epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ёсць на свеце дабрадзеі

Прыйшоў раз Дабрадзей да свайго знаёмага афрыканца дый кажа:

— Ведаеш што, Такі-Сякі-Малы-Аглы... На свеце цяпер неспакойна. Разбойнікі ходзяць, людзей забіваюць.

— Чуў я пра гэта,— адказвае Сякі-Такі-Малы-Аглы, а сам калоціцца.

— Хто дужы,— кажа Дабрадзей,— той яшчэ можа з імі змагацца, і то згуртаваўшыся, а ты чалавек слабы, ад разбойнікаў абараніцца не можаш, сядзіш, як мыш пад венікам, ды чакаеш свае смерці.

Засмуціўся Сякі-Такі-Малы-Аглы. «Шчырую праўду кажа Дабрадзей,— думае ён.— Дзе ж мне самому абараніцца!»

— Хата твая,— кажа Дабрадзей,— пры гасцінцы, разбойнікам з рукі якраз. Шкада мне цябе. Сябар ты мне ўсё-такі... і чалавек неблагі. Ды і мне яно нявыгадна, каб разбойнікі ў тваю хату ўлезлі, бо тады і да мяне ім зручней дабрацца. Дык, можа, мы так зробім... Ты пусці мяне ў сваю хату... да часу. Я табе памагу абараніцца. А калі з разбойнікамі ўправімся і на свеце стане спакойна, тады я вызвалю табе тваю хату ды яшчэ й падзякую.

— Вось гэта па-сяброўску,— узрадаваўся Сякі-Такі-Малы-Аглы,— нездарма цябе Дабрадзеем завуць. З табой мне, вядома, смялей будзе. З-за тваіх шырокіх плячэй і я магу поўху заехаць якому-небудзь разбойніку.

Неўзабаве Дабрадзей ужо распараджаўся ў сябравай хаце, а Сякі-Такі-Малы-Аглы толькі выдыгаў перад ім, перастаўляючы гаршкі пад Дабрадзееў густ.

Тым часам сумленныя людзі згуртаваліся, сабраліся з сіламі дый спляжылі разбойнікаў,— каго забілі, каго звязалі ды ў астрог пасадзілі. Сталі ўсталёўвацца на зямлі спакой ды парадак, і людзі пачалі весялей глядзець на свет божы. Вось раз падышоў Сякі-Такі-Малы-Аглы да свайго Дабрадзея дый кажа:

— Шчыра табе дзякую, пане Дабрадзею. Я ўжо і сам не баюся.

Сякі-Такі-Малы-Аглы думаў, што Дабрадзей зараз жа развітаецца ды пойдзе сабе дадому. А той глядзіць у акно, маўчыць ды толькі цыгаркай пыхкае, быццам і не чуе, што да яго гавораць. Папыхкаў, папыхкаў, а пасля і кажа:

— А ведаеш, Сякі-Такі-Малы-Аглы, твая хата мне падабаецца. І пейзаж цудоўны за акном: пальмы, піраміды, сфінксы...

— Ды гэта ўсё экзотыка, пане Дабрадзею,— адказвае Сякі-Такі-Малы-Аглы.— Яна табе, я думаю, надакучыла.

— Наадварот,— кажа Дабрадзей,— я так да яе прывык, што адчуваю сябе як дома. Вунь і леў бегае — якраз як мой. І мора пад акном, і караблі мае па ім плаваюць. Не, мне тут зусім не надакучыла.

Сказаў так ды зноў цыгаркай пыхкае. Сякі-Такі-Малы-Аглы аж патыліцу пачухаў, пачуўшы гэта. Не ведае, што і казаць далей. Параіўся ён з жонкаю, з дзеткамі, сабраліся яны разам ды — бух Дабрадзею ў ногі.

— У імя Озірыса і Ізіды, быка Апіса і ўсіх фараонаў просім,— кажуць,— пана Дабрадзея — ці не будзе пан так ласкаў ды ці не захоча ён пайсці дадому. Бо хатка наша маленькая, а пан Дабрадзей — дзякаваць богу! — дык нам і павярнуцца няма дзе. Дый умова такая была ў нас...

— Афрыканцы вы, а не людзі,— грэбліва кінуў ім Дабрадзей.— Не ўмееце з паважанымі людзьмі абыходзіцца. Калі захачу, дык я і без вашых напамінкаў пайду адгэтуль. А будзеце звягаць, дык я магу і зусім тут астацца.

Толькі Сякі-Такі-Малы-Аглы разявіў рот, каб нешта сказаць на гэта, а Дабрадзей бац яму па мордзе, аж у таго ў вачах Хеопсава піраміда перавярнулася.

— Я табе,— кажа,— пакажу, як бунтаваць супроць свайго Дабрадзея!

«Вось дык Дабрадзея нажыў я сабе! — думае Сякі-Такі-Малы-Аглы, выціраючы юшку, што пацякла з носа.— З хаты ніяк не выпараць. Баюся ўжо, хаця б ён мяне самога не выпер. І што ж мне рабіць цяпер? Кінуцца ў ногі ды прабачэння прасіць — гонар не дазваляе, размахнуцца ды ў зубы даць назад — сілы не хапае. Вось і дай тут якую раду!»

— Бываюць жа на свеце дабрадзеі,— скажам мы, гледзячы збоку.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан