epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Каб весела было... (Маленькі фельетон)

Макар Пятровіч Цярпігораў сеў за стол, уключыў настольную лямпу з зялёным абажурам і пачаў раскладаць паперы. Нарэшце ён зможа ўзяцца за гэты даклад. Праз тры дні выступаць, а ён яшчэ і не пачынаў рыхтавацца. «Ну, цяпер жа вазьмуся як мае быць»,— падахвоціў сябе Цярпігораў і пачаў рабіць выпіскі. Але не паспеў ён скончыць і аднаго сказа, як аднекуль раптоўна грымнула:

— Слухайце! Гаворыць Мінск!..

Здавалася, што гаворыць сапраўды ўвесь Мінск, што ўсе горлы насельнікаў горада злучыліся ў адно і гэта непамернае горла раўнула Цярпігораву ў самае вуха. Гукі біблейскіх труб, ад якіх разваліліся сцены горада Іерыхона, здаліся б мышыным піскам у параўнанні з гэтым грымотным голасам. Цярпігораў закрыў вушы далонямі, але імі так можна было засланіцца ад гэтых гукаў, як газетай ад артылерыйскіх снарадаў. Здавалася, што не словы, а каменні падаюць аднекуль зверху і прабіваюць чэрап:

— Скуру здавайце ў бліжэйшы кааператыў!

У суседнім пакоі прачнуўся Толік. Маці пачала ўгаворваць, каб ён спаў, і шаптала на вуха нешта вельмі цікавае, але Толік нічога не мог пачуць: нехта страшна, заглушаючы матчыны словы, крычаў аб тым, што трэба здзіраць скуру і несці яе ў кааператыў. Толік заплакаў і стаў клікаць бацьку. Цярпігораў кінуў на стол карандаш і пайшоў да Толіка. Той абхапіў яго рукамі за шыю:

— Тата, прагані гэтага Бармалея! Ён хоча маю скуру садраць,— калаціўся Толік.

— Не бойся, гэта не Бармалей,— супакойваў Цярпігораў сына.— Гэта дзядзя па радыё гаворыць. Ён хоча, каб нам весела было.

— А мне страшна,— туліўся Толік да бацькі.

— Калі хочаце, каб скура ваша была без дзірак, здымайце яе без нажа. Трымайце моцна левай рукой за край надрэзанай скуры, а правым кулаком штурхайце пад рабрыны,— грукаталі словы.

Пасля лекцыі аб тым, як здымаць скуру з свіней, якіх, між іншым, у Цярпігорава зроду не было, пачалася перадача на мове эсперанта. Потым ішла праграма перадач на наступныя дні, з якой Цярпігораў даведаўся, што ні заўтра, ні паслязаўтра, а, можа, і ніколі ў жыцці болей працаваць яму дома не ўдасца.

Толік тым часам асвойтаўся і супакоіўся. Ён нават забаўляўся, хуценька затульваючы і адтульваючы вушы далонямі. Выходзіла досыць забаўна, і Толік цяпер зразумеў, што сапраўды дзядзя хоча, каб весела было.

У дванаццаць гадзін «дзядзя» сціх. Але Толік разгуляўся і не хацеў спаць. Ён усё прыставаў да бацькі, каб той яму казкі расказваў. Цярпігораў напружваў сваю загрувашчаную лічбамі і формуламі памяць. Усплывалі абрыўкі тых казак, якія некалі самому бабулька расказвала: пра разбойнікаў, пра ведзьмакоў, ды пра тое, як чэрці дзеда па балоце вадзілі. Гэта для Толіка не падыходзіла. Спрабаваў сам складаць казкі, але Толік прасіў лепшых. Памірыліся, нарэшце, на казцы аб тым, як дзед гарошынку пасадзіў. Калі Толік утаймаваўся, было ўжо дзве гадзіны ночы. Цярпігораў прыйшоў у свой пакой, паглядзеў на раскладзеныя паперы, паківаў галавою і пачаў раздзявацца.

Назаўтра, ідучы на работу, Цярпігораў адышоў на сярэдзіну вуліцы і глянуў на верх чатырохпавярховага дома, у якім ён жыў.

Там, над самым акном яго кватэры, як ні ў чым не вінаваты, стаяў гучнагаварыцель. Цярпігораў пачаў яго ціха дакараць:

— І хто цябе, дурня, паставіў тут, над самым маім вухам? Хіба табе месца на цэнтральнай вуліцы, дзе і так шуму шмат? Паставілі б цябе на пляцы дзе-небудзь ці ў гарадскім садзе, і галёкаў бы ты там, колькі б хацеў. Хто не захацеў бы цябе слухаць, дык уцёк бы. А я хіба магу ўцячы куды-небудзь са сваёй кватэры? Дзяцей будзіш ды палохаеш, людзям працаваць не даеш — хіба ж гэта добра?

— Слухайце! Гаворыць Мінск! — зароў у адказ раззлаваны гучнагаварыцель. Цярпігораў заткнуў вушы і пабег. Ён пабег на ўскраіну горада шукаць кватэры. Там «дзядзя» менш клапоціцца, каб весела было.

 

1936


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 75-76
Крыніца: скан