epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ёлкі і палкі

Як і мінулы, гэты год фашысты рыхтаваліся сустракаць у Маскве.

Пра гэта яны марылі яшчэ з вясны. Яшчэ ў летнюю спёку перад іх вачамі ўставалі аснежаныя вежы Крамля, залітыя электрычным святлом залы. І ёлкі... кашлатыя, багатыя, з Дзедам Марозам, з яркімі каляровымі ліхтарыкамі, з залатымі арэхамі. З чынамі, крыжамі, пасадамі, маёнткамі...

А на сталах — і кілбасы, і кумпякі, і іншыя смачныя рэчы, пры ўспаміне аб якіх фашысты ўжо тры гады слінку глытаюць.

Так уяўлялася акупантам перамога на савецка-германскім фронце, якую Гітлер абяцаў ім у 1942 годзе. Абяцанка-цацанка, а дурню радасць. Захопленыя прывідам перамогі, фашысты аж са скуры лузаліся, крывёй сплывалі і ўсё лезлі наперад. Лезлі на Сталінград, які яны лічылі ключом да Масквы і да перамогі. А Гітлер пасцёбваў іх і пакрыкваў: «Ану, мілыя! Ану, непераможныя! Ану, папніся! Яшчэ разок! Мы ўжо на парозе перамогі. Ды ну ж, воўчае мяса!..»

Бізун хадзіў па худых рэбрах. Гітлераўцы цяжка вадзілі ўзмыленымі бакамі, упадалі на калені, грызлі зямлю. Забыўшы мудрую прыказку: «Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш»,— Гітлер аб’явіў, што Сталінград ужо ўсё адно як і ўзяты. І толькі ён крыкнуў «гоп», як Чырвоная Армія так гопнула па арыйскім чэрапе, што ў фашыстаў і вочы на лоб палезлі.

Не давялося нямецкім захопнікам і ў гэтым годзе спраўляць ёлку ў Маскве. Замест ёлак на іх долю выпалі адны толькі палкі. Былі, праўда, сякія-такія ёлачныя ўкрасы і гасцінцы — напрыклад, каляровыя ліхтарыкі... Ды якія там ліхтарыкі! Добрыя ліхтары... у фашыстаў пад вачыма.

І арэхі былі... Не залатыя, праўда, свінцовыя... Але нічога, гітлераўцы кажуць, што здаволены імі па горла.

І карагод быў... Яго спраўлялі дваццаць дзве фашысцкія дывізіі, акружаныя нашымі войскамі пад Сталінградам. Кружыліся яны, кружыліся, аж пакуль з ног не зваліліся. Так пры нашай дапамозе і падохлі.

І кумпякі былі... Праўда, не свіныя і не вэнджаныя. Гэта былі кумпякі конскай падлы, якімі фашысцкія ваякі ласаваліся яшчэ перад Новым годам. К Новаму году ад падлы асталіся хвост ды капыты. Але пасля добрага карагода і гэта прысмакі. Фашыстам было мо і не даспадобы, але нічога не зробіш. Як кажа руская прыказка — «по барину и говядина».

Наогул, да нас даходзяць чуткі, што нашы навагоднія гасцінцы фашыстам не спадабаліся. А ўжо як мы ні стараліся! Частавалі ад усяго сэрца. Вось і Новы год прайшоў, людзі ёлкі з хат павыносілі, а палкі, наадварот, дзейнічаюць. Сыплюцца нашы гасцінцы і на Паўночным Каўказе, і ў раёне Вялікіх Лук, і пад Варонежам, і пад Растовам. Так сыплюцца, што фашысты іх і глытаць не ўпраўляюцца, дарма што горла шырокае.

У нас ужо звычай такі: частаваць дык частаваць. Калі да нас прыходзіць такі «дарагі» госць, дык мы так яго частуем, каб ён век нас помніў.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан