epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Як Антак стрэў «вельканоц»

Антак ходзіць чуць не голы,

Але заўжды ён вясёлы,

І «вельканоц» стрэў «па-панскі» —

Быў пірог і быў «пазнанскі».

Антак спірту налупіўся,

Потым з жонкаю схапіўся

І гуляў з ёй «кракавяку»,

Потым поўзаў Антак ракам,

Потым лёг, нагамі дрыгаў,

Потым з’ездзіў двойчы ў «рыгу»,

А назаўтра ўстаў з пахмелля,—

Праклінае Антак «зелле»:

Ўсё баліць — нібы пабіты,

Лоб, як волавам наліты,

Хлеў свіны зрабіўся з рота —

Нават есці неахвота.

Пуста, моташна у хаце,

Малака няма дзіцяці,

Ні скарынкі няма хлеба,—

Жабраваць, няйначай, трэба.

Дык затое скажа кожны:

«Антак «гжэчны» і набожны —

Стрэў «вельканоц», «як належы»,

У падранай хоць адзежы,

Але еў і піў «па-панскі» —

Быў пірог і спірт «пазнанскі».

 

1923


1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 79-80
Крыніца: скан