epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Калядная размова

ЗВАНЫ

Апанас! Апанас!

Каляда прыйшла да нас,

Дзілім-бом! Дзілім-бом!

Аб падлогу бі йдзі лбом.

Бом! Бом!

 

СЕЛЯНІН

Селянін я бедны,

Дык мой лоб не «медны»:

Молячыся богу,

Я ім аб падлогу

Не буду біць —

Баліць.

 

ЗВАНЫ

Ох, бязбожнік! ох, гультай!

Сала-сала-сала дай!

Кажам табе не на смех!

Бо вялікі будзе грэх.

Дай! Дай!

 

СЕЛЯНІН

А ў мяне дачушка

Надта ж бо пястушка:

Абы толькі ўстала,

Дый хутчэй за сала,

Ды люблю і сам —

Не дам!

 

ЗВАНЫ

Ну, цяпер табе капут! —

На тым свеце — страшны суд,

Пасля ў пекле аж на дне

Папячэшся на ражне.

Дасі ці не?

 

СЕЛЯНІН

Вам я не паверу —

Хлусіце не ў меру;

Не баюся суду

І даваць не буду.

Мінуліся часы,

Што еў поп кілбасы,

Пачуў і я смак —

Пабудзе й так.

 

ЗВАНЫ

Каляда прыйшла да нас,

Ды без сала, без кілбас,

Будзе-будзе-будзе так,

Бо пачулі людзі смак.

Так! Так!

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 102-103
Крыніца: скан