epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ён дарыў людзям радасць

Яшчэ не апамяталіся мы ад нядаўняй цяжкай страты, як спасцігла нас новае бязмернае гора. Перастала біцца гарачае сэрца вялікага мастака сцэны Глеба Паўлавіча Глебава, аднаго са слаўнай кагорты купалаўцаў, з імем якога звязан не адзін яркі спектакль, не адно дасягненне беларускага тэатральнага мастацтва.

Яркім талентам надарыла прырода Глеба Паўлавіча Глебава, але толькі дзякуючы штодзённай нястомнай і ўпартай працы талент гэты заіскрыўся ўсімі сваімі гранямі, раскрыў усё сваё багацце і глыбіню. Усё сваё жыццё аддаў Глеб Паўлавіч народу, савецкаму мастацтву, дорачы людзям радасць і эстэтычную асалоду.

Вялікі чараўнік сцэны, вялікі знаўца чалавечай душы — ён умеў глыбока і праўдзіва раскрыць сутнасць чалавечага характару, паказаць гледачу самыя яркія і істотныя яго рысы.

Горка ўсведамляць, што ён не выйдзе больш на сцэну, што хваля гарачых пачуццяў перапоўненай залы не рванецца яму насустрач бурнымі воплескамі. Той, хто заўсёды дарыў людзям радасць, выклікаў іскрысты смех, упершыню засмуціў усіх нас, засмуціў мільёны паклоннікаў свайго цудоўнага таленту.

Агорнуты тугою і смуткам, схіляю я сёння галаву над свежай магілай вялікага мастака і з глыбокай удзячнасцю ўспамінаю шчаслівыя для мяне дні нашых творчых сустрэч.

Хто ж нам цябе заменіць, дарагі Глеб Паўлавіч?

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан