epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Едзе крытык малады

Да 23 красавіка 1932 г.

 

На замораных гнядых,

Сам непадкаваны,

Едзе крытык малады

З пугай дратаванай.

 

Воз нялёгкі па гразі

Па калодкі грузне:

— Гэй, папутнік, не бузі!

Шавялі, саюзнік!

 

Вось дастану па вушах!

Гэй, шамкамі бразгай!

Выпаўзай на біты шлях

З каляіны гразкай!

 

Ходзіць пуга па хвасце:

— Не бал-лу-уй, папу-утнік!

На пятнаццатай вярсце

Не сцярпеў пакутнік:

 

— Крытык! Родненькі! Даруй

Мне з маёю музай!

Кіраваць-то ты кіруй,

Ды не вельмі тузай.

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 242
Крыніца: скан