epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Каго мне ўзяць за кума?

— Што за штука тут такая? —

Запытаўся ў Пранука я.—

І багаты ж ты не надта,

Збудаваў, аднак, вось хату,—

Аж свіціцца так, як шклянка,

На падлозе, нават з ганкам.

Ды ў вялікай ты дарозе

Не бываеш і ў абозе,

Нават рэдка быў і ў блізкай,

Хоць здаровы твой каніска.

Тры душы ў цябе сямейкі,

А вось ворнай жа зямелькі

Дзесяцін ты маеш з восем,

Дык чаму ж, скажы, увосень

Заплаціў ты прадналогу

Нешта ўжо зусім нямнога?

 

— Я скажу, сусед, аб гэтым

Табе толькі пад сакрэтам:

У мяне, бач, ёсць радня —

Сельсавета старшыня.

Вось чаму зімой і ўлетку

Я ў абоз так езджу рэдка,

Вось чаму так панямногу

Я плачу і прадналогу,

Вось чаму (ах, дзякуй свату!)

Збудаваў я нават хату,

Хоць далёка да такое,

Як у Янкі. Там пакоі!

Сакратар райвыканкома

Яму добра, бач, знаёмы,—

Кум ці там якая трасца,—

У таго ён надта ў ласцы.

Пастаяў я тут, паслухаў,

Пяцярнёй паскроб за вухам

Ды пайшоў скарэй дахаты.

Там я з жонкай «таўставатай»

Доўга раіўся і думаў —

Каго ўзяць бы нам за кума,

Ды дачуўся таго ж дня:

«Сакратар» і «старшыня»

Ды яшчэ з якімсьці членам

Атрымалі ў зад каленам.

 

1923


1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 59-60
Крыніца: скан