epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Каб кнігам ды ногі!

— Алё! Пісьменнікі! Дзе вы падзеліся? Ці жывы хоць?

— Жывы, здаровы, дарагі чытач, таго і вам жадаем.

— Дык што ж вы сабе думаеце? Мусіць, хочаце, каб я некультурным да бяскласавага грамадства дажыў. Чаму вы не пішаце?

— Пішам патроху. Вось і цяпер: ноч ужо, стрэлка да чацвёртай гадзіны падпаўзае, дзеткі спяць, жонка з некім праз сон сварыцца — мусіць, у размеркавальніку,— а я ўсё пішу; спяшаюся ў чарговы нумар часопіса матэрыял здаць.

— Дык вы такі пішаце? А я — чытаць хачу: па свежых літаратурных навінках, па часопісе занудзіўся. Хто ж паміж намі стаіць?

— Шмат хто стаіць: рэдакцыя — раз, выдавецтва — два, друкарня — тры, база выдавецтва — чатыры, кнігагандаль — пяць, Саюздрук — шэсць, пошта — сем, лістаносец — восем.

— Нішто сабе ланцужок! Але ж я думаю, што гэта ўсё створана, каб дапамагчы кнізе як найхутчэй ад пісьменніка да чытача дайсці.

— Я таксама думаў некалі.

— А часопісы ўсё ж такі выходзяць?

— Бывае, што і выходзяць.

— Чаму ж я пра гэта нічога не ведаю?

— Я сам бы нічога не ведаў, дык добра, што рэдактары знаёмыя: заўсёды скажуць, калі выйдзе нумар.

— А чаму не даць рэкламы якой-небудзь?

— Нашы кніжнікі лічаць гэта буржуазнымі забабонамі.

— Ну няхай не рэкламу, проста абвестку пра тое, што часопіс выйшаў, ды пра падпісную цану на яго. А то пайшоў я на пошту яшчэ перад Новым годам. «Падпішыце, кажу, на «Полымя рэвалюцыі».— «Няма, кажуць, такога часопіса і на свеце».— «Як няма? — дзіўлюся я.— Здаецца ж, у гэтым годзе ён выходзіў».— «Нічога, кажуць, нам пра гэта невядома».— «Дык падпішыце на «Заклік».— «І пра гэта, кажуць, нічога не ведаем». Пайшоў я другі раз, пасля Новага года ўжо. «Ёсць, кажуць, такія часопісы, але мы падпісной цаны не ведаем».

— Дык вы што?

— Дык я плюнуў ды пайшоў.

— І памагло?

— Дзе бачылі! Зноў па кнізе занудзіўся. Ніяк адвыкнуць не магу. Хачу культурным чалавекам быць.

— Дык вы зноў што?

— Дык я гвалт пачаў крычаць. Можа, думаю, пачуе хто ды хоць падпісную цану скажа.

— Павінен вам пад сакрэтам сказаць, дарагі чытач, што пра падпісную цану і ў Мінску нічога не ведаюць.

— Хто не ведае?

— Ніхто не ведае.

— А хто ў гэтым вінават?

— Рэдакцыі кажуць, што Саюздрук вінават, а Саюздрук на выдавецкі Кнігагандаль пальцам паказвае.

— А Кнігагандаль што?

— «А он украдкою кивает на Петра», г. зн. на Камітэт па справах друку.

— Наківаць бы ім усім як мае быць.

— Я так думаю, што і наківаюць нават.

— Дык скажыце ўсё ж такі, якія часопісы свежыя выйшлі?

— Вось «Полымя рэвалюцыі» № 4 выйшаў у студзені, тыдні два таму назад.

— Ого! Тэмпы. Яшчэ толькі студзень месяц, а ўжо чацвёрты нумар.

— Выбачайце, вы трохі не зразумелі: гэта ж яшчэ за мінулы год.

— ?!

— Пачаў часопіс выходзіць з паловы мінулага года і чацвёрты нумар здадзены быў у пачатку верасня, але пакуль надрукаваўся, пакуль сёе-тое, дык і другая пяцігодка надышла. А пяты нумар, які здадзены ў кастрычніку, павінен выйсці ў лютым і ўжо будзе называцца не № 5 за 1932 год, а № 1 за 1933 год.

— Па чатыры месяцы нумар друкуецца?

— З хвосцікам.

— Як жа гэта растлумачыць?

— Наконт тлумачэння будзьце спакойны: гэты абавязак узяла на сябе друкарня, і каб яна так старанна друкавала, як тлумачыць, дык бы часопісы выходзілі куды больш акуратна. Яна даводзіць, што ёсць больш тэрміновая работа, а часопісы могуць і пачакаць, над імі не капае (на друкарні, бачыце, дах цэлы).

— А выдавецтва што?

— Маўчыць.

— Дык які ж гэта, шануючы вас, перыядычны друк пры нашых тэмпах? Гэта ж эпахальны, можна сказаць, раз у эпоху нумар выходзіць.

— А яно ўсё-такі маўчыць.

— Ну добра... Як-ніяк, а ўсё ж такі выходзяць, нарэшце, часопісы з друкарні, а тады куды?

— Тады на базу Дзяржаўнага выдавецтва.

— А далей што?

— А далей вядома што: ляжаць сабе спакойна.

— Дзіўна! Чаму ж яны да чытача не даходзяць?

— Бо ног не маюць.

— А што ж вы думаеце! Каб кнігам ды ногі, шчаслівыя б мы з вамі людзі былі, таварыш пісьменнік. Няхай бы гэта хто прыдумаў такія ногі. Вы б сабе напісалі кніжку, у друкарні б яе надрукавалі тысяч дзесяць, а тады загадчык Дзяржаўнага выдавецтва ўзяў бы добры дубец, прыйшоў бы ў друкарню ды: «Кыш! Пайшлі сваіх чытачоў шукаць!» А мы тут бы іх нарасхват, як дарагіх гасцей.

— Дык тут жа ўсе кніжнікі толькі і мараць пра гэта. Прыйдзе кніжнік на базу, гляне на сцірты часопісаў і цяжка-цяжка ўздыхне: «Эх, каб кнігам ды ногі!»

— Але ж у выдавецтва, здаецца, свой орган распаўсюджвання быў?

— Быў такі орган, таварыш чытач. І цяпер ён яшчэ матляецца, сектарам Кнігагандлю завецца. Але ранейшыя функцыі ў яго адпалі, і ён цяпер у сэнсе распаўсюджвання часопісаў нешта накшталт рудыменту, ну вось, не раўнуючы, як адростак сляпой кішкі ў чалавека: карысці ад яго ніякай, а запаленне можа быць.

— Дык ведаеце што, таварыш пісьменнік? Перадумаў я: не трэба.

— Чаго? У Мінск прыязджаць?

— Ды не, ног не трэба выдумляць для кніг.

— Злітуйцеся! Вы ж адбіраеце апошнюю надзею ў нашых кніжнікаў. Яны толькі так і збіраліся на ногі стаць.

— Бачыце, як пераканаўся я з нашай размовы, дык тут справа не ў нагах: галава патрэбна.

— Кнізе? Галава?

— Не кнізе, а кніжнікам.

— Скажыце, калі ласка! А тут жа ніяк да гэтага дадумацца не маглі. Адзін кніжнік, калі глянуў раз, як у яго справа «стаіць» з друкаваннем і распаўсюджваннем часопісаў, дык аж за галаву хацеў ухапіцца, а ўхапіцца-то ў яго няма за што. Няма, дык няма — клопат вялікі! Так яно і засталося. Ніхто з кніжнікаў і не падумаў, што праз такую пусцяковіну справа можа стаць. Адно ж, дзякую вам... Але кажыце ўжо да канца, не саромейцеся: каму ж канкрэтна гэту галаву трэба? Выдавецтву? Кнігарні? Сектару кнігагандлю? Саюздруку?

— Лепш, каб у кожнага яна была. Гэта такая рэч, што нікому не пашкодзіць. Няхай будзе пра запас: не-не ды спатрэбіцца часамі. Асабліва таму, хто да кніжкі дачыненне мае.

— Ну, дык шчырае ж вам дзякуй, таварыш чытач. Прэмію б вам за вынаходства. А мы ўжо наконт галавы для кніжнікаў абавязкова паклапоцімся, паколькі гэта дэталь у іх такая дэфіцытная. А ў каго яна і ёсць, ды не ў той бок закручана, дык прыйдзецца стукнуць так, каб яна на месца стала: якраз каб тварам да чытача. Тады вы часопіс абавязкова атрымаеце: дабраякасны і ў тэрмін.

1933


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан