epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Як ён стаў бязбожнікам

— Вам дзіва, што я не хрышчуся? — сказаў, вылазячы з-за стала, гаспадар, у якога мы спыніліся начаваць.— Гэта цяпер не дзіва. Я ўжо не першы год бязбожнік. А як я ім зрабіўся, дык вось паслухайце.

Мае нябожчыкі бацькі былі людзі надта набожныя. Яны з усіх жыл стараліся, каб і мяне зрабіць такім: «Можа, чалавекам будзе»,— гаварылі яны.

Бывала, у нядзелю, як толькі забразгае маці скавародамі, усхопішся кулём з пасцелі ды скарэй за конаўку мыцца, а адным вокам усё на блін пазіраеш.

— Ідзі ж, станавіся на калені ды гавары пацеры,— кажа бацька.

Не хацелася мне маліцца, як каню ў аглоблі, але нічога зрабіць нельга было. Станавіўся я на калені, і пачыналіся пацеры доўгія-доўгія, як вяроўка. Бывала, як пачнеш з «Госпадзі Ісусе» ды да «дастойнай» пакуль даедзеш, дык аж у горле перасохне, а жывот да самай спіны прыцягне. А тут яшчэ бяда — шапяляў я надта, сюсюкаў. Яшчэ ўсе словы сюды-туды, а як дапаўзеш да «херувім», дык хоць сядзь дый плач — надта ж брыдка ў мяне гэта слова выходзіла. А маці ўжо й дзежку аскрабае.

Тут я ўжо не мог вытрымаць.

— Дальбог, не буду гаварыць! Згараць яны няхай з пацерамі! На чорта яны мне! — крычаў я праз плач. Але тут бацька браўся за сваю папружку...

Ну і балючая ж яна была, каб яе агні! — аж, здаецца, цяпер яшчэ шчыміць.

Тады ў мяне былі два найбольшыя страхі — вось гэта бацькава папружка ды бог, які заўсёды мог кінуць мяне ў пекла, дзе я буду кіпець па вушы ў смале.

Калі я трохі падрос ды пайшоў у школу, дык бацькаву папружку замяніла настаўнікава лінейка, а бог астаўся такім жа страшным, як і быў. Бывала, як стане расказваць настаўнік пра «страшны суд» ды пра «пекла», дык аж мурашкі па целе папаўзуць і валасы стануць дубка.

Вось і выйшаў, такім чынам, з мяне хлапец набожны, такі ж, як і мае бацькі.

Ну, і перадавалі ж мы ў той час богу нямала ўсякай усячыны. Кожны год — не цялё, дык парасё, не парасё, дык цялё пусцім у царкву, хаця каб бог жывёлу гадаваў, а ў саміх дык усяго і жывёлы было — адна кароўка ды адна свінка.

Самі, бывала, зрэбныя кашулі ды порткі насілі, а кужаль маці ўвесь богу аддавала: то на абраз, як носяць па вёсцы, то на абраз у царкву ці ў капліцу, то проста на «мшу».

Вось гэтак яно вялося, аж пакуль не памёр мой бацька. У якім гэта годзе было, я не памятаю, помню толькі, што гэта было неяк скора па калядах у пятніцу.

Паехаў я па папа. Прыехаў на двор ды і ў дом баюся заходзіць, бо я ж тады лічыў, што поп траха што роўны з богам.

Увайшоў я ў кухню, бачу — ля печы стаіць нейкая дзяўчына, а ў печы пячэцца кілбаса і яшчэ нейкія прысмакі.

— Ці можна папрасіць бацюшку, каб ехаў чалавека пахаваць? — запытаў я. Яна пайшла ў суседні пакой і праз хвіліну вярнулася.

— Бацюшка казаў, каб ты пачакаў. Бачыш, у яго сёння госці ды толькі што пачалі ў карты гуляць, дык няма часу,— сказала яна і, узяўшы з услону перапечку, пачала рэзаць яе ў ражку. І трэба ж здарыцца, што гэта была якраз тая перапечка, якую я даў папу, калі ён хадзіў па калядзе. Пазнаў я яе па крыжы на верхняй скарынцы, які маці заўсёды рабіла пальцам на перапечках, калі саджала іх у печ.

«Вось яно чаму богу так многа трэба»,— прыйшла мне ў галаву грэшная думка. Падумаў я і пра кілбасы, якія поп збіраецца есці ў пятніцу, і пра карты, у якія ён у той час гуляў.

«А дзе ж бог? Ці бачыць ён усё гэта?» — запытаў я сам сябе, але тут жа схамянуўся і тры разы перахрысціўся, каб адагнаць ад сябе грэшныя думкі.

Прасядзеў я тады чуць не дацямна ды так і не дачакаўся. Выйшаўшы, поп сказаў мне, каб я ехаў дадому ды прыязджаў заўтра.

Прывёз я назаўтра папа, пахаваў бацьку. Пачаставаўшы папа, запытаў, колькі яму трэба.

— Тры рублі,— адказаў ён.

— Бацюшка! Беднасць... сіроты раздзетыя асталіся... Можа б, было рубліка? — кажу.

— Грэх таргавацца. Супроць бога ідзеш, дый бацька на тым свеце гневацца будзе,— адрэзаў мне поп.

Злосць мяне ўзяла і на папа і на бога. Пазычыў я ў суседа тры рублі і кінуў іх папу на стол.

З тае пары мяне заўсёды нудзіла, калі я слухаў папоўскі казань.

З’яўляліся розныя думкі і пра бога, але ўсё ж такі адрачыся ад яго зусім я баяўся. Вазьму ды згавару калі-небудзь пацеры, хоць не цэлыя, скарочаныя. Няхай, думаю, будзе на ўсякі выпадак, можа, і спатрэбіцца.

Вось так, можа б, яно і дагэтуль цягнулася, але прыехаў на тую пару ў нашу вёску з горада студэнт — сын аднаго нашага селяніна. Ён ніколі не маліўся і не хрысціўся, не святкаваў свят і не пасціў пастоў. Нашы вясковыя звалі яго нехрысцем і бязбожнікам і трохі баяліся яго.

Вось і прышла мне ў галаву думка пайсці пагутарыць з ім. Прыйшоў я дый кажу яму: «Чалавек вы разумны і з вялікай адукацыяй. Мусіць, кажу, разумнейшы нават за папа, калі і яго не слухаеце, дык памажыце мне, калі ласка, разабрацца ў маіх думках пра бога, пра чорта і пра папа».

Ён неяк аж зарадаваўся, пасадзіў мяне і давай тлумачыць. Вылажыў ён мне ўсё як на далоні: адкуль і зямля ўзялася, як на ёй розныя жывёліны, а пасля і чалавек з’явіўся і як людзі сталі выдумляць розных багоў і кланяцца ім. У мяне нібы заслона спала з вачэй.

З тае пары я з богам ужо зусім расквітаўся. Жаніўся — дык абышоўся без папа, а цяпер вось скора і малое будзе, дык гэтаксама не думаю хрысціць. Што за карысць, што поп паплюхае яго ды яшчэ ў халоднай вадзе. Гатоў, чаго добрага, прастудзіць яшчэ. Я лепш сам пакупаю яго ў цёплай вадзіцы.

Гаспадыня тым часам паслала нам пасцель, і мы, разважаючы пра боскія справы, паспяшылі легчы, бо назаўтра трэба было зараней уставаць, каб папасці ў Койданаў, пакуль адчыніцца загаткантора.

1924




Беларуская Палічка: http://knihi.com