epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Калі ў краме ёсць нястача...

Калі ў краме ёсць нястача,

Дык «усушка» там, няйначай,

Ці «утруска», ці мо «мышы» —

Так заўсёды ў актах піша.

На «усушку» ўсе зладзеі

Ускладаюць шмат надзеі:

Дзе «усушка» ды «утруска»,

Дык там выпіўка й закуска,

А дзе псута ад мышэй —

Падымай, браток, вышэй!

Толькі ўмей складаць ты акты,

Каб пасведчыць тыя факты.

У закупшчыка Антося

Вунь жалеза «увасхлося»

Кіло тысячу ды з гакам,

І Антось па ім не плакаў.

За прылаўкам у Матруны

Шмат «утрэслася» картуны,

Метраў сорак, можа, й болей,

Адным словам — ёй даволі.

У загадчыцы Антолі

«Мышы» з’елі скрыню солі,

А пасля яшчэ, заразы,

Бочку выжлукталі газы;

Весялей Антоля ходзіць,

І мышам яно не шкодзіць.

Так двухногія з рукамі

Тыя «мышы» з «пацукамі»

І псуюць сабе патрошку...

Трэба, трэба на іх «кошку».

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 114
Крыніца: скан