epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Янка Купала

У адным з першых сваіх вершаў, калі Янка Купала толькі-толькі выходзіў на літаратурны шлях, цяжкі і цярністы шлях паэта-рэвалюцыянера, паэта-барацьбіта, які прысвяціў усё сваё жыццё палкаму служэнню свайму народу, нястомнай барацьбе за яго шчасце, за яго лепшую долю,— ён пісаў:

 

Я не паэта, о крый мяне, Божа!

Не рвуся я к славе гэткай німала.

Хоць песеньку-думку і высную, можа,

                      Завуся я толькі — Янка Купала.

 

Славу паэтаў разносяць па свеце,

Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай,

Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?

                    Ат! ведама з вёскі — Янка Купала!

 

Кожны край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,

А беларусы нікога ж не маюць.

                    Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

 

Шчасце так рэдка над светам усходзе;

Усё ж досыць бывае меці хоць мала,—

Долю каб бачыў у родным народзе,

                  А быў бы шчаслівы Янка Купала.

 

Незабыўныя радкі гэтага верша з’явіліся тым палітычным і паэтычным крэда, ад якога ніколі не адступаў і не адступіў паэт у сваёй творчасці і ў сваёй грамадскай і палітычнай дзейнасці. Для Янкі Купалы шчасце народа было вышэй за ўсё. Дзеля гэтага шчасця паэт пайшоў на барацьбу з усім старым, ненавісным укладам жыцця, з усім грамадскім ладам, народжаным царызмам. Старая царская Расія была велізарнай турмой народаў. Пад падвойным уціскам — сацыяльным і нацыянальным — жыў беларускі народ. Мова яго не мела правоў грамадзянства. На гэтай мове забаронена было друкавацца, вучыцца ў школе, выступаць публічна, пісаць афіцыйныя дакументы. Гэту мову называлі мужыцкай, хамскай. Беспрацоўны народ быў пад жорсткай эксплуатацыяй абшарнікаў і царскіх сатрапаў. Народ быў амаль пагалоўна непісьменны, вечнымі спадарожнікамі яго былі галеча, голад, хваробы, забабоны. Былі цэлыя раёны, якія літаральна выміралі ад хвароб і ад голаду. Не ў інтарэсах царскага самаўладства было клапаціцца аб патрэбах беларускага народа, як, між іншым, і аб патрэбах любога іншага народа былой імперыі. «Падзяляй і ўладай» — гэты няхітры і не новы прынцып ляжаў у аснове ўсёй, з дазволу сказаць, нацыянальнай палітыкі царскага ўрада, які нацкоўваў адны народы на другія і ўсталёўваў свой дабрабыт на народнай крыві, на народных муках.

У гэтыя змрочныя гады царызму мужна прагучала першае паэтычнае слова Янкі Купалы:

 

Але хоць колькі жыць тут буду,

Як будзе век тут мой вялік,

Ніколі, браткі, не забуду,

                          Што чалавек я, хоць мужык.

І кожны, хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

                          Я буду жыць! — бо я мужык!

 

Ужо ў гэтым першым вершы, надрукаваным чатыры дзесяткі год таму назад, пачуў беларускі народ голас палкага паэта-трыбуна, якім быў і застаўся Янка Купала да апошніх дзён свайго жыцця.

У гэтых першых сваіх паэтычных радках Янка Купала выказаў сваё кроўнае, арганічнае адзінства з народам, з яго горам і жалем, з яго радасцю і шчасцем. Ён акрэслена, ясна, без ваганняў і разваг назваў той адрас, куды завернуты былі ўсе думкі, усе надзеі паэта. Гэты адрас застаўся нязменным да апошніх дзён паэта. Гэты адрас ясна відзён у любым творы, у любым слове Янкі Купалы.

 

Я не для вас, паны, о не,

Падняць скібіну слова рвуся

На запусцелым дзірване

Сваёй старонкі Беларусі,

                        Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не,

А я для бедных і загнаных,

Я з імі мучуся ўраўне,

Ў адных закут з імі кайданах...

                        Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не!..

Я — для тых цёмных, нешчаслівых.

Ад іх і водгаласак мне

Прымчыцца па лясах, па нівах.

                      А не для вас, паны, о не! —

 

піша Янка Купала ў 1907 годзе. Так Янка Купала быў звязаны агульнымі кайданамі з народам, які яго нарадзіў. Выхадзец з беззямельнай сям’і, якая ўсё жыццё перабівалася на чужой зямлі абшарніка і аддавала львіную долю сваёй працы гэтаму багацею, Янка Купала з самых ранніх год адчуў усю глыбіню чалавечага бяспраўя, прыгнёту і знявагі. Ён ведаў цану чалавечаму гору, ён сам спазнаў эксплуатацыю чалавека чалавекам, страшнае зло сацыяльнай няроўнасці і нацыянальнага прыгнёту. І толькі ён, які выгадаваў у сваім сэрцы пякучую нянавісць да гвалту над чалавекам, да сацыяльнай несправядлівасці, мог напісаць такія непаўторныя, поўныя суровага хараства радкі, ад якіх вее веліччу народнага эпасу:

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

— Беларусы.

А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

— Людзьмі звацца.

Гэты верш быў перакладзены на рускую мову Аляксеем Максімавічам Горкім, які бачыў у асобе Янкі Купалы вялікага паэта-рэвалюцыянера, жыццё і лёс каторага неаддзельны ад жыцця і лёсу самога народа.

Янка Купала — народны паэт у самым глыбокім, у самым сапраўдным сэнсе гэтага слова. У самыя змрочныя гады чорнай рэакцыі, у гады самаўладства ён заклікаў родны народ да рашучай барацьбы з царскімі сатрапамі, якія ўціскалі ўсё жывое, усё прагрэсіўнае ў краіне. Палкае слова паэта абуджала ў народзе чалавечую праўду, клікала назаўсёды расстацца з адвечнай «крыўдай-нядоляй». Трэба была вялікая мужнасць, трэба было валодаць сапраўды сэрцам Данко, каб у суровыя, непраглядныя ночы ліхалецця асвятляць народу шлях да свабоды і шчасця. І Купала меў гэтую мужнасць, у ім білася гарачае сэрца адданага сына беларускага народа, у ім была воля да барацьбы, у ім была невычарпальная вера ў творчыя сілы народа.

Гэта вера ў народ, у яго сілы давала паэту глыбокую ўпэўненасць у канчатковай перамозе беларускага народа над усімі нягодамі мінулых стагоддзяў, над горам, над палітычным бяспраўем. Гэта вера ў народ акрыляла яго вольнае паэтычнае слова, рабіла гэта слова мужным, глыбокім і гучным, як медзь звону.

Пачатак паэтычнай дзейнасці Янкі Купалы адносіцца да 1905 года. Рэвалюцыйныя падзеі гэтага года дапамаглі Янку Купалу ўсвядоміць жыццё, дапамаглі аформіць яго пачуцці і думкі ў пякучую нянавісць да існуючага ладу, у бязмежную любоў да прыгнечанага чалавека, да свайго народа, знясіленага пад уціскам вялікай сацыяльнай несправядлівасці, народа-пакутніка, народа-нявольніка. Іменна рэвалюцыя 1905 года, якая абудзіла творчыя сілы народа, узняла на сваіх хвалях маладога, таленавітага беларускага паэта. Вялікі душой і сэрцам, чулы, адзыўчывы, чалавек вялікага розуму, Янка Купала становіцца сапраўдным трыбунам народа, выказнікам яго лепшых думак і жаданняў. Уся яго паэтычная творчасць выліваецца ў бурны сацыяльны і нацыянальны пратэст, у палкія заклікі да свайго народа на барацьбу за сваю лепшую будучыню, барацьбу безупынную, дзейсную. Гэтым духам сацыяльнага пратэсту, гэтай жорсткай непрымірымасцю да існуючай сапраўднасці поўны кожны верш Янкі Купалы. Цяжка, амаль немагчыма знайсці такі твор Янкі Купалы, дзе б паэт аддаляўся ад зямлі, ад яе непрыгляднай сапраўднасці, ад яе горкай аголенай праўды. Ён ніколі, нават у самыя змрочныя гады чорнай рэакцыі, не будаваў сабе паэтычных замкаў, не адрываўся ад зямлі з усімі яе радасцямі, горам і нягодамі. А гора і нягод хапала. Паэзія Янкі Купалы была заўсёды зямной у лепшым сэнсе гэтага слова. Яна была шматграннай, як жыццё, праўдзівай і хвалюючай, як жыццё. З’яўляючыся выражэннем сапраўдных пачуццяў народа, яна заўсёды была народнай. Аб чым бы ні пісаў паэт — аб роднай вёсцы, аб спелай ніве, аб зменах часу года, аб каханай дзяўчыне, заўсёды і ўсюды вы сустрэнецеся з глыбокімі сацыяльнымі матывамі, якія хвалявалі душу і сэрца паэта.

Вось нявінны, здавалася б, верш «Касцу», а прыслухайцеся да яго слоў, і вы ўбачыце, якую вялізную сілу нёс ён у беларускія сялянскія масы тых год:

 

Быў даўней народ хітрэй,

Не знаў стрэльбаў, дык аей!

Коскі шаблямі былі,

Ваяваць з імі ішлі.

 

Касу ў шыйцы адагне,

І пасадзіць, і махне;

Смерць таму, хто не зышоў:

Касой рэзалі ўрагоў.

 

І гарматаў быў не страх,

Грамада — вялікі гмах:

Адзін ляжа, сто ідзе,

А хто ж роўны грамадзе?!

 

Верш «Захад сонца» заканчваецца палкім заклікам да сонца «распаліць агні веры ў будучнасць», веры ў тое, «што дзён лепшых мы дачакаемся». У вершы «Зіма» паэт гаворыць, што пройдзе гэты страшны час «і ўскрэсне зноў вясна». У вершы «І як тут не смяяцца», які выкрываў стракаты натоўп народных крывапіўцаў і трутняў, Янка Купала робіць намёк на пажаданы канец гэтых трутняў:

 

І як тут не смяяцца

І праўды не сказаць:

Варон на свеце многа,

Ды некаму страляць.

 

У вершы «Вясенняя раніца»— у звычайным, здавалася б, прыродаапісальным творы, дзе аддадзена належная даніна і сонечным праменням, і песням птушак, і лісцям, і травам, і ранішняму дыму з коміна сялянскай хаты,— мы нечакана сустракаемся з заклікам, які амаль нічога агульнага не мае з росамі і туманамі, з нявінным шчабятаннем птушак:

 

Куй, браце, жалеза,

Пакуль не астыла.

 

У вершы «Яшчэ прыйдзе вясна» паэт заклікае народ не баяцца таго, «што насільства ўсю праўду здушыла, што смерць густа капае магілы». Усё гэта пройдзе, усё гэта мінецца, і «яшчэ прыйдзе вясна».

Паэт ведаў, для якога чытача пісаў ён свае творы, ведаў жыццё свайго народа, яго патрэбы, яго імкненні. Кожнае сваё слова ён ставіў на службу народа, кожным сваім словам, кожнай песняй сваёй імкнучыся дапамагчы народу выйсці на новыя, светлыя шляхі, назаўсёды расстацца з праклятым мінулым. У адным з вершаў Янка Купала яскрава выразіў мэты і задачы сваёй паэтычнай творчасці:

 

Песня мая не шукае чырвонцаў,—

Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям,—

Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы,

Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.

Пеці і з часам, у добрую пору,

Выклікаць водклік у сонным сяле...

Усю Беларусь — неабнятну, як мора.

Убачыць у ясным, як сонца, святле.

 

Паэт сурова асуджае творчасць, якая няздольна выклікаць водгук у родным народзе, творчасць дзеля творчасці, мастацтва дзеля мастацтва. У адным з іранічных вершаў «Каму вас, песні» Янка Купала на хвіліну ставіць сябе ў становішча паэта, творы якога не дайшлі да народа, а валяюцца на пыльных паліцах, і над імі працуюць, у меру сіл, пацукі ды ўсялякі «вучоны моль», час ад часу ператрэсваючы пажоўклыя, з’едзеныя старонкі і вывучаючы па гэтых нікчэмных рэштках мінулае Беларусі. «Спалі вас, песні, дым чырвоны, чым мае гэткі лёс спаткаць!» — да такога вываду прыходзіць паэт. Ён заўсёды разглядае сваю творчасць як высокае служэнне народу і заўсёды быў занепакоены вынікамі гэтай творчасці, яе водклікам у народзе. У выдатным вершы «Жніво», апісваючы даспелую залатую ніву, якая «ссівелы ўжо колас схінула к мяжы у сумным шаптанні: дзе, жнеі мае, вы?» — Купала дае прыгожы малюнак жніва, адданую працу жней «пад жніўныя, вечна старыя напевы»:

 

Спагадная, нудная песня плыве,

Губляючы ў пушчы свае пералівы,

У шэлестах белага коласа нівы.

Плыве гэта песня ка мне і заве,

І ў сэрцы звініць, як каса ў траве:

Ты так жа, брат, сееш... а дзе тваё жніва?

 

Гэта былі думкі паэта-грамадзяніна, паэта, які любіў сваю зямлю, свой народ, сваю радзіму.

Янка Купала ніколі не пакідаў свайго народа. Ён быў з ім заўсёды — і ў горы, і ў радасці. І ў любых умовах ён заклікаў яго ісці толькі ўперад. Паэзія Купалы не ведала кампрамісаў, не ведала безнадзейных разважанняў, беспрасветнага песімізму. Вялікай жыццесцвярджальнай сілай напоўнена кожнае слова бяссмертнай купалаўскай паэзіі. Гэтым тлумачыцца сапраўдная народнасць твораў паэта, іх шырокая папулярнасць у чытача: рабочага, калгасніка, інтэлігента. Нават само імя паэта — Янка Купала — раскрывае перад намі ўсю існасць непаўторнай купалаўскай паэзіі, якая пранікае глыбока, глыбока ў жывыя крыніцы народнага слова, народнай творчасці. Янка Купала — сапраўдны нацыянальны паэт. У яго вершах паўстае перад намі жывая Беларусь. У іх чуецца нам зялёны шум беларускіх лясоў, шэлест каласістага жыта на палях, перазвон лугавых званочкаў, песні жней, мелодыі пастуховай жалейкі, цішыня сонечнага захаду і грозныя рокаты навальніцы. У іх ажываюць тонкія акварэльныя фарбы беларускай прыроды, васільковая сінь беларускіх азёр і рэк і квітнеючых ільняных палёў. У іх знаходзім мы гісторыю беларускага народа. І самае галоўнае — усе думкі, усе надзеі і жаданні народа,— вось чым напоўнена невычарпальная купалаўская паэзія. Беларус, яго жыццё, яго псіхіка, звычаі, традыцыі, усе своеасаблівасці быту, якія склаліся вякамі, грамадскага ладу,— усё гэта знаходзіць яркае адлюстраванне ў купалаўскім слове. І разам з гэтым творчасць Янкі Купалы, як творчасць усякага вялікага мастака, мае столькі агульначалавечых рыс, што яна даўно перарасла рамкі нацыянальнай літаратуры і стала з’явішчам агульначалавечай сусветнай культуры. Іменна Янка Купала разам з паплечнікам сваім Якубам Коласам паклалі аснову сучаснай беларускай літаратуры, вывелі гэту літаратуру з замкнёнага кола нацыянальнай абмежаванасці, са становішча краявой літаратуры, літаратуры, якая мела вузка этнаграфічнае значэнне і гучанне. Вялікая і пачэсная роля Янкі Купалы ў сучаснай беларускай літаратуры. Як заснавальнік, ён шмат чаго зрабіў і для далейшага яе росту, росквіту, шмат зрабіў і для развіцця сучаснай літаратурнай мовы. Вялізны ўплыў яго на цэлае пакаленне беларускіх паэтаў, для якіх ён быў сапраўдным прыяцелем і настаўнікам. Няма ні адной галіны ў беларускім мастацтве, якая б не мела пэўнага ўплыву творчага генія паэта. Ён адчуваецца і ў драматургіі, і ў музыцы, і ў жывапісе. І не толькі мастацтва цесна звязана з імем Янкі Купалы. З яго імем звязана і наша навука і асвета народа, яго выхаванне. Янка Купала — гэта цэлая гістарычная эпоха ў жыцці беларускага народа. Вялікі паэт быў, па сутнасці, адным з найвыдатнейшых асветнікаў беларускага народа, і яго імя будзе паўтарацца ў вяках такжа, як імя вядомага асветніка народа Георгія (Францішка) Скарыны. Няма той галіны грамадскай працы, якой бы не цікавіўся і ў якой не ўдзельнічаў бы Янка Купала. Ён пільна прыглядаўся да масавага калгаснага руху на вёсцы, праводзіў там цэлыя месяцы, уважліва вывучаючы тыя велізарныя зрухі, якія змянілі нават знадворны выгляд нашай вёскі, паклалі свой адбітак на беларускім пейзажы, не гаворачы ўжо аб велізарнейшых зменах у побыце вёскі, у яе матэрыяльным і духоўным жыцці, у светапоглядзе беларускага селяніна, які стаў калгаснікам. Сваімі асабістымі сувязямі з калгаснікамі, а яшчэ больш сваім паэтычным словам Янка Купала змагаўся за калгасны лад, за новае жыццё вёскі. Асабістыя сувязі, знаёмствы выліваліся ў пранікнёную дружбу паэта і калгаснікаў. Яны сустракалі яго з выключнай гасціннасцю, як самага роднага, самага блізкага сабе чалавека. Няма нічога дзіўнага, што Янка Купала добра ведаў сучасную вёску, і гэтае глыбокае веданне жыцця калгаснікаў дапамагло яму напісаць шэраг выдатных вершаў, хвалюючых, шчырых, якія адыгралі вялізную ролю ў ліквідацыі старой, беспрасветнай мінуўшчыны беларускага сялянства.

Ён чула ставіўся да ўсяго новага ў жыцці народа і з захапленнем вітаў гэтае новае сваім паэтычным словам. У выніку доўгага прабывання паэта на Палессі ў час правядзення там буйных меліярацыйных работ ім напісана была паэма «Над ракой Арэсай», якая па-новаму раскрывала перад намі Палессе і яе жыхароў, што не так даўно і людзьмі сябе не лічылі, называючыся «палешукамі».

Старая, гнілая, наскрозь рэакцыйная экзотыка Палесся назаўсёды адышла ў мінулае. У паэме Купалы перад чытачом паўстае малюнак ператварэння непраходных і шкодных для жыцця чалавека балот у прыгожы ўраджайны край, дзе зніклі ўсякія чортавы вокны, плёсы русалак, завадзі вадзяных і на іх месцы зазелянелі пладавітыя нівы і пашы. Разам са шкодным балотным туманом развеяўся і туман забабонаў. Школа, клуб, бальніца, электрастанцыя сталі ўваходзіць у быт палескага жыхара. Самалёт прыносіць гэтаму жыхару штодзённую газету. Гэтакія значныя змены адбываюцца амаль усюды на Беларусі.

Паэтычным летапісцам гэтых змен, іх актыўным удзельнікам быў Янка Купала.

Старой, аджыўшай рэчаіснасці прысвячае паэт свой верш «Сыходзіш, вёска, з яснай явы...»:

 

Як сон маркотны, нежаданы,

Сыходзіш, вёска, з яснай явы,

А твой народ вернападданы

Імкнецца, скінуўшы кайданы,

Да новай долі, новай славы.

З жабрацкай торбай твой патомак

Не пойдзе па сібірным шляху

Шукаць прытулку, як бяздомак:

Жудкі гісторыі абломак

Пад сказ дзён бурных згібне прахам.

Бо твой народ вернападданы

Ідзе ўжо, скінуўшы кайданы,

Да лепшай долі, лепшай славы.

 

Шмат напісаў Янка Купала вершаў аб новай вёсцы. Лепшыя з іх — «Лён», «Вечарынка», «Песня трактарысткі», «Алеся», «Сыны», «Хлопчык і лётчык» і іншыя. Радасцю вызваленай плённай працы вее ад гэтых твораў. Вазьміце такія радкі, як «Ох, лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!». У іх жыве і будзе вечна жыць сонечная прываблівасць купалаўскага верша, які апяваў чалавечую працу на свабоднай, шчаслівай зямлі.

 

Неба сеяла цяпло,

Цёплы дожджык церушыў,

У думках радасна было,

Беглі песні ад душы.

 

Песні спяваліся ад душы, ад душы пісаліся непаўторныя купалаўскія радкі:

 

Сэрца ныла, бы з нуды,

Бо сама была не ўся,—

Спадабала я тады

Брыгадзіра Міхася.

 

Спее лянок, адцвітае, час убіраць яго, рассцілаць:

 

А як слала я лянок

На зялёным на лугу,

Дзе папаўся Міхасёк,

Цалавала на бягу.

 

А калі пасля дбайнай апрацоўкі «засвяціў, як цудны сон, лён шаўковым валакном», калі «промень ясны загуляў па страсе і па сцяне»,— «хату новую стаўляў брыгадзір мой для мяне». Так праз прыгожы лянок — «валакністы, залацісты» — перададзена складаная гама перажыванняў і пачуццяў чалавека новай вёскі: яго радаснае ўспрыманне жыцця, творчае захапленне працай, шчасце кахання. Такой жа сонечнай цеплынёй вее і ад верша «Вечарынка» і ад шмат якіх іншых купалаўскіх радкоў, якія апявалі новае, калгаснае жыццё, вызваленне жанчыны сялянкі, яе актыўнае ўключэнне ў грамадскае жыццё, стварэнне новай сям’і, новых узаемаадносін паміж людзьмі, будаўнікамі новага жыцця.

Выключна чула ставіўся Янка Купала да моладзі, да яе перадавой часткі — да камсамольцаў. У моладзі ён бачыў тых, каму належыць яшчэ больш прыгожае будучае. Ён называе яе арлянятамі.

 

Гэй, узвейце сваім крыллем,

Арляняты, буйна, бурна,

На мінулых дзён магіле,

Над санлівасцю хаўтурнай!..

 

Яе заклікае ён свята захоўваць здабытую свабоду, смела стаяць за яе ў цяжкую хвіліну.

Яе заклікае ён пець: «...каб вы пелі, не сціхалі ў радасці і ў горы».

Яе заклікае ён быць заўсёды бурлівай і кіпучай, каб заўсёды грымеў яе гімн «і людзей яшчэ скаваных заклікаў на волю».

Шмат прачулых слоў прысвячае Купала камсамольцам, называючы іх «нашым юнацтвам, нашай зменай».

 

Далей, вышай, у прасторы

Па ўраджай з сяўбы багаты,

Камсамольцы-вярнігоры,

Сталінскія арляняты!

 

Чытач знойдзе ў Янкі Купалы шмат цёплых слоў аб нашай гераічнай Чырвонай Арміі, яе перамогах, яе легендарных правадырах, яе арганічным адзінстве з шматмільённым савецкім народам.

Янка Купала глыбока разумеў вялізнае значэнне вялікай плённай працы, якая праведзена і праводзіцца ў краіне Камуністычнай партыяй. З глыбокай любоўю прысвячае ён самыя лепшыя свае, самыя задушэўныя вершы Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну:

 

Табе, правадыр, мае песні і думы

І шчырыя шчырага сэрца парывы!

Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў,

Што буду я вольны, што буду шчаслівы.

 

Гэты верш паэт заканчвае палкім заклікам да сваёй краіны, да свайго народа:

 

Цвіці ж, каласуйся, мой край,

Ці сонейка захад, ці ўсход!

Аб Сталіне песні спявай,

Спявай, беларускі народ!

 

У вершы «Аб Сталіну-сейбіту» Янка Купала піша:

 

Як песня, жыве яго імя ў народзе,

У кожным здарэнні, у кожнай прыгодзе,

Ці майскае свята ў жывым карагодзе,

Ці свята Кастрычніка ў хаты прыходзіць,—

Як песня, жыве яго імя ў народзе.

Глядзяць і ўсё бачаць яго зоры-вочы

Скрозь светлыя дні, скрозь туманныя ночы...

Аб Сталіну-сейбіту песня мая,

А песня ад казак, чароўных тых сноў,

Што сталіся яваю нашага дня,

Што збавілі долю ад пут, ланцугоў.

 

У гэтым жа вершы ёсць некалькі радкоў, якія непаўторна перадаюць усю існасць нашай эпохі, нашай сапраўднасці:

 

Багата ўраджаем

Зямля расквітнела,

У будучнасць людзі

Узіраюцца смела.

 

З гэтым вершам пераклікаецца і другі — «А мы сабе сеем і сеем»:

 

З усмешкаю жыццю глядзім у вочы,

Жыццё нясе нам свой багаты дар,

Нясе, а сонцам развідняе ночы

Руплівы наш крамлёўскі гаспадар.

 

Янка Купала — не толькі адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры, не толькі вялікі паэт беларускага народа. Ён адзін з буйнейшых паэтаў вялікай і шматнацыянальнай савецкай паэзіі. Яго творы шырока вядомы працоўным усіх рэспублік Савецкага Саюза. Мы ведаем выпадкі, калі некаторыя вершы паэта арганічна ўрасталі ў фальклор таго або іншага народа і нараджаліся занава як песні гэтага народа.

Янка Купала быў родным, блізкім і зразумелым для ўсіх народаў Савецкага Саюза. Для рускага ён быў рускім, для ўкраінца — украінцам, для грузіна — грузінам, для казаха — казахам. Колькі пяшчотных, чулых радкоў прысвяціў Янка Купала брацкай Украіне, яе вялікаму паэту-бунтару Тарасу Шаўчэнку. І ў нашы дні прароча гучаць словы паэта, якія напісаны ім некалькі год таму назад:

 

Украіна! Табе вораг

Ніякі не страшан...

 

Хто ж памкнецца табе здрадзіць,

Зноў капаць магілу,—

У Дняпры сваім патопіш

Варожыя сілы.

 

А вось словы Янкі Купалы аб сонечнай Грузіі:

 

Змераў стагоддзі народ ваяўнічы,

Люд Імерэці, Кахэці, Картвелі.

Песнямі скарбы радзімы вялічыў,

Вернасць і дружбу расціў з Руставелі.

 

У паэтычнай спадчыне Янкі Купалы ёсць шмат твораў, якія прысвечаны розным народам нашай радзімы, іх непарушнай дружбе, іх лепшым сынам — Джамбулу Джамбаеву, Сулейману Стальскаму і іншым паэтам.

 

Казах, беларус пяюць песні адны,

Радзімы аднэй арляняты-сыны.

 

У гэтым брацкім адзінстве народаў нашай радзімы — вялікая наша сіла, залог нашай перамогі ў гады цяжкіх выпрабаванняў.

Вялікая і даўняя дружба звязвала Янку Купалу з рускім народам і яго культурай. Мы ведаем, як высока цаніў творчасць нашага песняра Аляксей Максімавіч Горкі, ахарактарызаваўшы Янку Купалу як паэта-рэвалюцыянера.

Аб Горкім паэт гаворыць заўсёды з вялізнай душэўнай цеплынёй і яму прысвяціў адзін з лепшых сваіх вершаў:

 

Вачэй тваіх ясных зара-зараніца

Як ясна свяціла, так будзе свяціцца,—

Ці то сярод вёснаў, ці то сярод зім,

Усім пакаленням, народам усім.

 

Называючы Горкага настаўнікам і другам, паэт успамінае, як адзначыў Горкі яго песні, адзначыў і ўхваліў, уліўшы новыя сілы ў сэрца паэта:

 

А песня была з беларускіх загонаў,

Аграбленых, скованых царскім законам.

Былі мае словы: — А хто там ідзе?

А ты быў магутны ў сваёй барацьбе.

Сягоння іначай — не стогне, не плача

Мой край раскаваны, багаты, юначы,

І песні свабодна звіняць з краю ў край,

Ці гэта кастрычнік, ці май?!

 

Сябраваў Янка Купала з выдатным рускім паэтам Валерыем Брусавым, быў блізкім другам многіх сучасных яму пісьменнікаў і паэтаў — рускіх, украінскіх, грузінскіх і іншых.

Творы паэта шырока вядомы не толькі ў межах Беларусі і Савецкага Саюза. Яны перакладаліся на шмат якія мовы народаў еўрапейскіх краін і Амерыкі. Купалу як выдатнага славянскага паэта добра ведае і чытач славянскіх народаў і дзяржаў.

Вельмі многа зрабіў паэт і для азнаямлення свайго народа з культурнымі каштоўнасцямі і дасягненнямі іншых народаў. Янка Купала перакладаў на беларускую мову лепшыя творы літаратур брацкіх народаў, перакладаў некаторых еўрапейскіх паэтаў. Яму належаць лепшыя ў беларускай літаратуры пераклады вершаў вялікага ўкраінскага паэта Тараса Грыгор’евіча Шаўчэнкі.

Шырокая і шматвобразная была творчая праца Янкі Купалы. Вялізная і пладатворная была яго грамадская і дзяржаўная дзейнасць. Ён прымаў актыўны ўдзел у кіраўніцтве літаратурным рухам у сябе на Беларусі і ў літаратурным жыцці ўсяго Савецкага Саюза. Ён вёў вялікую непасрэдную работу па рэформе беларускага правапісу, рэдагаванню лінгвістычных прац, выданню беларуска-рускіх і руска-беларускіх слоўных прац, выданню беларуска-рускіх і руска-беларускіх слоўнікаў. Янка Купала быў у апошнія гады дэпутатам Мінскага гарадскога Савета і Вярхоўнага Савета Рэспублікі. Прымаючы непасрэдны ўдзел у навуковым жыцці краіны, ён быў акадэмікам Беларускай і Украінскай Акадэмій навук.

Палкі патрыёт савецкай радзімы, лепшы і адданейшы сын беларускага народа, Янка Купала глыбока перажываў гора свайго народа, жорсткія выпрабаванні, якія выпалі на долю шматпакутнай Беларусі, разбуранай, абрабаванай полчышчамі зверападобных вандалаў сучаснасці.

Перад яго зрокам тады праплывалі жудасныя малюнкі...

Пачырванелі ад крыві чыстыя рэкі нашай краіны; ад Брэста да Крычава, ад Турава да старажытнага Полацка закружыліся злавесныя віхуры пажарышчаў, крывавым зарывам асвятляючы наступіўшую ноч Беларусі. У руінах Мінск. Дымяцца Гомель і Віцебск, Гродна і Магілёў, вялікія і малыя гарады Беларусі. У агні вёскі і мястэчкі. Знішчаны тэатры і школы, універсітэт і Акадэмія, бальніцы і клубы. Апаганены святыні народа. Разграблена народнае дабро. Расстрэльваюцца і вешаюцца ворагам лепшыя сыны і дочкі народа. Паміраюць на пажарышчах галодныя дзеці. Зняважаны маткі і сёстры. Цень шыбеніцы распрасцёрся над беларускай зямлёй, залітай рэкамі нявіннай народнай крыві, якая праліта лютымі, адзічэлымі ў сваім чалавеканенавісніцтве праклятымі бандамі фашыстаў.

Няма ўжо на Беларусі вышэйшых навучальных устаноў, якіх было больш за два дзесяткі. Няма яе прыгожых тэатраў. Няма яе каштоўнейшых бібліятэк і музеяў. Няма яе Акадэміі навук. Усё разбурана, спалена, раскрадзена ненаеднай гітлераўскай ардой, якая прынесла ў нашу краіну ўсе жахі змрочнага сярэднявечча, вярнуўшы яе да часоў нявольніцтва, да часоў самай гнуснай кабалы.

Як жа глыбока ненавідзеў Янка Купала гітлераўскую арду, гэтыя брыдотныя адкіды сучаснага чалавецтва!

Гэта нянавісць была нязгаснай.

У адным з сваіх артыкулаў паэт пісаў:

«Калі вораг сарве яблыка, паспеўшае ў нашым садзе, яно разарвецца ў яго руках гранатай!

Калі ён сажне жменю нашых цяжкіх каласоў, зерне вылеціць і паразіць яго свінцовым дажджом!

Калі ён падыдзе да нашых чыстых, сцюдзёных крыніц, яны перасохнуць, каб не даць яму вады!»

І яблыка ўзрывалася гранатай. Каласы стралялі свінцовым дажджом. Перасыхалі сцюдзёныя крыніцы.

Народ-волат, народ-герой не стаў на калені. Народ знішчаў ворага, як знішчаюць шалёных псоў. Народ чуў вогненны заклік паэта:

 

Цень забітых матак, дзетак,

Дзедаў вашых і бацькоў,

Акрываўленых палетак

Клічуць мсціць крывава гэтак,

Як не мсцілі ад вякоў.

Не давайце гадам сілы

Над сабою распрасцерць,

Рыйце загадзя магілы,

Вырывайце з жывых жылы,

Кроў за кроў, а смерць за смерць!

 

Барацьбу не на жыццё, а на смерць вёў наш народ з азвярэлымі ордамі крыважэрных захопнікаў. Не гасла полымя партызанскай барацьбы; яно гарэла, разгаралася, перарастаючы ў вялікае народнае паўстанне. У гэтым полымі свяціла нам і купалаўскае сэрца, якое бязмежна любіла свой народ, да канца ненавідзела ворагаў, якое ведала толькі адно дачыненне да ворага:

Смерць за смерць, а кроў за кроў!

Янка Купала памёр. Бяссмертная паэзія вялікага паэта беларускага народа будзе вечна жыць у нашых сэрцах, у сэрцах нашых нашчадкаў, у сэрцах верных сыноў Беларусі, якой аддаў усё сваё жыццё і сваё палкае сэрца Янка Купала. На ўрне з прахам яго чытаем мы некалькі слоў з шчодрых багаццяў мудрай і велічнай купалаўскай паэзіі:

Мне сняцца сны аб Беларусі!

Развітваючыся з вялікім паэтам, беларускія пісьменнікі і паэты пакляліся над яго труной:

«Каб пабачыць родную Беларусь, каб змыць з роднай зямлі ўсе патокі крыві, ачысціць неба яе ад дымнага чаду пажарышчаў, мы нясем і абрушым на ворага ўсю невычарпальную нянавісць, якую ты дапамог узрасціць у нашых сэрцах. Мы клянёмся табе, што гэта нянавісць да ворага такая ж глыбокая, як наша любоў да роднай зямлі, да свайго народа, такая ж бязмежная, як бязмежна само жыццё — вечнае, радаснае, заклікаючае. Гэтакая яна і ў тваіх бяссмертных песнях.

Бывай жа, дарагі настаўнік і друг!

Да сустрэчы з песняй тваёй на роднай зямлі!»

І гэта сустрэча адбылася. Магутная Чырвоная Армія Савецкага Саюза разам з партызанамі беларускіх гарадоў і вёсак зламала, скрышыла і выгнала нямецка-фашысцкія банды за межы Савецкай Беларусі, загнала ў іх уласнае логава і дабіла там. Беларускі народ, закасаўшы рукавы, узяўся за адбудову сваёй краіны, каб зноў бачыць яе такой, якой бачыў яе ў сваіх паэтычных снах Янка Купала.

Янка Купала жыў, жыве і будзе вечна жыць у бяссмертных творах народаў вялікай савецкай радзімы.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан