epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Каханне планет

На чуткі аб тым, што кольца Сатурна разламалася і ляціць на Зямлю

 

Чароўнаю ночкай вясны

Сатурн у Зямлю закахаўся

І ў тысячы вёрст таўшчыні

Ёй персцень прыслаць абяцаўся.

Але вось, як стаў ён здымаць,

Трах персцень на дзве палавіны.

Ну што ж тут каханцы паслаць?

Сатурн палавінку ёй кінуў...

Спраўляючы свой карагод,

Зямля вакол Сонца імчыцца

І жджэ, але толькі праз год

Яна прычакае гасцінца.

А Марс — за Зямлёю услед,

Вось-вось ёй наступіць на пяты:

Ці, можа, зайздросціць сусед,

Ці, можа, быць хоча за свата.

Юпітэр — старэйшы ў сям’і —

Пабег на барыш па гарэлку,

Венера — сястрыца Зямлі —

Нарэзала сала талерку.

Адзін падшывалец Уран

На гэта на ўсё са здзіўленнем

Глядзіць, бы ў аптэку баран,—

Не возьме ніяк разумення:

Ці, можа, у нашых планет

Пад старасць ужо не ўсе дома,

Ці, мо, звар’яцеў цэлы свет,

Ці толькі адны астраномы.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 86-87
Крыніца: скан