epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Камсамольскія прыпеўкі

Нас не любяць, нас баяцца

Поп кудлаты і кулак,

Бо рашыў за працу ўзяцца

Камсамольскі маладняк.

 

Сцёпка некалі на пана

Працаваў, як чорны вол,

А сягоння сын Сцяпана

Запісаўся ў камсамол.

 

Ох вы, хлопцы-камсамольцы,

З камсамольскага сяла,

Я, вясковая дзяўчына,

Павучыцца к вам прыйшла.

 

Калі ласка! Калі ласка!

Тут заўсёды месца ёсць,—

Не саромейся ж, Параска,

Ты для нас — жаданы госць.

 

Ох, я богу не малюся,

Не малюся і Хрысту,

Я нікога не баюся —

Камсамолкаю расту.

 

Камсамолачка Дарота!

Пойдзем разам ваяваць,—

Буду біць я з кулямёта,

Ты — патроны падаваць.

 

Хто супроць нас? Прэч з дарогі!

Бачыш нашу грамаду?

Мы саб’ём і чорту рогі,

Богу вырвем бараду.

 

Па планеце пройдзем бурай,

Марксаў помнячы завет,—

Свет стары ушчэнт разбурым

І збудуем новы свет.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 61
Крыніца: скан