь і дым. Абора гарэла. Адтуль даносіўся страшэнны крык, бесперапынная аўтаматная страляніна. Дабівалі тых, хто быў яшчэ жывы і стараўся выратавацца з агню. Потым усё сціхла. Дачакаўшыся, калі ад аборы ўся варта пайшла, ужо на змярканні, я цераз поле падаўся на захад. Прайшоўшы кіламетры два, я на лузе напаткаў двух сялян — бацьку з сынам. Яны паглядзелі на мяне са страхам і здзіўленнем. Ды не дзіва: я ўвесь быў у сваёй і чужой крыві. Кашуля на мне была парвана на шматкі, валасы ад запечанай маёй крыві стаялі, як дрот.

«Ты з аборы?» — спытаў нарэшце старэйшы.

Ён паказаў мне сцежку да бліжэйшай вёскі. У вёсцы мне далі памыцца, чыстую кашулю, перавязалі рану. Не заходзячы ў хату, я напіўся вады, перакусіў і пайшоў, але хутка аслабеў і лёг начаваць у жыце. Назаўтра пайшоў далей. Па дарозе два разы натыкаўся на немцаў. Хлусіў ім, што быў у Мінску, трапіў пад бамбёжку і там мяне раніла; цяпер іду дадому, у вёску. Дабраўся нарэшце да вёскі Булынкі, дзе жыў мой сувязны, стрэлачнік Лазоўскі. Ён запрог каня і завёз мяне ў мястэчка Узда, якое ўжо занялі партызаны. Там мяне палажылі ў бальніцу.

Так я выратаваўся з таго свету,— закончыў сваё страшнае апавяданне Мікалай Валахановіч.

Я маўчаў. Усякія словы абурэння, здзіўлення, гневу гучалі б занадта бледна і банальна ў параўнанні з тым, што простымі словамі расказаў мне гэты чалавек, які пабыў на самым дне фашысцкага пекла і вярнуўся зноў да жыцця.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан