epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Канец дружбы

АКТ ПЕРШЫ
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
АКТ ДРУГІ
  Карціна пятая
  Карціна шостая
  Карціна сёмая
  Карціна восьмая
  Карціна дзевятая
АКТ ТРЭЦІ
  Карціна дзесятая
  Карціна адзінаццатая
  Карціна дванаццатая
  Карціна трынаццатая
АКТ ЧАЦВЁРТЫ
  Карціна чатырнаццатая
  Карціна пятнаццатая


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Лютынскі Антон Мітрафанавіч — намеснік наркома.

Наталля — яго жонка, настаўніца.

Юрка — іх сын, 8 год.

Стары Лютынскі — Антонаў бацька, 60 год. Карнейчык — дырэктар завода.

Насця — работніца механічнага цэха, ударніца. Пянькоўскі — загадчык аддзела забеспячэння. Нодэльман — сакратар парткалектыву.

Шыбер — начальнік механічнага цэха.

Цётка Ульяна, 45 год.

Капрал.

Камендант.

Два жаўнеры.

Доктар.

Шура — прыбіральшчыца ў Наркамземе.

Напорка — працаўнік Наркамзема.

Сапляк — кулак.

Паўліна — яго жонка.

Зося — калгасніца-камсамолка.

Алесь — калгаснік-камсамолец.

Старшыня сельсавета.

Гаспадыня (калгасніца).

1-я калгасніца.

2-я калгасніца.

Аднаасобніца.

Касабуцкі — бракароб.

Зуй — цёмная асоба.

Мандрыкін — працаўнік Наркамзема.

Старшыня камісіі.

Першы член камісіі.

Другі член камісіі.

Стары рабочы.

1-шы хлапец.

2-гі хлапец.

Старая сялянка.

«Барада».

Сяляне, калгаснікі, рабочыя і іншыя.

 

АКТ ПЕРШЫ

Адбываецца ў Беларусі ў часы белапольскай акупацыі.

 

Карціна першая

Вясковая вуліца. У канцы — школа.

1-шы хлапец (прыкладвае руку брылём да вачэй і глядзіць уздоўж вуліцы). Міхась!

2-гі хлапец. Чаго?

1-шы хлапец. Бяжы сюды!

2-гі хлапец. Чаго?

1-шы хлапец. Святая Барбара ідзе, давай падражнімся.

2-гі хлапец. Іду!

Паўза.

(Вытыкае з-за шула галаву на другім баку вуліцы.) Дзе яна?

1-шы хлапец. Хавайся!

Хлопцы хаваюцца за платы. На вуліцы паказваецца Карнейчык — абшарпаны, на дзеравянай назе, накрыж цераз плечы дзве торбы, апіраецца на мыліцу.

1-шы і 2-гі хлапцы паказваюць галовы, дражняцца.

 

Скачы, скачы на мыліцы,

Лаві вошы ў патыліцы.

 

Карнейчык (не аглядаючыся). Не я скачу — няволя. Застаўляюць панове.

Садзіцца на прызбе з правага боку вуліцы. Заводзіць жабрацкую песню на матыў лазара. Хлопцы ўслухоўваюцца.

 

Святая Барбара па шкле хадзіла,

Святога Міколу за ручку вадзіла.

Святому Міколу ў ножкі колецца,

Святая Барбара богу моліцца.

 

Падарыце няшчаснаму калеку.

Над галавой у Карнейчыка адчыняецца акно, і высоўваецца «барада».

«Барада». Вось я цябе падару... качаргою па спіне.

Карнейчык, спужаны, усхопліваецца.

І адкуль яны бяруцца, дармаеды? А папрабуй на работу наняць, дык такую цану запяе, што і не пералезеш.

Акно зачыняецца. Карнейчык кульгае на другі бок вуліцы.

1-шы і 2-гі хлапцы (пяюць).

 

Святая Барбара,

Пачынай з канца.

Святому Міколу...

 

Карнейчык (раптам паварочваецца і робіць страшную міну). Ламца-дрыца-гоца-ца.

Хлопцы рагочуць і ўцякаюць.

(Садзіцца на прызбе другой хаты і просіць нараспеў.) Дайце кусочак сланінкі, каб радзіў бог падсвінкі. Дайце мукі на галушкі, каб радзілі быкі і цялушкі. Дайце чатыры яечкі, каб вяліся авечкі. Падарыце, матачка, бязногаму няшчаснаму калеку.

Старая (адчыняе акно, голасна). На, мой саколік, хоць хлеба кусочак. На скаромнае выбачай. (Ціха.) Масла фунцік сабрала — хоць пакаштаваць вам. Як жа там Сымонка маецца?

Карнейчык. Дзякуй табе, гаспадынька, няхай цябе бог надорыць усім, чым ты сама хочаш. (Ціха.) Паклон перадаваў. Пытаецца, як бацька, ці паправіўся.

Старая (моцна). Не рана ўжо, саколік. Можа, паначуеш у нас? (Ціха.) Папраўляецца крыху, хадзіць пачынае. Збілі ж былі на горкі яблык: ні сесці, ні павярнуцца не мог. Дапытваліся, дзе сын.

Карнейчык. Дзякую, матачка! Памаленьку пайду. Падначую дзе-небудзь на мураўцы з начлежнікамі. Дыхаць там лягчэй на вольным паветры. Зоры свецяць на небе.

Старая. Шчаслівага табе падарожжа. (Ціха.) Каб хутчэй, мае вы сынкі, пратурылі ўжо гэтых халераў, каб вольна можна было дадому вярнуцца.

Карнейчык (ідзе да школьнага ганка, садзіцца на прыступак, заводзіць песню).

 

Святая Барбара

Па шкле хадзіла,

Святога Міколу

За ручку...

 

Лютынскі (адчыняе дзверы, выходзіць на ганак). А, Святая Барбара! Як маешся, браток? Хваліся, якія навіны.

Карнейчык. Чакай! Хадзі сюды, каб не кожны сляпы бачыў. (Заходзіць за ганак, каб не відаць было з боку вуліцы, дастае з торбы скрутак паперы.) У горадзе быў, таварышаў з галоўнага штаба бачыў. На, пачытай сам і раздай, па кім бачачы.

Лютынскі (бярэ скрутак і хавае за пазуху). А, гэта добра! Хлопцы пыталіся ўжо, ці няма чаго свежанькага пачытаць.

Карнейчык. Казалі ў горадзе, што панам пара пяткі падмазваць, нашы наступаць пачалі. Шапні тут надзейным хлопцам, няхай нарыхтуюцца. А мы ў лесе ўжо напагатове будзем. Трэба арганізаваць так, каб паны пры адступленні ніводнага каня ў вёсцы не заспелі — усіх у лес...

Лютынскі. Каб хутчэй дачакацца гэтага свята.

Карнейчык. Чакаць — мала: трэба прыспяшыць гэта свята. Трэба больш трывожыць пана ззаду — дзе шылам, а дзе хоць і шпількаю. Шпілька — яна, здаецца, рэч невялічкая, а панская задніца, ох, не любіць яе. Торкнеш добра, дык нябось ойкне ды аглянецца. А як аглянецца, тады і на фронце лягчэй па галаве яму лупянуць.

Лютынскі. А во! Чуць не забыўся. Заўтра ж паны думаюць атрад карны пасылаць у Залужжа. Там не хочуць мяса аддаваць. Гэта я сёння ў мястэчку чуў ад сваіх людзей. Толькі не ведаю, у які час яны будуць праязджаць.

Карнейчык. Добра, што сказаў. Мы з хлопцамі памяркуем, прыгатуем гасцінца. Можа, і пачаставаць паноў прыйдзецца. Ну, трэба ісці мне памаленьку,— пакуль завалакуся з торбамі...

Лютынскі. Крыху назбіраў?

Карнейчык. Тры вёскі абышоў, адкуль найбольш нашы хлопцы. Там жонцы паклон перадаў, там пра здароўе маці даведаўся,— усё весялей будзе хлопцам у лесе. А тым часам і скаромнага паўпудзіка сабраў.

Лютынскі. Кудэю ж ты пойдзеш?

Карнейчык. Цераз плот ды ў жыта. А там — мяжою аж да хвойніку. Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць.

Чуваць галасы, крык, лямант.

Голас капрала. Чэго ту зэбралі се, холера? Марш до дому!

Голас цёткі Ульяны. Паночак! Галубочак! Парсючок мой...

Карнейчык. Эге! Паны не забываюцца на нас. (Хутка адвязвае дзеравяную нагу.) Ну, Святая Барбара, цяпер на табе далёка не заедзеш. Як зловяць паны, дык і будзеш тады лазара пець. (Хавае нагу ў торбу. Да Лютынскага.) Бывай, браток! Калі што якое,— перадавай, як і раней. (Пераскаквае цераз плот і знікае.)

Лютынскі. Шчаслівай дарогі! (Ідзе ў школу.)

З’яўляюцца: капрал, цётка Ульяна, натоўп сялян.

Ульяна. Паночак, даражэнькі. Пашкадуй ты мяне, няшчасную ўдаву.

Капрал. Ты нешчэнсна вдова?

Ульяна (з надзеяй). Але, паночак: чалавек жа мой памёр.

Капрал. То чэго ты хцэш? А жэбы я ожэніл се з тобон?

Ульяна. Не, паночак. Няхай пан загадае сваім жаўнерам, каб яны мне майго падсвіначка аддалі. Гэта ж апошні ў мяне.

Капрал. То ніц: он бэндзе такі смачны, як і первшы.

Ульяна (спыняецца). А каб табе, мой ты паночак, язык аблез, каб ты ніякага смаку не пачуў!

Капрал (грозна паварочваецца). Мільч, холера!

Ульяна змаўкае, капрал ідзе далей.

Ульяна. Памятай, панок: праз бок табе вылезе гэты мой падсвіначак.

Капрал (абарочваецца). Застшэле, пся крэв, большэвічка!

Ульяна (нагінаецца і шлёпае сябе па азадку). На, страляй! Хваробу пападзеш. Гэтакі бо стралец.

Капрал (знімае з пляча карабін і ляскае замком).

Натоўп з крыкам разбягаецца ў розныя бакі. Ульяна хутка хаваецца за вугал.

Ото пшэклента баба! (Бярэ на рэмень карабін і ідзе далей.)

 

Карціна другая

Школьнае памяшканне. Лютынскі ходзіць па класе задуманы. Падыходзіць да акна, стукае ў шыбу.

Лютынскі. Насця, куды ты?

Голас Насці. На выган. Пагляджу, дзе конь ходзіць.

Лютынскі. Хадзі сюды. (Адчыняе акно. У акне з вуліцы паказваецца Насціна галава.) Ты, мусіць, даўно ўжо ў ягадах не была?

Насця. Пазаўчора.

Лютынскі. А мне, ведаеш, вельмі ягад чырвоных захацелася. Можа б, ты ў лес схадзіла?

Насця (аглядаецца назад, на вуліцу; прыцішаным голасам). Сёння ўночы тата сам прыйдзе дадому. Цяпер ноч відная, дык тата будзе грэчку сеяць, а заўтра мы з мамаю забарануем.

Лютынскі. А можа, Настулька, ты сёння ўсё-такі збегаеш у лес? Скажаш маме, што я цябе паслаў. Добра?

Насця. Добра.

Лютынскі. Як убачыш тату ці яшчэ каго з нашых хлопцаў, дык скажаш, што паны на Залужжа гасцінцам не пойдуць праз нашу вёску і няхай хлопцы асцерагаюцца. Скажы, што камендант у нашай вёсцы. Не забудзешся?

Насця. Не.

Лютынскі. Дык ты ж, галубка, хуценька!

Насця. Я толькі збегаю кошык вазьму.

Насціна галава хаваецца. Лютынскі зачыняе акно, ідзе да шафы, адчыняе і порацца ў кнігах. У дзвярах з’яўляецца камендант. Лютынскі паварочваецца і моўчкі глядзіць на яго.

Камендант ходзіць па класе, сцёбае хлыстом па халяве, разглядае на сценах карты і карціны.

Камендант. Пан ест научыцёлем?

Лютынскі. Так, пане камендант.

Камендант. А іле пан дзеці учы?

Лютынскі. Чалавек шэсцьдзесят набярэцца.

Камендант. О, пожондне! І вшысцы большэвіцы?

Лютынскі. Якія ж яны, пане камендант, бальшавікі? Другі, шануючы пана, соплі сабе не ўмее яшчэ выцерці. Дзятва.

Камендант. Пшэце ж пан іх учы? Ежэлі научыцель большэвік, то і учнёве большэвіцы.

Лютынскі. Я, пане камендант, не бальшавік, ні да якой партыі не належу.

Камендант. Хцялбым пану вежыць.

Лютынскі. Няхай пан верыць, як самому сабе.

Камендант. А по-польску пан учы дзеці?

Лютынскі. Не, пане. Тут ніводнага паляка няма.

Камендант. Мушон быць.

Лютынскі. Дзе ж іх узяць, пане камендант?

Камендант. Гдзе взёнць? Зробіць тшэба. Чэго се пан смее? Пан ве, жэ тутай Польска?

Лютынскі збянтэжана маўчыць.

Венц повінен учыць дзеці по-польску, а жэбы з ніх выховаць пожондных обыватэлі Польскі Велькей.

Лютынскі. Я, пане, і сам ні чытаць, ні пісаць па-польску не ўмею.

Камендант. То альбо пан се научы чытаць і пісаць по-польску, альбо научыцелем не бэндзе. Цу ж то за научыцель, ктуры не зна ензыка паньствовэго? (Спыняецца перад геаграфічнай картай Расійскай імперыі.) О, у пана ешчэ Росыйска імпэр’я?

Лютынскі. Іншых карт няма, пане камендант.

Камендант. А жэ Польска ест, пан хыба жэ ве?

Лютынскі. Ведаю, пане.

Камендант. А для чэго ж пан ту не одзначыл? (Паказвае на карту.)

Лютынскі. Не ведаю, дзе мяжа будзе.

Камендант. Встыд, пане! Пшэце ж пан ве, жэ мы заенлі тэрытор’е до Оршы. Але то ешчэ не вшыстко. Пан слышал, жэ Польска бэндзе од можа до можа?

Лютынскі. Дык то можа, але ж яшчэ невядома.

Камендант (абураны). Як то невядомо? Цо пан плеце? Од Балтыцкего можа до Чарнэго.

Лютынскі. Ах, ад мора да мора? Я ж пану казаў, што слаба па-польску разумею.

Камендант. Граніца повінна ісць о так... Нех пан патшы тутай: затока Рыска, Дзвіна Заходня... (Адзначае на карце чырвоным алоўкам.) Нэвэль, Вітэбск... Орша... і далей по Днепшэ до самэго Чарнэго... (Чуваць перастрэлка. Камендант прыслухоўваецца.) Цо то? Стшэляён?

Лютынскі. Так, пане, недзе страляюць.

Ціха дзвынкнула шкло. Чуваць ціхі трэск па дрэву.

Камендант. Кулі лятаён! (Хаваецца за печ з левага боку.) Цо то ма значыць?

Лютынскі (стуліўшыся за шалёўку, глядзіць у акно і энергічна махае рукой да сябе). Я хіба на двор выйду, там лепш будзе відаць.

Лютынскі адчыняе дзверы ў калідор. Адначасна ў калідор адчыняюцца вонкавыя дзверы. Лютынскі трасе пальцам і прыкладвае яго да вуснаў, даючы знак маўчаць. Уваходзіць Карнейчык са стрэльбай на плячы; знясілены, прыпіраецца да сцяны. Левая рука яго мёртва звісае ўніз. Лютынскі адчыняе дзверы ў кладоўку, што насупраць дзвярэй у клас, прапускае туды Карнейчыка і замыкае. Засоўвае на жалезную засаўку вонкавыя дзверы і ўваходзіць у клас.

Камендант. Цо там такего?

Лютынскі. Нічога не відаць, пане.

Камендант. Не стшэляён юж?

Лютынскі. Не чуваць.

Камендант (выходзіць з-за печы). А пан, напэвно, бардзо пшэстрашыл се?

Лютынскі. Мне, пане, цывільнаму чалавеку, дык яно такі і страшна.

Камендант (ляпае яго па плячы). О, нех се пан не боі, ежэлі я тутай.

Моцны грукат у вонкавыя дзверы.

Кто там стука?

Лютынскі (адчыняе дзверы ў калідор). Хто там? Голас. Одэмкні, холера!

Лютынскі. А што ж вам трэба?

Голас. О пся крэв, ешчэ пыта се!

Грукацяць прыкладамі ў дзверы.

Лютынскі. Ды, калі ласка, я адамкну. (Адмыкае. Уваходзіць у клас. За ім — два жаўнеры.)

Першы жаўнер. Гдзе сховал большэвіка?

Лютынскі. Якога бальшавіка? Я і ў вочы нікога не бачыў.

Другі жаўнер. Не відзял, болынэвіцка холера? Зараз зобачыш! (Хапае Лютынскага загрудкі. Першы жаўнер замахваецца шомпалам.)

Камендант (якога жаўнеры дагэтуль не заўважалі). А цо вы тут робіце?

Жаўнеры выцягваюцца ў струнку, бяруць пад казырок і заміраюць.

Кто там стшэлял тэраз?

Першы жаўнер. То мы, пане капітане, большэвіка лапалі. Гдзесь уцек.

Камендант. То вы мыслелісьце, жэ я ту большэвіка ховам? О, галганы! Прэч до д’ябла!

Жаўнеры адначасна паварочваюцца кругом, стукаюць абцасамі, накіроўваюцца да дзвярэй.

Вруцьце се назад!

Жаўнеры варочаюцца і зноў выцягваюцца перад камендантам.

А гдзе ест поручнік Гжэбецкі?

Першы жаўнер. До старосты пошэд, пане капітане.

Камендант. Запровадзьце мне до него.

Жаўнеры і камендант выходзяць. Лютынскі сочыць за імі праз акно, пасля выходзіць у калідор, замыкае вонкавыя дзверы на засаўку і адмыкае дзверы ў кладоўку.

Лютынскі. Ну, як ты?..

Чуваць прыглушаны стогн.

І крыві ж з цябе вылілася! Прыйдзецца як-небудзь на відное выйсці ды перавязаць. Ану, паспрабуем устаць!

Чуваць моцны стогн.

Нічога, пацярпі хвілінку. (Вядзе Карнейчыка пад правую руку з кладоўкі ў клас.) Эх, Святая Барбара. Звяла, брат, ты зусім. Сядзь, я зараз пашукаю, чым перавязаць. (Садзіць Карнейчыка на лаўку, бяжыць у свой пакой, выносіць бутэльку з ёдам, нажніцы, кашулю, якую дзярэ на хаду.) Цяпер мы возьмемся за цябе як мае быць. Можа, паспрабуем распрануцца? Падымі сваю лапку! (Бярэцца за рукаў і прабуе сцягнуць.)

Карнейчык. О-ё-ёй!

Лютынскі. Гм. Прыйдзецца рукаў распорваць. Вось так! Во! (Арудуе нажніцамі.) Яшчэ хвілінку. Гатова! (Аглядае раны.) Раскавялілі здорава! Як гэта яны цябе залавілі? (Перавязвае.)

Карнейчык. Дзяўчынка Данілава прыбегла.

Лютынскі. Маладзец, Насця! Папярэдзіла, значыць?

Карнейчык. Я — сюды ў разведку. У жыце яны мяне змецілі... Утрох. Адзін на месцы застаўся.

Лютынскі. Добра, што хоць недарэмна гэты гасцінец атрымаў.

Карнейчык. А тыя два ляглі і шпараць па мне... А там, бачу, цэлы ўзвод. Я — ходу... Па жыце... Тут мне і папала.

Лютынскі. Яны бачылі, як ты ў школу бег?

Карнейчык. Дагадваліся. На бога бралі.

Лютынскі. Шчасце наша, што гэты бліскучы асталоп, камендант, якраз тут быў... Гатова... Перавязаць-то перавязаў, а што там глыбей робіцца, не ведаю. Тут канечне доктар патрэбен. Але дзе нам узяць яго?

Карнейчык. Мо каб у горад?

Лютынскі. Кінь ты — у горад! Зловяць як піць даць. У мястэчка ў бальніцу цябе завезці — зноў нельга: зараз жа паны даведаюцца. Доктара сюды запрасіць — няма такога надзейнага... Ёсць, праўда... сябар мой, можна сказаць. Недалёка ад мае роднае вёскі. Але гэта вёрст восемдзесят будзе. Прыйдзецца, мусіць, свайго чалавека паслаць, запрасіць сябра ў госці... Ды што я, дурніца, нуды табе паддаю! Усё ўладзім: і доктар будзе, і ўсё будзе. А там, глядзіш, і бальшавікі прыйдуць. Ідзі, брат, цяпер адпачывай і ні пра вошта не думай.

Карнейчык. А можа, я ў лес?.. Да хлопцаў?

Лютынскі. Кінь глупства! Цераз хату не можа перайсці,— у лес ён пойдзе. Дождж, сырасць, трэба туляцца, пераходзіць з месца на месца... Ідзі лепш у кладоўку ды лажыся. Гэта будзе твая палата, а я — галоўны доктар, і ты павінен мяне слухаць. Я зараз пасцялю там. (Бярэ Карнейчыка за руку і падымае з крэсла. Карнейчык ціха стогне.) Баліць?

Карнейчык. Страшэнна.

Лютынскі. А стагнаць усё-такі не трэба. Крапіся, браток, бо як накрыюць, тут нам і капут. А калі табе вельмі пастагнаць прыспічыць, цярплівасці не хопіць, дык ты галаву падушкаю накрый і пастагні сабе крышку. ( Выходзіць.)

 

Карціна трэцяя

Пакой Лютынскага. Доктар выцірае рукі аб ручнік.

Лютынскі. Што ты скажаш?

Доктар. Надта парадаваць цябе не магу.

Лютынскі. Значыць, дрэнь справа?

Доктар. Не то што зусім дрэнь, а з рукою твайму бальшавіку прыйдзецца развітацца.

Лютынскі. Няўжо адрэжаш?

Доктар. Іначай нічога зрабіць нельга: выразныя адзнакі заражэння крыві.

Лютынскі. Шкада — хлопец вельмі слаўны... малады зусім.

Доктар. Таму і рэзаць прыходзіцца, што шкада. Не адрэжаш — зусім прапаў.

Лютынскі. Дрэнь-паперы. А начынне ж хоць узяў ты з сабою?

Доктар (паказвае на сакваяж). Вось яно. Крыху падмацуемся і возьмемся за работу... (Садзіцца за стол.) Спірытусу ў цябе няма, вядома?

Лютынскі. Выпіць хочаш?

Доктар. Начынне трэба было б памачыць.

Лютынскі. Няма, брат.

Доктар. Прыйдзецца ў гарачай вадзе.

Ляпнулі дзверы ў сенцах.

Лютынскі. Старожка ідзе; я скажу, каб самавар паставіла.

Уваходзіць Ульяна.

Ульяна. Можа, малачка яшчэ свежанькага? (Ставіць збанок на стол.)

Лютынскі. Давай і малачко. Маладзец, цётка Ульяна. Старайся, каб госць не галадаў, а то прыедзе дадому ў сваю школу ды і абгаворыць нас: скажа, што есці шкадавалі.

Ульяна. А я ж, панічок, і сама ведаю, што госцю трэба наравіць.

Лютынскі. Ізноў панічок! (Да доктара.) Ніяк адвучыць не магу: панічок ды панічок.

Доктар. Мусіць, цётка вельмі паноў любіць, што і нас панамі называе?

Ульяна. Каб яны так хлеб любілі!

Доктар. Чаму ж цётка такая сярдзітая на іх?

Ульяна. Як жа! Астатняга парсючка ўзялі, каб іх жывот узяў. Яшчэ і страляць мерыцца, гад!

Лютынскі. Але ж цётка яму і мішэнь добрую выставіла.

Ульяна (засаромеўшыся). Няўжо і паніч бачыў?

Лютынскі. Мне праз акно ўсё відаць.

Ульяна (хоча ісці). Можа, я вам і непатрэбна ўжо?

Лютынскі. Яшчэ самаварчык пастаў ды ідзі сабе.

Ульяна. Вой! Такой гарачынёй ды чай піць.

Лютынскі. А мы клін клінам выбіваць будзем!

Ульяна. Мне не цяжка — піце на здароўе. (Бярэ вядро і выходзіць.)

Л ют ы не к і. Што там у нашых краях чуваць?

Доктар. Тое, што і тут. Хто бальшавікоў не счакаецца, а хто з панамі дружбу круціць.

Лютынскі. І тут жа круцяць. І адкуль іх, здаецца, набралася — усялякіх паноў ды падпанкаў? Яшчэ больш, як раней было. Пані расфуфыраныя, у капелюшах, з сабачкамі на ланцужках; паны — з ганчакамі. Што ні пан, то і сабака. Глядзіш на ўсё гэта і думаеш сабе: о то як бальшавікі вернуцца — аж пыл пойдзе ад гэтага панства.

Доктар. А ты, бачу, зусім бальшавіком зрабіўся?

Лютынскі. Не тое што бальшавіком, а так... духу іхняга набраўся. Бывала, глядзіш на ўсіх гэтых дармаедаў і — нічога; здаецца, так і трэба. А цяпер глядзець не магу на іх морды пыхлівыя. Думалася — канец ім ужо. Не, зноў вярнуліся. І ўсё на гэтага мужыка няшчаснага. А ён, як той вол рахманы: хто на карак ні сядзе, таго і цягне.

Доктар. І рабочым цяпер не соладка.

Лютынскі. У іх, брат, іначай: згуртаванасць, арганізацыя, ёсць каму пакіраваць. А мужык — кожны сам сабе. Мужыку трэба цяпер за рабочага трымацца. Без яго не прагнаць гэтай поскудзі. Значыць, і зямлі не мець. А мужыку што важней за ўсё? Зямлю ў свае рукі забраць. А там — рабочы на заводзе, мужык — на зямлі: кожны раскашаецца, як сам хоча. (Паўза.) Як там бацька мой? Не бачыў часам?

Доктар. От... жыве. Зямлю адабралі. Ты ж, мусіць, ведаеш?

Лютынскі. Чуў.

Доктар. Папацягалі яго за гэту зямлю.

Лютынскі. Цяпер мо не чапаюць ужо?

Доктар. Цялушку ўзялі на тым тыдні.

Лютынскі. От гадаўё! Я б ім, здаецца, горла перагрыз за гэту цялушку. Галандскай пароды. Сам з бацькам купляць ездзіў вунь аж у Камяное.

Доктар. Нудзіцца стары. «Ці перажывём мы, кажа, калі гэту напасць?»

Лютынскі. Што ж ты думаеш. Чалавек толькі за гаспадарку ўзяўся як мае быць. Зямлі прыбавілі,— вось, думаў, пажыву! На табе: зноў гніся на чатырох дзесяцінках... Убачыш — падвесялі яго крыху. Няхай не маркоціцца дужа. Мінецца гэта ліха, быць не можа. Скажы, што я яму яшчэ такую цялушку дастану, якой і ў пана Гняцецкага не было.

Ульяна ўваходзіць з вядром, спужана.

Ульяна. Вой, панічок! Хто ж гэта ў кладоўцы ў нас стогне?

Лютынскі. Перахрысціся, цётка Ульяна! Хто там можа стагнаць?

Ульяна. Не ведаю, але ж я добра чула... Не раўнуючы, як жанчына раджае.

Лютынскі (штучна смяецца). Ці не думаеш ты, што я ўпотайкі акушэрствам займаюся патрошку?

Ульяна. Смейцеся сабе, але ж хіба мае вушы мяне падманваюць.

Лютынскі. А мы зараз паслухаем. (Устае, адчьшяе дзверы, наўмысля моцна.) Дзе ж тут хто стогне, цётка Ульяна?

Ульяна (прыслухоўваецца). Не чуваць. Няўжо гэта мне здалося?

Лютынскі. Можа, свіння дзе на дварэ рохкала.

Ульяна. Хай яе воўк, калі гэта свіння! Аж рукі мае калоцяцца.

Лютынскі. Ну, можаш сабе ісці ўжо. Мы самі тут управімся.

Ульяна. Вядома. А то я вам і пагаварыць не даю.

Лютынскі. Мы тут і пагаворым. Можа, госць і ляжа, адпачне крыху.

Ульяна выходзіць.

Доктар. Так можна і ўлопацца калі-небудзь.

Лютынскі. Нічога, другі раз не будзе гэтага.

Доктар. Што, калі б паны злавілі?

Лютынскі. Кокнулі б, вядома.

Доктар. І ты не баішся?

Лютынскі. Думаю, што не зловяць. А пачнуць лавіць, то будзем уцякаць. (Прыслухоўваецца.) Самавар, здаецца, закіпеў. Давай сюды свае струманты.

Доктар дастае з сакваяжа інструменты, кладзе ў таз. Лютынскі бярэ таз і выходзіць за дзверы. Доктар падрыхтоўвае перавязачны матэрыял. Лютынскі адчыняе дзверы.

Гатоў.

Доктар. Пайшлі.

Ідуць у кладоўку. У кладоўцы на падлозе на сенніку ляжыць Карнейчык.

(Нагінаецца над Карнейчыкам.) Здаецца, спіць.

Лютынскі (таксама нагінаецца). Шкада будзіць: яму так рэдка ўдаецца заснуць.

Карнейчык (не расплюшчваючы вачэй). Не сплю я.

Доктар. Мы прыйшлі, таварыш. Прыгатуйся: прыйдзецца табе некалькі непрыемных хвілін перажыць. Прывязаць бы цябе не шкодзіла, ды тут няма як.

Карнейчык. Не трэба. Антоша, патрымаеш мяне.

Лютынскі (укленчвае і нагінаецца над Карнейчыкам). Пацярпі хвілін пяць. Збяры ўсе свае сілы. Перацярпі, і будзеш тады папраўляцца.

Карнейчык. Заткні мне рот... Не выцерплю... Пачуюць.

Лютынскі (бярэ кусок марлі). На, братка. Гэта чысценькая. (Затыкае яму рот.)

Доктар. Ну, я пачынаю. (Пачынае аперацыю.)

Лютынскі кладзецца на Карнейчыка, абнімае правай рукой за шыю, а левай пад правае плячо. Карнейчык пад ім сударгава выгінаецца і бесперапынна стогне.

Лютынскі. Крапіся, братка, крапіся!.. Бедная Барбара!.. Пакутніца няшчасная!.. Мацней абнімі мяне!.. Цісні!.. Шчыплі!.. Вось так! Не глядзі туды... (Цалуе Карнейчыка ў шчаку.) Зараз, братка, зараз... Яшчэ адну хвілінку... Вось і ўжо... Толькі перавяжа, і ўсё...

Доктар. Гатова!

Лютынскі (выцірае Карнейчыку твар). Аж потам абліўся... Дай жа мне марлю сюды. (Адтыкае рот. Карнейчык стогне.)

Карнейчык. Піць.

Лютынскі. Зараз нясу. (Выбягае.)

Доктар. Цяпер, таварыш, будзеш папраўляцца. Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Тыдні праз тры зажыве. Будзеш у нашых краях, заходзь да мяне. Запытаешся, дзе жыве доктар Барташэвіч. Кожны скажа. Альбо ў бальніцу заходзь. Проста ў прыёмную. Не бойся, не выдам. Мы з Антонам Мітрафанавічам — блізкія сябры.

Лютынскі (уваходзіць са шклянкай вады, прытрымлівае Карнейчыкаву галаву). На, браток!

Доктар. Добра было б, каб заснуў цяпер.

Лютынскі. Ты ідзі сабе адпачывай: здарожыўся. Я пабуду пры ім.

Доктар. Прыбраць бы тут... Чыстата павінна быць ідэальная.

Лютынскі. Я сам усё зраблю.

Доктар (бярэ Карнейчыкаву руку, мацае пульс і адначасна развітваецца). Ну, папраўляйся, прыяцель!

Карнейчык слаба ківае галавою. Доктар выходзіць. Лютынскі сядзіць на кукішках і ўглядаецца Карнейчыку ў твар.

 

Карціна чацвёртая

Лютынскі (глядзіць у акно). О, падняў хламіду, чорт кудлаты! (Ідзе ў калідор, адмыкае і адчыняе дзверы кладоўкі.) Ну, Святая Барбара! Станавіся, брат, на камісію. Прыйдзецца цябе выпісаць са шпіталя.

Карнейчык (паказваецца ў дзвярах з пустым левым рукавом). Даўно цябе прашу.

Лютынскі. Сёння, каб ты і не прасіў, дык я цябе сам праганю.

Карнейчык. У цябе тут нешта здарылася? Нейкі грукат, гоман, крык — што такое?

Лютынскі. Папа чорт прынёс. Бачу — да чаркі дагаварваецца. Ну, я і адлучыўся на хвілінку, а шафу адамкнёную пакінуў. Зусім забыўся пра літаратуру, што ты тады прынёс. Прыходжу, а ён ужо ў руках трымае. І проста — асою ў вочы. Я так, я і гэтак загаварваю — не бярэ. «Данясу!» — крычыць. Ах, данясеш? Я, брат, за каўнер ды калі зырнуў! Думаў, што галавою дзверы выламіць ды да цябе ў кладоўку ўляціць.

Карнейчык. Шкада, што не ўляцеў. Я па-свойму яго благаславіў бы.

Лютынскі. Даўгагрывы дурань! Ад злосці забыўся нават пра тое, што праз тыдзень, можа, і даносіць не будзе каму.

Карнейчык. А данясе? Як ты думаеш?

Лютынскі. І думаць няма чаго. Сёння ж камендант будзе ведаць.

Карнейчык. Прыйдуць нашы, прапішам мы яму іжыцу.

Лютынскі. Куды пойдзеш цяпер?

Карнейчык. У лес, да сваіх.

Лютынскі. А рука?

Карнейчык. Што ж рука? З аднаею буду жыць.

Лютынскі. Як болька, хацеў я запытаць?

Карнейчык. Нічога. Траха што і зажыла ўжо. Гарачая пара — няма калі вылежвацца...

Лютынскі. Мяркуй сам. Да вечара недалёка, жандары не паспеюць. Як толькі змеркнецца, дык ты праз акно ды ў жыта. А там — сцежкі табе вядомыя.

Карнейчык. А ты?

Лютынскі. Я зараз — ходу і замкну дзверы знадворку, каб да вечара ніхто цябе не патрывожыў.

Карнейчык. Куды надумаўся?

Лютынскі. Да чырвоных. Дні праз два да фронту дабяруся, а там паны, здаецца, рушылі адступаць, і перабрацца цераз фронт мне няцяжка будзе. (Паўза.) Як ты думаеш, Мікола, сустрэнемся яшчэ мы з табой?

Карнейчык. Э, брат, яшчэ і як сустрэнемся!

Лютынскі. А калі заб’юць цябе ці мяне?..

Карнейчык. На вайне, вядома, у зубы не глядзяць. Але нашто, каб канечне нас білі? Давай лепш мы будзем біць.

Лютынскі. Давай, так і быць.

Карнейчык. Калі пашанцуе, то сустрэцца з табою мы можам і праз некалькі дзён.

Лютынскі. А можа, і праз дзесяткі год.

Карнейчык. І гэта можа быць. Уяўляю, якім ты будзеш: салідны, з барадою, і сыны ў цябе вялікія...

Лютынскі (у тон яму). А ў цябе дочкі, і мы іх жаніць будзем.

Карнейчык. Хто за мяне пойдзе? (Ківае на пусты рукаў.)

Лютынскі. Пойдзе, брат, аж пабяжыць. Другая рука ёсць, ногі ёсць, галава ёсць.

Карнейчык. Правільна, Антоша! Сам я ёсць — вось што самае галоўнае. І мы з табою яшчэ пажывём ды папрацуем на карысць Радзімы. (Памаўчаўшы.) А каб не ты, Антоша, не было ж бы мяне на свеце: прэў бы я ў зямлі, і чэрві б спраўлялі баль у маім чэрапе. Бр-р-р!

Лютынскі (устае). Давай лепш... пацалуемся на развітанне.

Карнейчык. А я табе на развітанне хачу сказаць... ведаеш што?

Лютынскі. Што?

Карнейчык. Калі ў цябе будзе ў жыцці самы небяспечны момант, самае цяжкае становішча, я хацеў бы тады быць з табою, хоць бы гэта мне самому пагражала смерцю.

Лютынскі (з цёплай усмешкай). Паспрабаваў бы ты лепш голас свой: ці выйдзе цяпер «Святая Барбара». Можа, яшчэ спатрэбіцца.

Карнейчык (весела). А што ты думаеш! Зараз паспрабуем. (Зажмурвае вочы і крывіць твар.)

 

Святая Барбара па шкле хадзіла,

Святога Міколу за ручку вадзіла.

Святому Міколу ў ножкі колецца,

Святая Барбара богу моліцца.

 

Лютынскі (ляпае яго па плячы). Дасканала! Рыпіш, як кола нямазанае. (Смяюцца.) Ну...

Карнейчык. Бывай, браток! (Цалуюцца.) Перадай там, што мы не сядзім тут злажыўшы рукі.

Лютынскі. Добра. Чакай мяне хутка ў чырвонаармейскім шлеме і са стрэльбай.

Заслона

 

АКТ ДРУГІ

Адбываецца ў 1932 годзе.

Карціна пятая

Двор машынабудаўнічага завода. Выстаўка браку. Ля дошкі Насця і Касабуцкі. Па двары праходзяць рабочыя і знікаюць у дзвярах цэха.

Касабуцкі. Рада, што чалавека на смех выставіла?

Насця. Радасць мне невялікая. Калі такой радасці ты будзеш даваць пабольш, дык усю брыгаду на чорную дошку пасадзіш.

Касабуцкі. Кожны сам за сябе адказвае: мой брак, з мяне ж і вылічаць за гэта.

Насця. Не, брат! Тут крыху далей трэба глянуць. Дэталь важная, а ты яе запароў. Вось аднае жняяркі і недадалі. А праз гэта, можа, колькі хлеба на полі папсуецца.

Касабуцкі. Ты вельмі далёка глядзіш, а пад носам не бачыш. Станок ні к чорту матары не варт, рамонту просіць.

Стары рабочы (праходзячы, ляпае Касабуцкага па плячы). Што, дасягненні свае выставіў?

Касабуцкі (агрызаецца). Каціся ты... на лёгкім кацеры! Цябе яшчэ тут не было!

Насця. Пра станок дагэтуль ты нічога не казаў. Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе.

Касабуцкі. Як сабаку кормяць, так сабака і брэша.

Насця. Вось яно, шкурніцтва! Жыўцом з цябе прэ. Цябе горш за ўсіх кормяць? Прыйдзецца пра цябе ў заўкоме пагаварыць.

Касабуцкі. Пляваў я з пятага паверха на твой заўком і на цябе разам! (Убачыў, што падыходзіць Карнейчык, падаўся ўбок.) Пачакай, я табе гэта ўспамяну яшчэ некалі!

Карнейчык. Што ў вас тут такое?

Насця. Токар з нашай брыгады... Брак зрабіў дый лаецца яшчэ, што ў вітрыну выставілі...

Карнейчык. А начальнік цэха ведае?

Насця. Што начальнік! Запісаў вымову, а ён і вухам не вядзе.

Карнейчык. Як яго прозвішча?

Насця. Касабуцкі.

Карнейчык (запісвае на паперы). Я пагавару з начальнікам цэха.

Насця. Ён адзін усю брыгаду падводзіць. (Пайшла.)

Карнейчык глядзіць ёй услед — любуецца.

Нодэльман (падыходзіць ззаду). Глядзі, не закахайся.

Карнейчык. Злачынства невялікае.

Нодэльман. Я не супярэчу, калі гэта прамфінплану не пашкодзіць. У закаханай кухаркі, кажуць, няўдалая страва выходзіць, а што выйдзе ў закаханага дырэктара, гэта для мяне яшчэ не ясна.

Карнейчык. Не бойся: выйдзе ўсё тое, што і ў людзей выходзіць.

Нодэльман. Чаму табе і сапраўды не закахацца ўжо? Гадкоў табе нямала. Не іначай прыйдзецца мне жаніць цябе ў парадку партдысцыпліны.

Карнейчык. Калі ж гэтым займацца? Пахадайнічай хіба, каб мне водпуск далі месяцы на тры, тады, можа, што і выйдзе.

Нодэльман. Не, брат, ты паспрабуй пераключыся на хаду...

Карнейчык. А яна слаўная дзяўчына.

Нодэльман. Што й казаць, дзяўчына — што трэба. Герой першай пяцігодкі. І тым прыямней, што самі ж мы яе выгадавалі. З вёскі прыйшла: заморачак такі, нясмелая, ля станка прайсці баялася...

Карнейчык. Памятаеш, як на вытворчай нарадзе яна выступала?.. Пачне гаварыць, шчокі запалымнеюць...

Нодэльман. Ды ты, бачу я!.. Хоць мне і вельмі непрыемна, але прыйдзецца цябе крыху астудзіць. Ты ведаеш, што нам рыхтуецца вымова?

Карнейчык. Якая? За што?

Нодэльман. За запасныя часткі. Нехта з Наркамзема паскардзіўся, што заказу не выконваем.

Карнейчык. Ды што за чорт! Недарэчнасць нейкая. (Падыходзіць да адчыненага акна канторы.) Дайце мне трубку. (У тэлефонную трубку.) Наркамзем?.. Хто пры тэлефоне? Каго-небудзь з адказных працаўнікоў... Давайце члена калегіі... Гэта гаворыць дырэктар завода імя Калініна... Хто ў вас там бегаў плакаць у ЦК?.. Наконт заказаў... Вы? Глупства вы там нагаварылі... Ды не па нашай жа віне... А чарцяжы вы нам далі? Ды вашы ж работнікі... Вы новы працаўнік, дык я за вас вымовы павінен атрымліваць?.. То трэба разабрацца, а не гаварыць глупства... Вядома... Няма чаго звальваць з хворай галавы на здаровую... Ну, вось там і пагаворым... Так, так!.. За вас вымовы атрымліваць я не хачу. (Аддае трубку ў акно.) Бюракраты няшчасныя!

Карціна шостая

Пакой перад кабінетам сакратара ЦК. Лютынскі сядзіць на крэсле, трымаючы на каленях партфель, і перабірае паперы. Сядзяць яшчэ два з партфелямі. Уваходзіць Карнейчык.

Карнейчык (кіўнуўшы галавой на дзверы). Там нехта ёсць?

Наведвальнік. Двое.

Карнейчык дастае крэсла з-за стала. Партфель Лютынскага ляціць на падлогу.

Карнейчык. Выбачайце!

Лютынскі (глянуў злосна, потым твар яго мяняецца і выражае прыемнае здзіўленне). Пачакай!.. Няўжо гэта ты?

Карнейчык (не пазнае). Не, гэта, мусіць, не я. Вы памыліліся (нерашуча бярэ руку, якую падае Лютынскі).

Лютынскі. Ды як жа не ты? Святая Барбара! Ты ж у мяне ў «шпіталі» ляжаў?

Карнейчык (узрадаваны, трасе руку Лютынскага). А! Тады гэта я! А цябе, брат, і не пазнаць: капялюш... барада. Адкуль гэта ўсё?

Лютынскі. Капялюш купіў, а барада сама вырасла. За дванаццаць год можна набыць і тое, і другое... Пара нам патроху культурны выгляд набываць.

Карнейчык. І праўда, дванаццаць год... Як гэта мы не сустрэліся дзе-небудзь? Я ўжо другі год тут.

Лютынскі. А я — другі месяц.

Карнейчык. Ты прафесарам, можа, ужо стаў?

Лютынскі. А ведаеш, да таго хілілася. Аспірантам быў пры сельскагаспадарчай акадэміі. Потым сарвалі і кінулі сюды.

Карнейчык. Ты, значыць, па сельскай гаспадарцы пайшоў?

Лютынскі. Накшталт гэтага.

Карнейчык. А мне, брат, так і не ўдалося павучыцца. Усё на вытворчасці...

Паўза.

Лютынскі. Да начальства прыйшоў?

Карнейчык. Па адной каверзнай справе. Нейкі пляткар з Наркамзема паскардзіўся, што я заказ марыную...

Лютынскі. Дык гэта ты дырэктар завода імя Калініна?

Карнейчык. Адкуль ты ведаеш?

Лютынскі. Як жа не ведаць? Гэтак крыў мяне ўчора па тэлефоне.

Карнейчык. Цябе?

Лютынскі. Ну, мяне. Бач, той самы пляткар з Наркамзема...

Карнейчык. Ты?

Лютынскі. Выходзіць — я.

Карнейчык. Ну, брат! Шчасце тваё, што ты мой друг, а так не ведаю, што з табой зрабіў бы.

Лютынскі. Адпусці душу на пакаянне. І Наркамзем сіратою не пакінь.

Карнейчык. Што ж ты там... сектарам якім загадваеш?

Лютынскі. Падымай вышэй — намеснік наркома.

Карнейчык. О-о-о! Раскажы хоць, як ты дайшоў да гэтага.

Лютынскі. Тут, брат, сам не дойдзеш—людзі падпіхнуць. Пакажы толькі, што працаваць умееш,— на руках падымуць, на вышэйшую ступеньку пасадзяць,— толькі працуй, калі ласка. І нідзе не дзенешся — будзеш працаваць як міленькі! Так і я... Вярнуўся з арміі, думаў, буду і надалей толькі з малышамі ў школе справу мець. Куды там! На кавалкі разрываюць: вучы, памагай, арганізуй. Праз два гады членам райвыканкома выбралі, загадчыкам райземаддзела назначылі. А тады ж — ведаеш? — падняцце сельскай гаспадаркі і ўсё такое... Тут я папрацаваў як мае быць. Шматполле, травасеянне, караняплоды... У галіне жывёлагадоўлі шмат было зроблена. Глядзіш — у некаторых і свінні йаркшырскія завяліся, і каровы лепшай пароды. А ў бацькі дык цэлую паказальную гаспадарку наладзіў. Прэміі атрымліваў. У газетах пісалі пра яго. Раз нават фатаграфію змясцілі. З паўгода стары любаваўся ёю.

Карнейчык. Жыў яшчэ бацька?

Лютынскі. Жыве... У калгасе цяпер.

Карнейчык. Не маркотна яму там... пасля паказальнай гаспадаркі?

Лютынскі. Прывыкне. Дзе ён дзенецца?.. Дык вось... Працаваў я так, аж пакуль пачаліся ў мяне непаразуменні з сакратаром райкома. Тады я і адпрасіўся на вучобу.

Карнейчык. Якая ж твая работа ў Наркамземе?

Лютынскі. А ў кожны сектар прыходзіцца нос утыкаць. Але найбольш мяне цікавіць землеўпарадкаванне. Пакуль зямельная плошча ў нас не будзе прыведзена ў парадак, датуль мы не будзем мець ні ўстойлівага землекарыстання, ні правільнага севазвароту, ні належнага ўліку працы.

Карнейчык. І ты ўжо добра гэту справу ведаеш? Авалодаў тэхнікай?

Лютынскі. Крыху кумекаю. Дый спецыялісты ж у мяне сядзяць на гэтай справе. Ёсць у мяне такі Далеўскі, дырэктар зямтрэста,— галава! Паглядзіш, праз год у мяне па ўсёй рэспубліцы парадак будзе! Усё роўна як на шахматнай дошцы.

Карнейчык. Глядзі толькі, каб мат не быў.

Лютынскі. Ну, брат! Усім рэспублікам нос уватру. Перш за ўсё выжыву саматужніцтва ў справе ўліку працы. Брыгадзіру ці паляводу не трэба будзе кожны раз бегаць ды абмерваць — а колькі засеяна? Колькі заарана? Зямля будзе памерана раз і назаўсёды. Уся плошча будзе падзелена на правільныя геаметрычныя клеткі, каб ніводнага беспрытульнага кусочка не засталося. Засеялі, скажам, клетку № 20, а брыгадзір ужо і ведае, колькі гектараў засеялі. Севазварот будуецца таксама толькі на строгім і правільным чаргаванні клетак. Адгэтуль і сістэма ўгнаення штучнага і натуральнага. У выніку — ураджай, якога і Данія ніколі не сніла. Мы і тут ставім сабе задачу дагнаць і перагнаць буржуазныя краіны. А ўяві сабе такое поле летам, калі кожная клетка зацвіце, зазелянее, зажаўцее сваёй культурай. Гэта ж будзе не поле, а жывы дыван, вытканы рукою мастака! Адзін выгляд такога поля будзе паказваць, што значыць план, сістэма, сацыялізм.

Карнейчык. Ну, ну, давай! Я тут мала што разумею. Выведзеш рэспубліку на першае месца, наркомам зробім...

З кабінета выходзіць наведвальнік.

Пайшлі!

Лютынскі. Што ж, будзем далей з табою лаяцца?

Карнейчык. Давай лепш — не трэба. А ўрэшце... паслухаем, што ты будзеш гаварыць.

Карнейчык і Лютынскі ідуць у кабінет.

 

Карціна сёмая

Кватэра Лютынскага.

Юрка (муштруецца з катом, які не хоча гуляць з матузом). Лаві, кіса! Ну, цоп! Дык ты не хочаш? От, бюракрат! Вочы зажмурыў, вушы натапырыў і глядзець не хоча! На, лаві! Вось апартуніст няшчасны! Пачакай, я ж табе зараз!.. (Хапае шчотку і імчыцца на ката.) Ж-жж-ах! А, даў драла!

Наталля (з суседняга пакоя). Нашто ты ката б’еш?

Юрка. Ён апартуніст і бюракрат.

Наталля. Гэта ж ці не бацьку твайго так называлі?

Юрка. О! Мой бацька сапраўдны камуніст і аварган... Як, мама?

Наталля. Авангард.

Юрка (круціцца па хаце, гуляе). Авангард, аварганд, авагранд... (Глянуўшы ў акно.) Валодзька! Куды ты? Купацца? (Адварочваецца.) Мама, я пайду купацца.

Наталля. Я не пушчу цябе з Валодзькам, яшчэ ўтопішся.

Юрка. Мы тут, блізенька.

Наталля. Тут вада брудная.

Юрка. Ну, хадзем з табою.

Наталля. Мне часу няма.

Юрка. А я купацца хачу.

Наталля. Вось да дзеда паедзем. Там будзеш купацца колькі ўлезе.

Юрка. Давай заўтра паедзем.

Наталля. Заўтра яшчэ не паедзем.

Юрка. А калі?

Наталля. Бацька паслаў дзеду ліст. Калі дзед напіша, што ўсё гатова, тады мы паедзем.

Юрка. А як мы паедзем?

Наталля. Поездам.

Юрка. Аж у самую дзедаву хату?

Наталля. Не, на станцыі злезем. А там дзед на кані прыедзе — мы сядзем і паедзем.

Юрка. Дзед дасць мне лейцы, і я так: но, каб цябе! (Хвошча вяровачкай па крэсле.) Тпру, стой! Прыехалі! (Падыходзіць да акна і стукае ў шыбку.) Валодзька! Сып адзін, я ў дзеда буду купацца. (Адварочваецца.) Мама, авангард ідзе.

Наталля. Які авангард?

Юрка. Ну, наш бацька. І з ім яшчэ нехта.

Наталля ўваходзіць у пакой, глядзіць у акно, папраўляе на сабе сукенку. Уваходзяць Люты некі і Карнейчык.

Карнейчык. Добры дзень!

Наталля. Добры дзень!

Л ют ы нск і. Знаёмцеся: гэта мая жонка, а гэта... Святая Барбара.

Наталля (здзіўлена глядзіць на Лютынскага, а потым успамінае). А! Гэта таварыш Карнейчык? Дык я ж з вамі знаёма, хоць і не бачыла ні разу...

Карнейчык (ківае на Лютынскага). Ён, мусіць, ужо наплёў пра мяне?

Наталля. Абы нічога дрэннага... Сядайце.

Карнейчык садзіцца і аглядае пакой. Юрка тым часам абыходзіць кругом яго і глядзіць на пусты рукаў.

Як гэта вы спаткаліся?

Карнейчык. У адной аўтарытэтнай установе. Ён на мяне прыбег скардзіцца, а я на яго. А як разгледзеліся, дык абодва вінаваты, бо і скардзіцца не было чаго, а проста трэба было справу рабіць.

Лютынскі. Што ты ўжо скромнічаеш! Мне ж усыпалі, а не табе, значыць, я і вінават.

Карнейчык. Я таксама крыху вінават, што не насядаў. А ад цябе я проста не чакаў.

Лютынскі. Што зробіш! Такая ўжо натура чалавечая, што кожны на другім рад выехаць, калі пры гэтым можна яшчэ і героем сябе выставіць. Але тут якраз на друга наляцеў.

Карнейчык. А друг, кажаш, такі свінаваты, што не захацеў, каб ты на ім выехаў.

Лютынскі. Яшчэ і апартуністам мяне назваў.

Юрка. Ага! Вот і апартуніст!

Лютынскі (да Карнейчыка). Ты тут, вядома, праў, я не крыўджуся. Не падумай, што я ўжо такі безнадзейны ачкаўцірацель.

Карнейчык. Ды я цябе, здаецца, крыху ведаю... прынамсі, ведаў некалі. (Падыходзіць да паліцы з кнігамі.) Кніг у цябе багата. Дай ты мне што-небудзь пачытаць.

Лютынскі. Выбірай, што табе падабаецца.

Карнейчык перабірае кнігі, бярэ з паліцы, прачытвае загалоўкі, зноў ставіць. Некаторыя адкладвае.

Ведаеш, Мікола, я хачу да якой-небудзь вытворчай ячэйкі прымацавацца.

Карнейчык. Баішся ад мас адарвацца? Што ж, ідзі да нас. У нас работы хопіць. Сакратар парткалектыву хлопец такі, што з ім можна працаваць...

Юрка (кранае пальцамі пусты рукаў). А дзе ваша рука?

Карнейчык. Няма, брат, у мяне рукі паны адбілі.

Юрка. А як яны адбілі?

Наталля. Юрка, не лезь да дзядзькі. Ты ж перашкаджаеш.

Карнейчык. Нічога, яму ж цікава. Прастрэлілі мне руку, а потым доктар адрэзаў, бо яна пачала гнісці.

Юрка. А чаму вы ў іх не стралялі?

Карнейчык. І я страляў, але іх больш было.

Юрка. Вось каб у мяне тады стрэльба была, я іх усіх пастраляў бы.

Наталля. Ах ты, ваяка гэтакі! Цябе ж тады яшчэ і на свеце не было.

Юрка. Бацька, а ты быў тады на свеце?

Лютынскі. Быў.

Юрка. А чаму ты не страляў у паноў?

Лютынскі. І я страляў.

Карнейчык. Твой бацька маладзец. Каб не ён, дык бы мяне паны зусім забілі.

Юрка. Праўда, бацька, ты маладзец?

Лютынскі. Не ведаю. Гэты дзядзька кажа, што маладзец.

Юрка (пяшчотна). А я думаў, што ты апартуніст.

Наталля (глянуўшы ў акно). Лістаносец ідзе. Мусіць, ліст нам. (Выходзіць у суседні пакой, Юрка бяжыць за ёю.)

Юрка. Каму, мама?

Наталля. Антону Мітрафанавічу...

Юрка. Авангарду... (Бяжыць да Лютынскага і паказвае пальцам.) Гэтаму, во!.. Мама, гэта ад дзеда ліст?

Наталля. Ад дзеда, сын, ад дзеда. Бацька зараз прачытае.

Лютынскі (бярэ ліст і раздзірае канверт). А ведаеш што, Мікола... Калі ты думаеш у адпачынак ісці?

Карнейчык. Трэба гэту самую гарачую работу зрабіць — запасныя часткі. Думаю, што ў жніўні... Можа, так з 15-га.

Лютынскі. Вось і добра. Давай паедзем разам да майго старога. Там — лес, рака... Куток у яго знойдзецца...

Карнейчык. З вялікаю ахвотаю, калі толькі ўдасца. Я ж забыўся ўжо, калі ў лесе быў. Трэці год працую без адпачынку.

Юрка (тармосіць бацьку за рукаў). Чытай хутчэй, што дзед піша.

Лютынскі вымае ліст і пачынае чытаць. На твары спачатку здзіўленне, потым твар хмурнее. Лютынскі прыкусвае губу.

Наталля. А там жа грыбоў у іх!

Юрка. Памятаеш, мама, як я баравіка знайшоў? Вялізнага, як мая шапка.

Наталля занепакоена аглядаецца на Лютынскага, які нервова скамячыў ліст і сунуў у кішэнь.

Юрка. Ну, што? Дзед чакае нас?

Лютынскі. Гэта дзядзька адзін піша.

Юрка. Вот дзед-гнед! Чаму ж ён ліста не прыслаў?

Карнейчык. Дык я вазьму ў цябе гэтыя кнігі?

Наталля. Пасядзіце. Што ж вы так хутка?

Карнейчык (глядзіць на гадзіннік). Праз пятнаццаць хвілін мне трэба быць на адной нарадзе. Зайду другім разам. (Да Лютынскага.) А твая прапанова мне вельмі падабаецца.

Лютынскі збянтэжана і крыва ўсміхаецца, паціскаючы Карнейчыку руку.

Юрка (забягае Карнейчыку наперад). А ў мяне трусы ёсць і трусяняткі маленькія.

Карнейчык. Ого, брат. Дзе ж яны ў цябе?

Юрка. Хадзем пакажу.

Карнейчык і Юрка выходзяць.

Наталля. Што там здарылася?

Люты некі (з саркастычнай усмешкай). Навіны для нас вельмі прыемныя. (Дастае пакамечаны ліст і разгладжвае.) Слухай, што за лірыка. (Чытае.)

— «Сынок мой дарагі і нявестачка мая любая. Вы пытаецеся, ці можна вам прыехаць да мяне. Прыязджайце, дзеткі мае. Усё гатова, усё вам будзе. Жыву я, сынок, цяпер у такім палацы, у якім ніколі не жыў ні дзед твой, ні прадзед і ніхто з радні нашай. Прасі, сынок, бога (хоць ты і адрокся ад яго), каб і табе ў такім палацы не давялося жыць. А палац гэты добра табе вядомы — варывенька Цімохава, што за нашым хлявом стаіць».

Наталля. Пачакай! Дык што ж гэта такое?

Лютынскі. Ты слухай! (Чытае.)

«Дзякую табе, сынок мой, што ты дапамог мне, што ты абараніў мяне, бо ты ж камуніст: сілу маеш, з вялікім начальствам знаешся. Чакаў я подпіркі на старасць, вось і падперлі мяне... Так падперлі, што мне з старою прыходзіцца ў чужым кутку смерці чакаць, гледзячы, як чорт лысы дабро наша спажывае...» (Горка ўсміхнуўшыся.) Дастукаўся!

Наталля. Што ж ты рабіць цяпер думаеш?

Лютынскі. Спета наша песенька — вось што.

Наталля. Я цябе не разумею, Антоша.

Лютынскі. А наогул ты што-небудзь разумееш? Камуніст я ці не?

Наталля. Думаю, што ты ім і застанешся.

Лютынскі. Агент класавага ворага ў радах партыі — ты чуеш, як гэта прыгожа гучыць? Прытварацца? Біць сябе ў грудзі? Камячыць кулакі, абураючыся на двурушнікаў і апартуністаў? Жыць вечна пад страхам, што пра цябе ўведаюць усю праўду і пагоняць з партыі і з працы... з трэскам, са скандалам на ўсю рэспубліку, на ўвесь Саюз? Жыць і аглядацца, ці зараз цябе схопяць за каўнер? Не, дзякую табе за параду!

Наталля. Ты, Антоша, мяне не зразумеў. Я табе зусім не гэта раіла. Я думала, што ты пойдзеш і ўсё раскажаш каму трэба, прызнаешся ва ўсім.

Лютынскі. Прызнаешся... А ты ведаеш, што гэта значыць — прызнацца? Гэта значыць — плюнуць бацьку ў яго сівую бараду, узяць старога за горла вось гэтымі сваімі рукамі. Гэта будзе падзяка бацьку за тое, што ён мяне маленькага на руках насіў, начэй недасыпаў над маёю калыскаю, што ён пяўся з усіх жыл, вучыў мяне, каб я не застаўся такім цёмным, як ён сам. А хто ж яму акулачыцца памог? А цяпер за горла? Уласнымі рукамі? І ты думаеш, паможа мне гэта? «А дзе ты,— скажуць,— грамадзянін Лютынскі, раней быў? Твайго бацьку ў сельсавеце кулаком не лічылі? А сам ты не бачыў гэтага? Ты за столькі год прабывання ў партыі не знайшоў часу, каб расказаць пра гэта партыі? Ты ўгаварваў бацьку ў калгас ісці, спадзеючыся, што кулак сапраўды-такі можа ўрасці ў сацыялізм? Дудкі, грамадзянін Лютынскі. Не пройдзе нумар!»

Наталля. Ты мяне пужаеш, Антоша.

Лютынскі (не адказваючы, лажыцца на канапу, залажыўшы рукі за галаву). Антон Мітрафанавіч Лютынскі — беспартыйны... Ды што беспартыйны! Здраднік партыі! Дэзерцір! Перабежчык! І калі будуць гаварыць і пісаць пра слаўную кагорту бальшавікоў, якая грудзьмі пракладвае дарогу ўсяму чалавецтву, ведай, Антон Мітрафанавіч, што гэта не пра цябе. Ніводзін прамень славы іх не ўпадзе на тваю галаву. На сметніку гісторыі, у кампаніі з агіднымі пазадкамі чалавецтва, побач з смярдзючаю здыхляцінаю з гэтага часу месца тваё. І казак пра цябе не раскажуць, і песень пра цябе не спяюць... І здохнеш ты, Антон Мітрафанавіч, не пакінуўшы ніякага следу... Урэшце, след будзе. Ён застанецца ў памяці твайго сына. Але... лепш бы яго не было.

Наталля. Антоша, любы! Няўжо ж і выхаду няма? Няхай бы ты хоць з Карнейчыкам параіўся. Сябар твой усё ж такі.

Лютынскі. О не! (Устае.) Ён мне тут не паможа. Сам разблытаю гэты вузел. (Закурвае і нервова ходзіць па пакоі.) На сметнік я яшчэ не збіраюся! Бацька мой кулаком не павінен быць.

Наталля. І Карнейчыка баішся? А сам жа колькі разоў гаварыў мне пра яго як пра найлепшага сябра. Ты, мусіць, нядобрае нешта задумаў?.. Памятай, Антон: я зусім не хацела б, каб ты наш агульны дабрабыт выратоўваў якім-небудзь нядобрым спосабам...

Лютынскі. Па-твойму, я цяпер павінен выйсці на вуліцу і крычаць: глядзіце на мяне ўсе, майго бацьку раскулачылі! А ты ведаеш, што як адказны працаўнік я не маю ніякага права кампраметаваць сябе без пары. Дурніца!

Наталля. Няхай сабе дурніца, але скажы, што ты хочаш рабіць?

Лютынскі. Галавацяпы там сядзяць — вось што! Асталопы бязглуздыя! Савецкая ўлада надзяліла майго бацьку зямлёй...

Наталля. А хто яму нарэзаў?

Лютынскі. Не важна, хто асабіста — Лютынскі, Сідараў, Пятроў — зямельныя органы нарэзалі. Пры савецкай уладзе мой бацька культурную гаспадарку завёў, і ніхто не мае права абыходзіцца з ім, як з кулаком. Ты хочаш, каб праз нечае галавацяпства я ахвяраваў партыйным білетам, службовым аўтарытэтам, добрым імем савецкага грамадзяніна? Я не з’яўляюся непраціўленцам злу: міндальнічаць і гуляць у шляхетнасць не буду. Ён, прахвост каторы, загнуў, дык няхай сам і спажывае гэта.

Наталля. А я прашу цябе, падумай добра, што ты робіш. Можа, твой бацька...

Лютынскі. Што мой бацька? Дурында! І яна туды ж! Прашу цябе — прытрымай язык пакуль што, калі нічога не разумееш. Ён у цябе ля вушэй матляецца.

 

Карціна восьмая

Кабінет Карнейчыка. Карнейчык углыбіўся ў нейкія паперы. Сядзіць задумаўшыся і не заўважае, што ўвайшоў Шыбер.

Карнейчык (чухае патыліцу). Гм! Чапуха выходзіць.

Шыбер. Запарыўся, таварыш Карнейчык?

Карнейчык. Запарышся з вамі.

Шыбер. Чаму гэта якраз з намі?

Карнейчык. Якраз з табой. Твой цэх прамфінплан выконвае?

Шыбер. І запасныя часткі звыш плана, і прамфінплан — як жа я ўпраўлюся?

Карнейчык. Паспрабуй не ўправіцца!

Шыбер. Цераз сілу і конь не цягне.

Карнейчык. А як ты гэту сілу скарыстоўваеш?

Шыбер. Не ведаю, мне здаецца...

Карнейчык. Я табе зараз скажу, калі не ведаеш... Вылучаны ў цябе пэўныя станкі на запасныя часткі?

Шыбер. Яшчэ не вылучыў.

Карнейчык. О то-то ж — не вылучыў... Параскідаў па ўсіх станках. Станок № 16 зусім беспрытульны, за пэўнымі людзьмі не замацаваны, увесь брудам зарос. Лодар Касабуцкі ходзіць у часе працы па цэху і практыкуецца ў боксе. Што ж ты скажаш на гэта?

Шыбер. Што тут казаць... Крый ужо да канца.

Уваходзіць Пянькоўскі, за ім Насця, якая садзіцца на крэсла ў кутку.

Карнейчык. Вядома, што тут казаць? Зрабіць трэба.

Шыбер. А чаго клікаў?

Карнейчык. Таго і клікаў. Заўтра даложыш мне, што ты цалкам гатоў да выканання заказу па запчастках. План — само сабою... (Да Пянькоўскага.) Гэта не паможа. (Адсоўвае папку, якую Пянькоўскі палажыў на стол.)

Пянькоўскі. Чаму?

Карнейчык. Таму, што аддзел забеспячэння павінен забяспечваць завод матэрыяламі, а не дырэктара паперкамі.

Пянькоўскі. Я забяспечваю.

Карнейчык. Кацельнага жалеза шмат у цябе ёсць?

Пянькоўскі. На тыдзень хопіць.

Карнейчык. А начальнік цэха сказаў, што ўсяго на тры дні.

Пянькоўскі. Жалеза нам даўно адгружана. Вось і накладная. (Падае паперку. Карнейчык, не гледзячы, адсоўвае рукой.)

Карнейчык. Жалеза давай!

Пянькоўскі. Вагон недзе ў дарозе затрымаўся. Я ўжо тры тэлеграмы даў. Вось копіі, калі не верыш.

Карнейчык (адсоўвае рукою). Перадай іх у кацельны цэх.

Пянькоўскі. Нашто?

Карнейчык. Няхай з тваіх тэлеграм катлы кляпаюць.

Пянькоўскі. Чалавека хіба паслаць, каб пашукаў, дзе гэты вагон дзеўся?

Карнейчык. Справа твая. Памятай, што калі праз тваю ласку работа ў цэху стане, дык мала табе не будзе.

Пянькоўскі, збянтэжаны, збірае ў папку паперы.

Шыбер (ляпае яго па плячы). Хадзем, таварыш Пянькоўскі, пакуль нам больш не ўляцела. (Выходзяць.)

Карнейчык (жартаўліва да Насці). У цябе што? Мо таксама тэлеграмы?

Насця. У мяне толькі заява. (Падае).

Карнейчык чытае. Уваходзіць Лютынскі.

Карнейчык. А-а-а! Ці не бог цябе прынёс да нас?

Лютынскі. Траха што ён... Толькі па прапанове таварыша Нодэльмана.

Карнейчык. Што, у работу бярэ?

Лютынскі. Прапанаваў гурток марксізму-ленінізму весці ў вас.

Карнейчык. Гэта я параіў яму. Ты, думаю, не будзеш крыўдзіцца на мяне?

Насця (якая ўвесь час углядалася ў Лютынскага). А ці не хочацца вам чырвоных ягад, таварыш Лютынскі?

Лютынскі. Ягад?! Якіх ягад?

Насця. Не пазнаяце?

Лютынскі. Ах! Ягад чырвоных?.. Правільна... Вялікая ж ты вырасла, Насця. Як гадуешся? (Падае руку.)

Насця. Ці не пара ж вырасці?

Карнейчык. Адкуль вы ведаеце адно аднаго?

Лютынскі. Гэта ж мая вучаніца. Ты яе хіба не ведаеш?

Карнейчык. Добры б я дырэктар быў, каб сваіх лепшых ударнікаў не ведаў?

Лютынскі. Не, раней?.. Бацьку ж яе, Данілу Бохана, ты ведаў добра?

Карнейчык. А як жа. Памятаю, як і яна ў лес прыбягала... Вось такая была тады. (Паказвае рукою.)

Лютынскі. Як жа бацька маецца?

Насця. У зямлі даўно наляжаўся.

Карнейчык. Злавілі, брат, яго ўскорасці, як ты ўцёк... Закатавалі, гады... (Паўза.) Эх, браткі мае! Чэрці паласатыя! Давайце збяромся калі-небудзь... Ну хоць бы ў мяне. Пагаворым, спяём што-небудзь. Мы некалі часта пелі... Ноч цёмная... Лес шуміць маркотна, нібы скардзіцца на каго. Мы пры агні збяромся. Хто-небудзь казку расказвае ці так пра якое здарэнне. А Даніла ляжыць дагары на мху на мяккім,— рукі пад галаву заложаны, вочы ў зорным небе блукаюць,— і сам сабе ціхутка песню заводзіць. Да яго неўзаметку далучыцца адзін, другі. Песня расце, мацнее, шырыцца на ўвесь лес. Сам апавядальнік абарве недаказаную казку і падхопіць высокім тэнарам. Хораша выходзіла... (Паўза.) Не журыся, Настасся Данілаўна! Твае песні яшчэ ўсе наперадзе. Дарэчы, ты ўмееш пець?

Насця. Круху ўмею.

Карнейчык. Вось і добра... Цягні з сабою яшчэ пару спевакоў. Згода?

Насця. Не ведаю, ці зручна гэта будзе.

Карнейчык. Кінь цырымоніі! Ты ж дачка майго сябра, а мы з табою толькі і гаворым што на вытворчых нарадах, калі ты мяне крыеш.

Насця. Ну, не так ужо моцна.

Карнейчык. Хоць бы і моцна — гэта ўсё на карысць. Я пра тое, што чаму нам і бліжэй не пазнаёміцца? Дык згода, Настасся Данілаўна?

Насця. Згода, таварыш Карнейчык.

Карнейчык. Дай пяць!

Насця дае руку, ласкава ўсміхаючыся.

(Да Лютынскага). Цябе, я думаю, угаварваць не трэба? Прыходзь з Наталляй Міхайлаўнай... Урэшце, я сам яе ўбачу...

Лютынскі. Пастараюся... Не ведаю, як час выдарыцца.

Карнейчык. Э, кінь! Чалавек ты, праўда, заняты: усялякія там рэшткі прышчэпаўшчыны і ўсё такое. Але адзін вечар знойдзеш як-небудзь.

Лютынскі. Пастараюся.

Карнейчык. Я разумею: у цябе жонка, сямейная ўтульнасць... А мне, ведаеш, чалавеку адзінокаму... Урэшце — сам ты ўсё разумееш.

Лютынскі. Я не адмаўляюся. Што ты, брат!.. (Глядзіць на гадзіннік.) Там павінны сабрацца ўжо. (Устае.) Ты не будзеш?

Карнейчык. Зараз прыйду.

Лютынскі выходзіць.

(Да Насці.) Пра тваю справу я з таварышам Нодэльманам пагавару. Думаю, што ён пярэчыць не будзе.

Насця (устае). Добра. Я заўтра зайду. (Хоча ісці.)

Карнейчык. Ты ў цэх цяпер?

Насця. Ага. На другой змене сягоння.

Карнейчык. Як ты там з Касабуцкім ваюеш?

Насця. Ану яго к чорту!

Карнейчык. Бузіць?

Насця. Прыйдзецца аб ім у заўкоме сур’ёзна пагаварыць. Сягоння зноў спазніўся на работу. З пахмелля, відаць.

Карнейчык. Паспрабуй яшчэ раз. А не — дык і развітацца можна. А то ён і другіх можа павесці па сваёй дарожцы.

Насця. Хоць бы з ім гаварыць можна было як з чалавекам! Што ні скажы — морду скрывіць, утаропіцца: «Ах, эти черные глаза...»

Карнейчык (глядзіць ёй у вочы). А брэша ж ён: вочы ў цябе зусім не чорныя.

Насця (крыху засаромеўшыся). Не прыглядайся. Яшчэ закахаешся. (Выходзіць.)

Карнейчык (адзін). Паспрабуй тут не прыглядацца.

Карціна дзевятая

Кабінет Лютынскага ва ўстанове. Шура прыбірае пакой, выцірае пыл мокрай анучаю.

Шура (пяе).

 

Зялёны дубочак,

Шырокі лісточак,—

Куды вецер вее,

Туды голля гнуцца.

Куды вецер вее,

Туды голля гнуцца,

Па ветру да мілай

Ўсе весці нясуцца.

 

Лютынскі (уваходзіць, кідае партфель на стол, распранаецца, вешае паліто і капялюш на стаячую вешалку). Пяеш усё, Шура?

Шура. А што мне?

Лютынскі. І марозу на цябе няма.

Шура. У роце ў мяне цёпла, язык не адубеў.

Лютынскі. Наогул, ты, відаць, дзяўчына цёплая.

Шура. Адкуль жа вы гэта ведаеце?

Лютынскі. Так і чую, як ад цябе цяплом патыхае.

Шура. Выдумляеце ўсё.

Лютынскі. Ідзі вытры тут крыху.

Шура. Таксама выдумляеце: толькі што выцірала.

Лютынскі (праводзіць пальцам па стале і глядзіць). Я ж бачу.

Шура (падыходзіць і выцірае стол). Наце вам яшчэ раз.

Лютынскі. Эх, Шура! Зайздрошчу я табе. (Абнімае яе стан адной рукою. Шура хоча выслізнуць.)

Шура. Во! Чаго ж гэта?

Лютынскі. Вясёлая ты заўсёды, як вясновы дзень. Усё перад табою ясна. Ніводнай хмурынкі на гарызонце.

Шура. А ў вас не ясна?

Лютынскі. Усяк бывае. Часамі цэлыя хмары навальнічныя.

Шура. А цяпер як?

Лютынскі. А так, ведаеш, нібы туман густы перад вачыма: за дзесяць крокаў бачу, а далей і не відаць нічога.

Шура. Гэта вашы вокны запацелі, дайце я іх пратру. (Трэ мокраю анучаю па акулярах.)

Лютынскі. Стой! Стой! (Хапаецца за акуляры.)

Шура адбягае і рагоча.

Лютынскі (выцірае акуляры хустачкаю). Пачакай жа, нягодніца.

Шура. Але цяпер ясна відаць? (Зноў рагоча.)

Прачыняюцца дзверы, паказваецца галава Мандрыкіна. Дзверы зноў хутка зачыняюцца.

Лютынскі. Заходзьце, таварыш Мандрыкін! Чаго вы спужаліся?

Мандрыкін (уваходзіць з папкаю). Я думаў, вы заняты.

Лютынскі. Не вельмі, акуляры выціраю.

Шура, смеючыся, выходзіць.

Мандрыкін (ківае галавою ўслед Шуры). Дзяўчына, як суніца... (Падае паперы.) Калі ласка, падпішыце.

Лютынскі. Не на нашы старэчыя зубы. (Адкладвае паперы ўбок.) Гэта трэба яшчэ высветліць.

Мандрыкін. Што вы за стары, Антон Мітрафанавіч! У самай сіле, можна сказаць. (Паказвае на паперку.) Гэта Мар’я Антонаўна сама праверыла.

Лютынскі. Куды мне ўжо! (Углядаючыся ў паперу.) Прыйдзецца з гэтымі трыццацю свінаматкамі ўладзіць справу.

Мандрыкін. Даручана было Прахарэню, ну, ён нічога не зрабіў. Самому ўсё прыходзіцца. (Збірае падпісаныя паперы ў папку.) Работнік, трэба сказаць, нікуды не варты. А як што якое, дык яшчэ крытыкаваць лезе: і тое не гэтак, і гэта не так. Надоечы пра вас казаў, што вы быццам у свінагадоўлі нічога не разумееце.

Лютынскі. Што ж, справа для мяне новая, можа, я чаго і не ведаю...

Мандрыкін. Слухайце вы яго! У нас яшчэ ніводнага працаўніка не было, які б мог так у дробязі ўваходзіць, як вы. Яму абы трапацца. Наогул, мне здаецца, ён няпэўны элемент. Можа, які сынок кулацкі...

Лютынскі. Трэба будзе праверыць.

Мандрыкін. Ага! Чуць не забыўся. Учора, як вы пайшлі, званілі вам з ЦК. Сказалі, каб вы сёння туды пазванілі, як прыйдзеце.

Мандрыкін збірае ў папку паперы і выходзіць. Лютынскі бярэцца за тэлефонную трубку. У дзвярах з’яўляецца Напорка з планам у руках.

Напорка. Антон Мітрафанавіч! Я не разумею, што ў нас у зямтрэсце робіцца?

Лютынскі. Вы ж там працуеце.

Напорка. Працую і не разумею.

Лютынскі. Хто ж тут вінават? Звярніцеся да свайго непасрэднага начальніка, да дырэктара, ён вам растлумачыць.

Напорка. Тлумачэнне таварыша Далеўскага мяне не задавальняе.

Лютынскі. А ў чым справа?

Напорка. Ды клеткі гэтыя... Недарэчнасць нейкая. (Разгортвае план.) Паглядзіце самі. Клінок у паўгектара на тым баку рэчкі — абавязкова да гэтай клеткі павінен належаць, а не да другой. І такіх выпадкаў шмат.

Лютынскі. Ну і што ж?

Напорка. Лаяцца будуць людзі. Ганяй коні дарэмна, траць час дзеля гэтага шматка. Мосцік вунь аж дзе. Глядзіце, кіламетраў за тры. Чаму гэты клінок не далучыць да клетак, што на тым баку?

Лютынскі. Гэта пытанне таварыш Далеўскі ўзгадніў са мною: правільныя геаметрычныя клеткі, і ніякіх адхіленняў. Вы ж самі кажаце, што такіх выпадкаў шмат. Калі мы ў адным месцы адарвём паўгектара, а ў другім прыпусцім паўтара, дык зноў ніякай стройнасці, ніякай сістэмы не будзе, і мерапрыемства не дасягне мэты.

Напорка. Для мяне гэта мэта — «темна вода во облацех». Усю плошчу на клеткі парэзалі, а для чаго, і самі не ведаем.

Лютынскі. Мэтазгоднасць клетак тэарэтычна абгрунтавана працаўнікамі даследчага інстытута. Вы ж, здаецца, былі на дакладзе?

Напорка. На жаль, Антон Мітрафанавіч, ад гэтага даклада ў маёй галаве ясней не стала.

Лютынскі. То, можа, тут галава вінавата?

Напорка. З раёнаў людзі прыязджаюць і таксама кажуць, што ад гэтых клетак ніякай карысці няма. Для ўліку працы яны ніякага практычнага значэння не маюць... Толькі слупкі замінаюць на полі.

Лютынскі. Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём. Гэта ж хвасцізм, таварыш Напорка. Форменны хвасцізм. Мы ж павінны паказваць больш культурныя і рацыянальныя спосабы карыстання зямлёй. Прывыклі мы да расійскага «ляп-ляп», дык нам усякая культурная навіна чортам здаецца.

Напорка. Калі гэта для ўліку працы, дык чаму ж клеткі не ўсюды роўныя? У адным месцы па пяць гектараў, а ў другім па дваццаць.

Лютынскі. А гэта, відавочна, у залежнасці ад масіву. Запытайцеся ў таварыша Далеўскага, ён вам усё растлумачыць. І давайце ўмовімся, што больш гэтым пытаннем вы мяне турбаваць не будзеце.

Напорка. А я думаю, Антон Мітрафанавіч, ці не хаваецца ў гэтых клетках якое-небудзь злачынства?

Лютынскі. Ну вось! Я так і ведаў! Чалавек больш за нас ведае, значыць, ён і злачынец. Глупства, таварыш Напорка! Спецаедствам займаецеся.

Напорка. А я раіў бы вам усё ж такі звярнуць на гэта ўвагу.

Лютынскі (зазлаваўшы). Кіньце вы навучаць мяне класавай пільнасці. За дванаццаць год у партыі я крыху навучыўся. Замест таго каб прышываць людзям ярлыкі, вы б лепш вывучылі гэта пытанне. Авалодаць тэхнікай свае справы — гэта задача для кожнага з нас, камуністаў... У тым ліку і для кандыдатаў партыі, якім вы з’яўляецеся, таварыш Напорка.

Напорка (заўзята). Я вывучу гэта пытанне, таварыш Лютынскі.

Лютынскі. Абавязкова вывучыце, таварыш Напорка.

Напорка. Абавязкова вывучу, таварыш Лютынскі!

Лютынскі. І добра зробіце, таварыш Напорка! Тады і вашы парады будуць чаго-небудзь варты. А цяпер нічога каштоўнага вы сказаць не можаце, апрача напамінкаў пра класавую пільнасць. А ў гэтым у мяне якраз і няма патрэбы. (Напорка выходзіць. Лютынскі — уздагон зняважліва.) Хлапчук! (Бярэ тэлефонную трубку.) Таварыш Рызманік? Ты перадаваў, каб я пазваніў... Ага, Лютынскі. Што ты прыемнае скажаш мне?.. На хлебанарыхтоўкі?.. Надоўга?.. Я ж не магу, у мяне работа... А калі я давяду, што няма як?.. Нічога не будзе? Ды я ведаю, ён жартаваць не любіць... Ну і ўдружыў ты мне... Самы паршывы раён. Пуцёўку?.. Зараз іду. (Кладзе трубку. З сарказмам.) Вось табе, Антон Мітрафанавіч, і выпадак паказаць сваю класавую непрымірымасць. А спосаб табе вядомы і выпрабаваны людзьмі ў тваім становішчы. Спосаб гэты вельмі просты: бяры і трасі, пакуль з яго збожжа не высыплецца. Душу з цела вытрасеш? Не бяда. Хто цвёрдакаменным хоча быць, той на такія дробязі ўвагі не звяртае. (Апранаецца і выходзіць.)

Заслона

 

АКТ ТРЭЦІ

 

Карціна дзесятая

Вясковая хата. Зося шые. Гаспадыня робіць панчоху. Аднаасобніца, 1-я калгасніца, 2-я калгасніца — прадуць. Усе пяюць.

 

Ці свет, ці світае,

Ці на зоры займае,

А мой міленькі,

Голуб сівенькі,

Коніка сядлае.

Сядлай, мілы, каня,

Каня вараненькага,

Прыязджай, мілы,

Не кідай, мілы,

Мяне, маладзеньку.

Чырвона каліна

Дый у лузе стаяла,

Несуверная

Ты, дзяўчынка,

Мне свет завязала.

 

Сапляк (уваходзіць з конскаю торбаю). Добры вечар!

Гаспадыня. Добры вечар.

1-я калгасніца. Добра білі, добра енчыў.

Сапляк. Яшчэ не білі пакуль што, хіба мо будуць.

Аднаасобніца. Думаеш даслужыцца?

Сапляк. А цяпер гэта скора: не так ступіш, не так слова скажаш... Дзе ж гаспадар?

Гаспадыня. На сходзе недзе.

Сапляк. Вось жа ваша торба, што рана браў.

Гаспадыня. Ці не з аўсом ты і прынёс?

Сапляк. Гэта не авёс.

Зося. Дзядзька Сапляк, можа, чаго смачнага прынёс нам у торбе?

Сапляк. На, пакаштуй. Коні ядуць, можа, і табе спадабаецца. (Падае Зосі торбу.)

Зося (мацае рукою ў торбе.) Або! Што ж гэта? (Дастае жменю.) Нейкі хвораст пасечаны?

Сапляк (рагоча). Гэта ж я ў швагра быў, вунь аж у Прыямным, дык там гэтым коні кормяць. Паедуць у лес, бярозавага галля нарэжуць, праз сячкарню перапусцяць і даюць.

Аднаасобніца. Ну і коні, мусіць, дужыя?

Сапляк. Дзіва што дужыя. Як ляжа, дык учатырох не падымеш. (Ідзе да дзвярэй.)

2-я калгасніца. Мусіць, жаночкі, і нам прыйдзецца гэтакую сечку есці.

Сапляк. А што думаеш! Каб наварыў ды малаком крыху прыбяліў, дык усё роўна як панцак. (Выходзіць.)

1-я калгасніца. Чаго там плакаць загадзя? Як будзеш рабіць, так будзеш і есці. Нашы ж коні хворасту не ядуць яшчэ: сена дзве адрыны напакавана.

Аднаасобніца. Пачакай, да вясны яшчэ што запяеш.

1-я калгасніца. А цябе нешта клопат узяў пра калгасны харч. Ты ж не ў калгасе.

Аднаасобніца. Чаго я там не бачыла?

1-я калгасніца. Глядзі, каб не папрасілася.

Аднаасобніца. І не думаю. Хіба мне сечкі бярозавай захочацца?

2-я калгасніца. Вот праўду кажаш! Гэта я толькі здурнела, паслухала свайго.

Зося. Паддаў табе Сапляк страху. А знарок жа, гад, устроіў. Недзе ўсю дарогу думаў, як запужаць дурняў гэтаю сечкаю. Не ведаеш Сапляка?

2-я калгасніца. Вядома, што ж ты будзеш казаць? Ты ж камсамолка, то табе трэба як-небудзь апраўдацца. Хоць і кепска, дык скажаш — добра. А я не хачу больш і аднаго дня быць. Я гэтаму свайму дурню быту не дам. Уссяду — з карка не злезу: буду грызці, аж пакуль не выпішацца.

Зося. Я цябе хіба ўгаварваю? Сама хіба ты сляпая? Не бачыш, хто такі Сапляк і чаго ён хоча?

2-я калгасніца. А што ж Сапляк? Жыве і не здрастуе нікога. Не прынялі ў калгас, дык дзякуй сказаў. Вунь калгас нарыхтоўкі да аднаго зярняці здаў, бо трэба ж перад паказаць, а Сапляк і не думае: няма, дый усё. А я ж добра ведаю, што ў яго яшчэ леташняе жыта ёсць.

Гаспадыня. Дабяруцца і да Сапляка. Вунь з цэнтра прыехаў нейкі на нарыхтоўкі. Старшыня ходзіць ды патыліцу чухае: просіць, каб хутчэй здавалі.

2-я калгасніца. Прыехаў, то на цябе ж яшчэ наложаць, а Сапляк як не даваў, так і не дасць.

Зося. А не дажджэ! Не я буду, калі ён не аддасць усё да фунціка.

2-я калгасніца (са злосцю.) Кінь ты, Зося, плявузгаць! Такая бо асэсарка! Баіцца ён цябе!

Зося. Вось пабачыш.

2-я калгасніца. Бачыла ўжо. Пайдзі сама паглядзі. (Збіраецца.)

Гаспадыня. Ты ўжо дадому?

2-я калгасніца. Пайду гнаць свайго са сходу. Меле там языком, пакуль мне бярозавай сечкі не прынясе. (Выходзіць, стукаючы моцна дзвярыма.)

Гаспадыня. Здрок бабу ўкусіў.

Зося. Цяпер яна гэту сечку на ўвесь сельсавет разнясе... на радасць Сапляку. Толькі радасць гэта, мне здаецца, будзе недаўгавечнай.

 

Карціна адзінаццатая

У Сапляковай хаце. На стале стаіць газоўка. Сапляк сядзіць на ложку і раздумліва чухае грудзіну. Уваходзіць Паўліна.

Паўліна. Хавайся!

Сапляк (спужаны, усхопліваецца). Што?

Паўліна. Ідуць!

Сапляк. Хто?

Паўліна. Чорт іх ведае. Мусіць, хлеба шукаць. Старшыня чуваць і Зосін голас... Цябе ўспамінала.

Сапляк (звяўшы, садзіцца на ложак). Усё роўна ўжо... Што гэта паможа, калі бачылі.

Паўліна. Хавайся, кажу, ёлапень. Я буду ведаць, што адказаць.

Сапляк (зноў усхопліваецца). На печ? (Накіроўваецца да печы.)

Паўліна. Куды ты, убачаць!

Сапляк. Пад печ? (Нагінаецца і мерыцца лезці под печ.)

Паўліна. Курэй перапудзіш, крык падымуць!

Сапляк. Дык куды ж?

Паўліна. Ляж у калыску.

Сапляк. Дзіця...

Паўліна. Я на ложак перанясу. (Тушыць газоўку.)

У хаце паўзмрок. На падлозе пляма месячнага святла. Паўліна ўвіхаецца з дзіцем, потым падбягае да акна.

Ідуць.

На пальчыках падыходзіць да дзвярэй. Чуцен стук у дзверы. Галасы.

Голас старшыні. Ну і ўкалыхаліся!

Стукаюць мацней.

Алесеў голас. Вось хіба я іх! (Моцны стук у дзверы.) Грамадзянін Сапляк! Годзе табе дрыхнуць!

Паўліна (злосным шэптам). Уклаўся ты там ці не?

Сапляк. Няхай яно згарыць тут! Ног няма дзе дзець.

Паўліна. У й, аздобіна!

Знадворку з усяе сілы, не іначай ботамі, грукаюць у дзверы.

Алесеў голас. Падыму, быць не можа!

Паўліна (нібы сонным голасам). Хто там?

Голас старшыні. Адчыні!

Паўліна. А хто ж вы будзеце?

Голас старшыні. Вось табе і на! Не пазнала! Ды мой голас тут ужо кожны сабака ведае.

Паўліна. Здаецца, старшыня?

Голас старшыні. Ён самы.

Паўліна. Дык чаго ж вам трэба сярод ночы?

Голас старшыні. Адчыні, пагаворым.

Паўліна. Як жа я адчыню, кабетаю быўшы, адна ў хаце?

Голас старшыні. Ты што? Думаеш, нанач да цябе прыйшоў?

Паўліна. Бог вас ведае, што ў вас на думках.

Голас старшыні (строга). Ну, годзе валаводзіць! Адчыняй па-добраму, а то кепска будзе!

Дзверы адчыняюцца. Усе ўваходзяць у хату.

Паўліна (здзіўленая). А колькі ж вас тут!

Алесь. Нічога, цётка, усе людзі савецкія.

Паўліна (шкробаецца). На тое ліха і запалкі чорт ухапіў.

Лютынскі. У мяне ёсць. (Шэргае запалкай. Алесь бярэ газоўку і запальвае.)

Паўліна (нагінаецца над калыскай, якая вісіць ля ложкаў ахінутая па вяровачках посцілкаю). Спі, спі, дачушка.

Лютынскі. Мы только дзіця вам пабудзілі.

Паўліна. Але, пакуль я пачула, дык яно ўжо і гатова.

Алесь. Нічога, выспіцца, часу яму хопіць.

Старшыня. А дзе ваш гаспадар?

Паўліна (чэкае калыску нагой). Я б вам сказала, дык і сама не ведаю. Як пайшоў па абедзе, то і яшчэ вось няма. Прыціснулі вы гэтак яго з хлебам, дык яму і ночы няма. Пайшоў, мо дзе хоць пазычыць крыху ды аддасць. Трэба ж, як той казаў, і рабочым нешта есці... На ўсё то выбачайце: нічога не будзе.

Старшыня. А кажуць жа, што вы схавалі жыта.

Паўліна (збянтэжана). Што ты, братка! Смяешся ці дарогі пытаеш?

Старшыня. Чаго там пытаць. Дарогу ў ваша гумно мы й самі знойдзем.

Паўліна. Шукайце ідзіце, калі не верыце.

Старшыня. Пойдзем разам, а то яшчэ скажаш, што пакралі.

Паўліна. Як жа я... дзіця адно кіну? (Падумаўшы.) І ключа ж няма, з сабой забраў. Ламіце замок, калі маеце права... Пасля адвячаць каб не прыйшлося.

Алесь прайшоў па хаце, заглянуў адным вокам на ложак. Падышоў да Зосі і шэпча ёй нешта на вуха, яна дзівіцца, але разумее.

Зося. Колькі гэта ўжо вашай дзяўчынцы?

Паўліна. На Коляды год будзе.

Зося. Вялікая ўжо, мусіць? Даўно я не бачыла.

Паўліна. Расце, дзякаваць богу. Дзеўка ўжо. Зараз у калыску не ўмесціцца.

Зося. Дайце хоць я разок гляну на яе. (Падыходзіць да калыскі.)

Паўліна. Не, Зоська! Яна ж ужо дрэмле, пабудзіш.

Зося. Я ціхенечка.

Паўліна. Не, не, Зоська, любая! Яна ж вельмі вачэй баіцца: абы хто чужы глянуў, тады бяда з ёю.

Зося. Мае вочы не паганыя. (Спрытна хапае за рог посцілкі і адкрывае калыску.)

Сапляк ляжыць дагары, не расплюшчваючы вачэй. Паўліна збянтэжана адварочваецца.

Алесь. Як жа яно хораша спіць!

Старшыня. Каб ты выдах, гэтакі чалавек! Схаваўся ў жонкі пад цыцкаю, і дома яго няма.

Сапляк спужана пралуплівае вочы, нязграбна вылазіць з калыскі, часта моргае, калені дрыжаць.

Чаго ты залез туды?

Сапляк. А я, братачка, баяўся: думаў, вы мяне браць прыйшлі.

Старшыня. Мусіць, вінават, калі баішся.

Алесь. Знае кошка, чыё сала з’ела.

Сапляк. Братачкі, дальбог жа, не вінават!

Лютынскі. А жыта нашто хаваў?

Сапляк. Не хаваў, братка-таварыш. Што я, не дай божа, непрыяцель які савецкай уладзе, ці што?

Зося. А я ж бачыла, вы мяшкі на саначках вазілі.

Сапляк. Вазіў мяшкі, гэта праўда. Я ж і не таюся: што вазіў, то вазіў. З свайго ж свірна ды ў сваё гумно перавёз.

Старшыня. От гад печаны! А плакаў жа, бажыўся, што толькі тры пудзікі на хлеб пакінуў.

Сапляк. Але каб хто папытаўся, што я вазіў.

Алесь. Ну я папытаюся: што ты вазіў?

Сапляк. Мякіну вазіў.

Алесь. Каб ты так жыў!

Сапляк. Дальбог, мякіну! Каб я з гэтага месца не сышоў!

Зося. Адкуль жа ў вас гэтулькі мякіны?

Сапляк. Леташняй трошкі, пазалеташняй трошкі. Мякіны ж у нарыхтоўкі не бяруць, ты сама, здаровенькая, ведаеш. Мякіна мне застаецца.

Старшыня. Пайшлі ў гумно. Паглядзім, што ў яго там за мякіна.

Лютынскі. Добра ж глядзіце.

Сапляк апранае кажушок, і ўсе выходзяць, апрача Лютынскага і Паўліны.

Паўліна. Згубіць нас наважыў гэты чалавек.

Лютынскі. Старшыня?

Паўліна. Не, Алеська гэты. Хоць ты жывы ў зямлю лезь ад яго. Яшчэ сакратара парцейнага паджыгне, ды ўдвух.

Лютынскі. Дзяржаве ж хлеб трэба здаць. Дарэмна вы на яго крыўдзіцеся.

Паўліна. Дзе ж яго ўзяць, калі мы не сеялі.

Лютынскі. Як не сеялі?

Паўліна. Толькі што ў гародзе. Больш нідзе і каліва не ўкінулі.

Лютынскі. Чаму ж вам сорак пяць пудоў вызначылі?

Паўліна. Усё праз яго, праз гэтага Алеську. Гэта ж мой раз нешта проці яго на сходзе сказаў. Сказаў, што ў калгасе непарадкі. А ён жа ў калгасе нейкі ўправіцель. Дык калі ўз’еўся! Усё роўна, кажа, я цябе зжыву адгэтуль. Не цяпер, дык у чацвер. Я, кажа, знайду прычыну.

Лютынскі. Не можа быць, каб ён за гэта.

Паўліна. Каб я так сваё дзіця аглядала. (Плача і выцірае нос фартухом.) Згубіць ён нас, чуе маё сэрца. Што хочаце выдумае.

Лютынскі. Не будзеце вінаваты, то нічога да вас не прыстане.

Паўліна. Яму ж павераць, а не мне. У нас жа, калі хто адзін сказаў, што кулак, дык і кулак, і веры табе нідзе няма. Мы ж цяпер так рады, што такі вялікі чалавек да нас прыехаў! Паглядзіце хоць на нашы парадкі.

Лютынскі. А вы хіба не лічыце сябе кулакамі?

Паўліна. Якія ж мы кулакі? Так сабе мужыкі, як і ўсе. Беларусы няшчасныя.

Лютынскі. А колькі ў вас зямлі было?

Паўліна. Зямлі-то было крыху. Хутары як наразалі, дык і нам нарэзалі. (Нясмела.) Ці не самі ж вы тады зямельным аддзелам былі?

Лютынскі. Я ў вашым раёне не быў.

Паўліна. Нашы хутары пасля да гэтага раёна далучылі.

Лютынскі. У суседнім раёне я быў, праўда.

Паўліна. Я вас па гаворцы пазнала, але маўчала: яшчэ, думаю, загневаецеся.

Лютынскі. Не варта ўспамінаць, што калі было.

Паўліна. Пры вас мы і абжывацца пачалі. І гаспадарка была нішто: культурнаю лічылася. Тады і гонар быў нам. А цяпер зямля пад калгас пайшла, жывёла змарнавалася, і нас кулакамі робяць. Сядзім і не дышам.

Лютынскі. Чаго ж вам баяцца, калі вы не кулакі?

Паўліна. Як жа нам не баяцца? Ад нас жа сем гаспадароў ужо выслалі.

Лютынскі. Бо яны, мусіць, былі кулакі.

Паўліна. Ніводнага кулака не было. Усё культурныя, от як і мы.

Уваходзяць Сапляк, старшыня, Алесь і Зося.

Лютынскі. Ну, што?

Старшыня. Ляжыць там нейкая мякіна. Больш нічога не знайшлі.

Лютынскі (да Зосі). Дарэмна ты бузу падняла.

Алесь. Не дарэмна. Ёсць у яго хлеб, ды не так хутка знойдзеш.

Сапляк. Я ж яго за губу не залажыў. Вазьмі, калі ёсць. Я табе ўсё адчыняю.

Лютынскі. Гаспадыня ж казала, што і не сеялі нават.

Алесь. А хто яму не даваў сеяць?

Сапляк. Ты не даваў! Дзе ж я, на печы пасею? Зямлю ўсю пад сябе падабраў, а мне вунь аж у чортавых зубах пустэчы нейкай даў, што зроду не аралася.

Алесь. Тут ты знарок не сеяў. Сеяў вунь чорт ведае дзе, аж у Прыямным, у швагра.

Сапляк. Праўда, памагаў я швагру сеяць. Ён жа хворы ляжаў.

Лютынскі (да старшыні). Сеяў ён дзе?

Старшыня. Тут не сеяў, а там — хто яго ведае, што ён рабіў.

Люты некі (да Сапляка). Што ж мне з табою рабіць?

Сапляк. Воля ваша.

Лютынскі. Скажы па праўдзе, колькі ты можаш здаць?

Сапляк. Пудоў сем, можа, як і наскрабу.

Лютынскі. Як ты ўжо не сеяў,— пятнаццаць пудоў здай пакуль што. Рэшту — паглядзім.

Алесь (стукае кулаком па стале). Я не згодзен!

Лютынскі (павярнуўшыся да яго). Я ведаю, што ты не згодзен. Але спаганяць на ім сваю крыўду і кампраметаваць мерапрыемствы савецкай улады я табе не дазволю!

Алесь. Кулака па галоўцы гладзіць! За тое, што ён не сеяў і другіх падбухторваў?

Лютынскі (з пагрозай). Супакойся! Пагаворым з табою пасля. (Да Сапляка.) Даю табе тры дні тэрміну.

Сапляк. Не здужаю, таварыш.

Лютынскі. Не здасі, судзіць буду.

Сапляк. Не ўступіце, то што ж рабіць? Хоць сам пагаладаю... У людзей пазычу...

Лютынскі і старшыня выходзяць.

Алесь (зрывае шапку і кідае на падлогу). Халера на вас з вашай работай! (Да Зосі.) Ці чула ты гэта?

Зося. Чатыры вокі мае, ды трасцу бачыць... (Выходзіць.)

Алесь. Ён у Саплячыхі слязу ўбачыў. (Падымае шапку і ідзе да дзвярэй.)

Паўліна. Няхай табе заслепіць, мой ты Алеська.

Алесь (паварочваецца і тупае нагой). Маўчы, гадаўка! (Раптам свіснуў працягла і здагадліва. Тупае яшчэ і яшчэ раз, прыслухоўваецца.) Вось яно дзе.

Сапляк і Паўліна мнагазначна пераглянуліся. У абаіх выгляд злоўленага звера.

Сапляк. Што ж ты там знайшоў?

Алесь. Падай сякеру, пакажу.

Сапляк. На... На табе сякеру... (Дастае з-пад ложка сякеру.) На, глядзі...

Алесь (нагнуўшыся, разглядае ля сцяны падлогу). Гладка, гладка зроблена!.. Але не зусім.

Сапляк ідзе да Алеся з сякерай. Рукі яго калоцяцца, ён не можа перасіліць у сабе жаданне секануць Алеся па галаве.

(Заўважыўшы ўзнятую сякеру, адскочыў да дзвярэй.) Што! (Крычыць у дзверы.) Гэй, сюды! Старшыня! Таварыш Лютынскі!

Сапляк (спужаўшыся). Братка, што табе здалося? На табе сякеру, ты ж прасіў.

Уваходзіць Зося, з ёю Лютынскі і старшыня.

Зося. Чаго ты крычаў?

Лютынскі. Што тут яшчэ такое?

Алесь. Засеч хацеў, гад.

Паўліна (кідаецца перад Лютынскім на калені, хапае і цалуе яго рукі). Таварыш, братачка, родненькі! Ратуй жа нас ад гэтага чалавека. Знайшоў-такі ён прычэпку, каб згубіць нас.

Лютынскі хавае рукі за спіну. Паўліна прыпадае да яго ног і галосіць.

Лютынскі. Устаньце. Зараз разбяром.

Старшыня. І чалавек, здаецца, спакойны, ніколі ні з кім не біўся.

Сапляк. Слухайце ж, таварыш, як было! Папрасіў у мяне на невашта сякеру. Ну, я і падаю. А ён крык падняў, чорт ведае што выдумаў.

Лютынскі дапытліва і недаверліва глядзіць на Алеся.

Алесь. Што ж, сведак у мяне няма... Хіба толькі што тут. (Паказвае на падлогу, тупае.) Чуеце?

Старшыня і Зося няўцямна глядзяць на Алеся.

Лютынскі. Нічога не чую.

Алесь. То зараз убачыце! (Хапае сякеру, адрывае ля сцяны ліштвы, уздзірае падлогу.)

Зося і старшыня глядзяць пад падлогу, дзівяцца. Лютынскі насуплівае бровы.

Алесь. Што вы цяпер скажаце, таварыш Лютынскі?

Лютынскі паварочваецца да Сапляка і ўпіваецца ў яго грозным дапытлівым поглядам. Алесь уздзірае падлогу далей.

Сапляк (становіцца на калені, плаксіва). Змілуйцеся! Дзіцяняці пашкадуйце. Ніколі больш не буду і дзесятаму закажу.

Лютынскі (грэбліва). Устань! Чалавек ты ці не?

Сапляк (устае). Які я, братка, чалавек? Лапаць вясковы.

Алесь і старшыня дастаюць з-пад падлогі мяшкі.

Лютынскі. А ты ведаеш, што робяць з тым, хто ашуквае дзяржаву?

Сапляк. Даруйце гэты раз цёмнаму мужыку! Баяўся з голаду памерці. (Паказвае на мяшкі.) Гэта ж усё, што я маю. Пудзікаў дваццаць усяго.

Лютынскі. Аддасі цяпер дваццаць, калі не хацеў пятнаццаць. Старшыня, забяры ў яго гэты хлеб.

Алесь. Ха-ха-ха! Вось дык пакаралі вы яго!

Лютынскі. А ты чаго хацеў?

Алесь. Судзіць гада трэба, а не цацкацца з ім!

Лютынскі (з прыціскам). Я тут упаўнаважаны ці ты? Надта актыўны стаў! Дагэтуль у шапку спалі, масавай работы ніякай не вялі, а цяпер хочаце адным Сапляком усе вашы грашкі прыкрыць? Лягчэй, вядома, каго другога на Салаўкі загнаць, як самому спагнанне панесці. І не з дабра чалавек у калыску палез. Але я не дазволю асабістыя рахункі зводзіць і серадняка ў падполле заганяць. Гэта ты зарубі сабе на носе!

Алесь (кідае сякеру на падлогу). Хадзем, Зося! Няхай яны тут цалуюцца. Мы знойдзем, куды звярнуцца. (Алесь і Зося выходзяць.)

Старшыня. Дык я пайду па фурманку. (Выходзіць.)

За ім Лютынскі. Сапляк праводзіць і зачыняе за імі дзверы.

Паўліна (укленчыла і сашчапіла рукі). Божухна, бацюхна! Збавіцель высокі! Дай божачка, каб вам наша дабро праз бок вылезла! Каб вам дваццаць скул у горла, ды вы яго праглынуць не маглі! А няма на вас пагібелі якой! Каб вас з гэтага свету спаласкала, як вы нашу гаспадарку дашчэнту спаласкалі... (Да Сапляка, які вярнуўся ў хату.) Дурніла! Не ўмеў схаваць па-людску.

Сапляк. Сама зараза! Трэба было не агрызацца. Падзякуй богу, што яшчэ так абышлося.

Паўліна. Глядзі, каб і таго не знайшлі.

Сапляк. Няўжо іх нячыстая сіла на могілкі панясе?

Паўліна. Пад хлявом жа, ты казаў...

Сапляк. Не даждалі. Не першы ж раз робіцца.

 

Карціна дванаццатая

Кватэра Карнейчыка. Карнейчык сядзіць за пісьмовым сталом, рашае тэхнічную задачу і адначасова практыкуецца ў нямецкай мове. Уважліва прачытвае ў падручніку адпаведнае месца. Думае. Бярэ лінейку, прыкладвае да паперы, ставіць на лінейку рабром адмысловую дошчачку і прыціскае падбародкам, праводзіць алоўкам лінію. Узнімае галаву, углядаецца.

Карнейчык. Я, я. Ахцыг мілімэтэр. Рыхтыг! (Бярэ цыркуль і чэрціць пару кружкоў.) Гут! Я, я. Дас іст... гатова. Як жа гэта будзе — гатова? (Разгортвае слоўніку чытае.) Фертыг. Дас іст фертыг. Я, я. А мы яшчэ разок праверым. (Глядзіць у падручніку прамервае цыркулем, вылічвае. Круціць галавою.) Дас іст ніхт рыхтыг. Дас іст шлехт. Зэер шлехт! (Камячыць паперу і кідае ў куток. Бярэ другі аркуш і прыколвае кнопкамі да стала.) Што ж, пачнём зноў. (Ранейшым спосабам прыкладвае лінейку да паперы і прыціскае падбародкам. Пачуўшы стук у дзверыу не падымаючы галавы, крычыць.) Я, я! (Убачыўшы ў дзвярах Насцю.) Бітэ, бітэ, майнэ фрау. (Праводзіць лінію.)

Насця. Біта, можа, і не буду, а лаяць-то будзеш, што спазнілася. (Знімае галёшы і паліто.)

Карнейчык (прыкідваецца сярдзітым). Ух, буду лаяць!

Насця. Як жа ты будзеш лаяць?

Карнейчык. Усяляк магу... Па-беларуску, па-руску, па-ўкраінску, па-польску, па-нямецку, выбірай як табе лепш.

Насця. Давай мо па-нямецку, а то прыйдзецца табе там, за граніцай, лаяцца, а ты і ўмець не будзеш.

Карнейчык (робіць сярдзітую міну і крычыць, нібы лаецца). Ду майн лібэс мэдхен! Ду майнэ шэцунг! Іх віль кюсэн дых!

Насця (смяецца). Кусацца будзеш? Уй, як страшна!

Карнейчык (па-ранейшаму, грозна). Іх віль... іх віль... Пачакай, чаго ж гэта я віль? (Думае.) Такі важны тэхнічны тэрмін, і забыўся.

Насця. Слабы ты яшчэ немец.

Карнейчык. Чакай, чакай! Зараз! (Гартае слоўнік.) Віль.. віль... віль...

Насця. А ты не віляй, проста кажы. (Падыходзіць да яго, вітаецца.) Як гадуешся?

Карнейчык (бярэ яе за руку). Проста? (Затрымлівае на хвіліну ў сваёй.) Эх! (Не адважваецца.) Ну, ладна. (Пускае руку.)

Насця. Ладна, дык ладна. Давай возьмемся за задачы, каб заўтра сорам не было перад настаўнікам. (Садзіцца за стол і бярэ ў рукі чарцяжы.) Ты ўжо зрабіў колькі!

Карнейчык. Дзве зрабіў, а трэцяя не даецца.

Насця. Што ж мне табе памагчы?

Карнейчык. Чарціць ты ўмееш? Вучаць вас у тэхнікуме?

Насця. Крыху ўмею.

Карнейчык. Дык ты, калі ласка, вось гэта перачарці чысценька, а то ў мяне тут алоўкам і не зусім акуратна. Я падумаю яшчэ над гэтай ауфгабэ.

Насця бярэ гатавальню і пачынае чарціць. Карнейчык учытваецца ў падручнік, думае, робіць вылічэнні. Пэўны час кожны заняты сваёй работай.

Карнейчык (адхіляецца ад работы і глядзіць на Насцю). Вайст ду ніхт?

Насця (чэрцячы). Нічога не ведаю, што ты кажаш.

Карнейчык. Ум-гу... (Зноў бярэцца за работу. Праз хвіліну.) Дык ты так нічога і не ведаеш?

Насця. Не.

Карнейчык. Дрэнна... (Праз хвіліну.) І чаму мне пацалаваць цябе хочацца, таксама не ведаеш?

Насця (смеючыся). Не, не ведаю.

Карнейчык. Гэта ж, мусіць, я люблю цябе.

Насця. Разбярыся добра. Можа, ты памыляешся.

Карнейчык. Я разбяруся... пасля. (Нясмела абнімае Насцю, хоча пацалаваць.)

Насця (левай рукой прытрымлівае лінейку на паперы і настаўляе локаць правай рукі, у якой трымае рэйсфедэр). Стой, стой! Ты мне ўсю музыку тут папсуеш!

Чуваць стук у дзверы.

Карнейчык (збянтэжаны). Я, я! Бітэ, бітэ, майнэ фрау! (Садзіцца на ранейшае месца. Насця папраўляе валасы.)

Нодэльман (з парога). Ого, якія тут немцы завяліся!

Насця. А што з яго будзе, як за граніцу з’ездзіць?

Нодэльман. Бяда толькі, што гэты немец яшчэ гера ад фрау не адрозніць.

Карнейчык. Ах... (Успамінае.) Фэр... фэр... Не, брат, прыйдзецца табе так і застацца фрау,— забыўся, як па-нямецку прабачэння прасіць.

Насця. Ён жа тут як стаў сыпаць мне па-нямецку за тое, што спазнілася! Злаяў ушчэнт: «Я цябе, кажа, віль кусэн».

Нодэльман. Ну? От шэльма! Га!

Насця. Гэта, мусіць, нешта страшнае «кусэн»?

Нодэльман. Не сказаць, каб вельмі... Тэрмін такі тэхнічны. Але няхай ён сам табе растлумачыць. Ён большы спец у гэтай галіне.

Карнейчык. Ох, і дыпламат ты, Арон Яфімавіч!

Нодэльман (падыходзіць да стала). А ты што?.. Тэхнікай авалодваеш?

Карнейчык. Бяру ва ўсе лапаткі. Хачу галоўнага інжынера дагнаць і перагнаць.

Нодэльман. Ого! Блізка відаць, ды далёка дыбаць.

Карнейчык. А мы з Насцяй удваіх. Праўда, Насця?

Насця (чэрцячы, пераймае Карнейчыка). Я, я!

Карнейчык. Во! Чуў?

Нодэльман. Што ж, ногі ў вас маладыя. Чаму і не перагнаць?

Насця. Вы нас абражаеце, таварыш Нодэльман. Мы не нагамі думаем пераганяць.

Нодэльман. Ха-ха! Пакрыўдзілася? Нічога, хутчэй даганяць будзеш.

Карнейчык. Распранайся, садзіся.

Нодэльман. Я ненадоўга, па дарозе. Хачу спытацца ў цябе пра адну рэч.

Карнейчык. Бітэ, фраген зі!

Нодэльман. Скажы, ты Лютынскага добра ведаеш?

Карнейчык. Спытайся, ці ведаю я самога сябе.

Нодэльман. Ага, гэта лепш.

Карнейчык. Ён жа некалі мяне ад смерці выратаваў.

Нодэльман. Праўда, ты мне расказваў пра гэта.

Карнейчык. А чаму ты пытаешся?

Нодэльман. Ліст атрымаў.

Карнейчык. Ад яго?

Нодэльман. Не. З падшэфнага калгаса пішуць. Ён там нарыхтоўкі праводзіць.

Карнейчык. Што? Цісне надта?

Нодэльман. Наадварот. Пішуць, што ў яго вельмі мяккае сэрца.

Карнейчык. Глупства, напэўна. Я не сказаў бы, што ён надта жаласлівы.

Нодэльман. Камсамолец піша так. Чаму ты думаеш, што не?

Карнейчык. Сярод камсамольцаў таксама бываюць загібшчыкі.

Нодэльман. Ці не занадта ты ўпэўнены ў ім?

Карнейчык. Я ж яго ведаю не цяпер.

Нодэльман. Яно, бач... не шкодзіць, ведаць цяпер.

Карнейчык. Кінь ты! Гэта ж мой найлепшы друг.

Нодэльман. «Блажен, аще кто и душу свою положит за други своя». Гэта адкуль? Здаецца, з Евангелля?

Карнейчык. Здаецца. Я ў Святым Пісанні слаба падкаваны.

Нодэльман. От бач! А я ведаю. Метафізіка тут.

Карнейчык. Дарэмна ты клапоцішся. Я па Евангеллю не жыву.

Нодэльман. У дачыненні да друга ў цябе крыху метафізікі ёсць.

Карнейчык. Чаго ты ад мяне хочаш? Каб праз нейкі ліст я адвярнуўся ад Лютынскага і плюнуў на нашу дружбу?..

Нодэльман. Плюнуць не трэба. Дружба — добрая рэч, але нельга ёю ўсяго апраўдваць. Трэба, каб сама дружба была апраўдана.

Карнейчык. Як гэта?

Нодэльман. Няправільна будзе, калі я скажу: ён мой друг, а таму ён усё добра робіць; трэба сказаць: ён усё добра робіць — і таму ён мой друг. І калі яшчэ дагаварыцца аб тым, што разумець пад словам «добра», дык будзе ўсё ясна.

Карнейчык. Наша дружба апраўдана крывёй.

Нодэльман. Я гэта ведаю. Але для тэарэтычнага абгрунтавання дружбы тут ёсць адна няяснасць. Якой крывёй?

Карнейчык. Сказаць табе па-кніжнаму? Гэта кроў пралівалася на фронце грамадзянскай вайны за нашу супольную справу, за справу пралетарыяту. Досыць з цябе?

Нодэльман. О! Цяпер дакладна — за нашу супольную справу. Так пачынаецца дружба камуніста.

Карнейчык. Калі ты стаў такім педантам?

Нодэльман. Ты ж, вывучаючы тэхніку, ведаеш, што праз недакладнасць бываюць аварыі. А ў гэтым пытанні дакладнасць для мяне асабліва важна, таму адкажы мне яшчэ на адно пытанне: а што, калі гэта супольная справа перастае быць супольнай? Што мне тады з дружбай рабіць?

Карнейчык. Выкінь яе свінням.

Нодэльман. Правільна — выкінуць свінням, толькі есці не будуць.

Насця (да Карнейчыка). Прыпёр цябе к плоту таварыш Нодэльман.

Карнейчык. Гэта я і без яго разумею.

Нодэльман. Ты разумееш наогул, абстрактна, а трэба разумець канкрэтна.

Карнейчык. Але пры чым жа тут Лютынскі? Што ты да яго маеш?

Нодэльман. Я быў бы рад, каб ён быў ні пры чым. Я маю да яго факт.

Карнейчык. Гэты факт яшчэ не факт.

Нодэльман. Праверым, і будзе факт.

Карнейчык. Няхай там і была якая-небудзь памылка, дык ці ж праз гэта ўжо і ў твар плюнуць чалавеку? Паможам — выправіцца. Я вельмі высока цаню нашу дружбу, каб аднаею памылкаю можна было перакрыць яе.

Нодэльман. Цані, калі ласка, толькі не заплюшчыўшы вочы, а то можаш пераплаціць.

Насця. Я зараз таксама буду сварыцца з вамі за Лютынскага, таварыш Нодэльман. Гэта ж мой былы настаўнік.

Карнейчык. Давай, Насця, яго паб’ём. Нам усё роўна не згаварыцца.

Нодэльман. Нашто біць? Я і сам пайду. (Збіраецца. )

Карнейчык. Пачакай! Куды ты?.. Зрабіў замах на маю дружбу ды ходу?

Нодэльман (у дзвярах). Ты сваю дружбу ўсё-такі памацай. Можа, ад яе толькі футляр застаўся? (Выходзіць.)

Карнейчык. Вось і пагавары з ім!

Насця. Узяў ён нас у пераплёт.

Карнейчык (прайшоўшы разы два па пакоі). Прыйшоў, набузіў і пайшоў...

 

Карціна трынаццатая

Кватэра Лютынскага. Наталля папраўляе вучнёўскія сшыткі.

Юрка (у ложку). Мама, калі бацька вернецца? Наталля. Як хлебанарыхтоўкі выканае.

Юрка. А чаму ён гэтак доўга канае?

Наталля. «Выконвае» трэба казаць... Некаторыя дзядзькі не хочуць здаваць хлеба.

Юрка. Гэта кулакі падвучваюць. Нам настаўніца казала.

Наталля. І кулакі.

Юрка. І ты сваім вучням так скажы.

Наталля. Ужо сказала.

Юрка. А чаму бацька не арыштуе кулакоў?

Наталля. Можа, ён і арыштоўвае.

Юрка. Уй, апартуніст няшчасны! Цэлую зіму арыштоўвае. Каб ён мяне ўзяў, дык я б — раз-раз, і ўсё.

Наталля. Як жа ж бы ты іх пазнаў?

Юрка. А яны ж у сініх штанах, і зубы вялізныя ў іх.

Наталля. Спі ўжо. Чаго ты ўсё балбочаш?

Юрка. А я хачу.

Паўза. Юрка пазяхае.

Мама... А ты мне заўтра... снягуркі купіш?

Наталля. Куплю.

Юрка засынае.

Чуваць званок. Наталля выходзіць за дзверы і ўваходзіць разам з Карнейчыкам.

Карнейчык (знімае паліто). Нічога, што я так позна?

Наталля. Не так і позна. Юрка толькі што заснуў.

Карнейчык. Думаў не заходзіць, ды не ўцярпеў.

Наталля. А чаго цярпець? Чаю хочаце? Яшчэ цёплы.

Карнейчык. Хачу.

Наталля налівае і падае чай.

Не пабуду дзён колькі ў вас, дык і цягне, як чаго не хапае.

Наталля. Вас цягне, а вы ўпіраецеся. Вось табе і друг дома!

Карнейчык. І друг можа нарэшце надакучыць.

Наталля. Каб я гэтага больш не чула, а то за вушы накручу!

Карнейчык. Круціце, пакуль не позна.

Наталля. Чаму? Можа быць позна?

Карнейчык. А нашто мне заўсёды бегаць да вас, калі мае вушы засвярбяць? Трэба, каб дома было каму круціць.

Наталля. Ану, ну! Няхай бог памагае!

Карнейчык. Як па-вашаму — Насця не кепская дзяўчына?

Наталля. Калі вам падабаецца, значыць — добрая.

Карнейчык. Без жартаў — як яна вам?

Наталля. Я ж яе толькі разы два і сустракала. Тады на вечары яна мне вельмі спадабалася. Слаўная такая. Песню партызанскую як заспявалі, дык у яе і слёзы навярцеліся... Добрая жонка будзе.

Карнейчык. Ці будзе яшчэ?

Наталля. Хіба ж вы не дагаварыліся?

Карнейчык. Ніяк не асмелюся. Ніколі трусам не быў, а тут страшна. Раптам адмовіць? Можа, нават пакрыўдзіцца, спужаецца. Застанецца мне толькі адзінокай старасці чакаць. Вы тады, Наталля Міхайлаўна, не праганяйце мяне,— я кожны дзень да вас буду прыходзіць.

Наталля. Які ж вы песіміст! Вось чаго я не чакала! Я прывыкла вас бачыць зусім не такім.

Карнейчык. Без ласкі знудзіўся, Наталля Міхайлаўна. Змалку не ведаў яе. Маці памерла, калі я яшчэ маленькі быў. Бацьку, на сухоты хворага, з завода выкінулі, і мне, падшпарку, прыйшлося заступаць яго месца. Пасля — рэвалюцыя, падполле,— тут ужо не да ласкі было. Пасля работа, закасаўшы рукавы. І калі нарэшце аглянуўся я на сваё асабістае жыццё, дык у мяне тут паўнейшы прарыў, і валасы сівыя на галаве пракідаюцца. Калі гляну я кругом, дык людзі ж упраўляюцца і сацыялізм будаваць, і дзетак гадаваць, і памнажаць адну радасць на другую. Схамянуўся я тады і пачаў да жанчын прыглядацца. Ды, бачу, нічога ў мяне тут не выходзіць. І глядзіць каторая на мяне ласкава, і ўсміхаецца міла, а мне ўсё здаецца, што яна баязліва на мой пусты рукаў паглядае. І не магу я сказаць ёй якраз таго самага патрэбнага, што кажуць жанчыне.

Наталля. Вы ж з Насцяй, здаецца, так здружыліся... Няўжо і тут не ўпэўнены?

Карнейчык. Хто яго ведае. Іншы раз мне здаецца, што яна мяне сапраўды кахае, а другі раз думаю: нашто я ёй? Можа, яна толькі шкадуе мяне як калеку; можа, таму такая добрая са мною, што я з бацькам з яе дружыў?

Наталля. Вы страшэнна мніцельны і выдумляеце сабе ўсялякія страхі.

Карнейчык. Вы праўду кажаце? Знарок, мусіць, каб мяне ўцешыць.

Наталля. Вядома ж, маленькі! Цешыць я яго буду!

Карнейчык. Выходзіць, што і мяне жанчына можа пакахаць?

Наталля. Дурненькі. Я ж сама вас крышку кахаю.

Карнейчык. Вось дзякую вам! Вы так мяне падвесялілі, што вас проста расцалаваць варта за гэта.

Наталля. Куды вам, баязлівец!

Карнейчык. Не дражніце, а то я і давесці магу.

Наталля. Вы яшчэ не даслужыліся. Вось калі пажэніцеся з Насцяй, тады я сама вас пацалую.

Карнейчык (устае і выцірае губы. На твары радасць, якой ён далей не можа хаваць). Ну, дык цалуйце ж, калі так!

Наталля (недаверліва). Ужо?!

Карнейчык (упэўнена). Ужо.

Наталля (у захапленні). Хлус?!

Ад крыку Юрка расплюшчвае вочы і глядзіць на іх.

Карнейчык. Чэснае слова!

Наталля. Ну дык трымайся, галубок! (Цалуе Карнейчыка ў губы.)

Юрка (сонным голасам). Апартуністы няшчасныя... Цалуюцца.

Наталля. Тсс!

Карнейчык і Наталля бязгучна смяюцца. Юрка дрэмле.

Карнейчык (садзіцца і п'е чай). Вось яно, каханне, да чаго даводзіць.

Наталля. А што?

Карнейчык. Чай астыў.

Наталля. Падагрэйце яго сваім гарачым каханнем ды піце моўчкі — самі вінаваты.

Карнейчык. Закаханыя, між іншым, заўсёды вельмі многа гавораць. І ўсё пра сябе. Я ж ішоў толькі на хвілінку да вас, запытацца, што ад Антона чуваць. А прыйшоў, дык і не ўспамянуў пра яго.

Наталля. Ужо дзён дзесяць, як ліста не было.

Карнейчык. Яму цяпер там работы ёсць. Чыталі? Яго ж раён на чорную дошку занеслі.

Наталля. Што вы кажаце? Бедны Антоша. Гэта вельмі дрэнна для яго.

Карнейчык. Добрага тут мала, вядома. Але ж ён хлопец напорысты — злезе.

Наталля. Не ведаю, нешта я за яго баюся. Настрой у яго ў апошнія часы такі дрэнны...

Карнейчык. Там няма калі да настрояў прыслухоўвацца: возьме сябе ў рукі і будзе працаваць.

Наталля. У яго вялікая непрыемнасць.

Карнейчык. А што такое?

Наталля. Ён вам нічога не казаў?

Карнейчык. Не.

Наталля. Цяжка яму гаварыць пра гэта.

Карнейчык. Дзівак! Ад каго ж ён хаваецца?

Наталля. Прыедзе, дык вы з ім пагаварыце. Няхай лепш сам усё раскажа.

Карнейчык. Я яго вазьму ў работу.

Наталля. Я вельмі б рада была, каб вы яму дапамаглі.

Карнейчык (апранаючыся). Хаця... што ў яго можа быць. Пусцяковіна якая-небудзь.

Адчыняюцца дзверы, уваходзіць Лютынскі.

А-а! Вось ён і сам!

Наталля. А мы толькі што цябе ўспаміналі. (Падыходзіць і цалуе Лютынскага ў шчаку, якую той нехаця падстаўляе. Глянуўшы ў твар.) Нешта ж ты... кіслы надта.

Лютынскі. А ты салодкага хацела?

Наталля. Я хацела весялейшым цябе сустрэць.

Лютынскі (вітаючыся з Карнейчыкам). Чакай, зараз упрысядкі пайду.

Наталля. А што ж ты думаеш? І пойдзеш. Карнейчык жа жэніцца. Як ты глядзіш на гэта?

Лютынскі. На здароўе, я нічога супроць не маю.

Карнейчык. Усяго толькі?

Наталля. Прывітаў бы хоць. З Насцяю ж жэніцца.

Лютынскі. Таксама не супярэчу. У Насці ёсць усе даныя, каб з ёю жаніцца.

Наталля. Я думала, ты інакшым вернешся, адно ж такая насупа, як і быў.

Карнейчык. Не хочаш вітаць — чорт з табой! Раскажы, як у цябе там на вёсцы справа?

Лютынскі. Як справа, так і злева — кругом дрэнь.

Карнейчык. Нарыхтоўкі ж ты скончыў?

Лютынскі. Мяне скончылі.

Карнейчык. Няўжо адклікалі?

Лютынскі. Яшчэ і як! З усімі атрыбутамі.

Карнейчык. З вымоваю?

Лютынскі. І з папярэджаннем.

Наталля. Антон! Няўжо гэта праўда?

Лютынскі. Так, мая стопрацэнтная. Муж твой апартуніст і кулацкі патурала. Закляймі яго ганьбай, адмяжуйся, пакуль не позна, і вазьмі назад свой пацалунак.

Наталля. Гэтага я і баялася ўвесь час.

Лютынскі. З якога ж гэта часу ты стала баяцца за мяне?

Наталля. А з таго самага... з якога ты ведаеш. У цябе цяпер адно ў галаве.

Лютынскі. Чапуху гародзіш, мілая! Леташні снег успамінаеш, а яго і сёлетняга хапае.

Карнейчык. Што там за снег такі, што нарыхтоўкам мог пашкодзіць?

Лютынскі. Ат, глупства! Ліст ад аднае асобы, які быццам пагражае нашаму сямейнаму шчасцю і супружаскай вернасці.

Карнейчык. Пры чым жа тут нарыхтоўкі?

Лютынскі. А вось зразумей ты бабскую логіку! Выходзіць, што мая галава толькі гэтым і забіта.

Наталля. Што гэта? Выклік? Я і прыняць магу.

Лютынскі. Прымі, калі ласка! Высцебай сама сябе. Адной унтэр-афіцэрскай удавой больш будзе.

Карнейчык. Што вы! Што вы! Таварышы! Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Так вы ўсякую ахвоту адбіць можаце.

Лютынскі. А ведаеш што. Можа б, ты мне чаю якога-небудзь прыгатавала? Пакуль чай нагрэецца, ты крыху астынеш, і ўсё добра будзе.

Наталля выходзіць.

Карнейчык. Як жа гэта ты так? Га? А мы тут спадзяваліся на цябе.

Лютынскі. Спадзявацца яно лягчэй, вядома.

Карнейчык. А ў дваццатым годзе... памятаеш? Хіба нам лёгка было?

Лютынскі. Справа не ў гэтым. Скажы ты мне па шчырасці: табе не прыходзіла ў галаву такая думка: а што, калі мы не тое робім, што трэба?

Карнейчык. Хто гэта — мы?

Лютынскі. Не мы з табой, вядома. Я бяру вышэй.

Карнейчык. Прыходзіла.

Лютынскі. Вось бачыш! Значыць, не адзін я такі. Мы толькі баімся ў гэтым прызнацца адзін другому.

Карнейчык. Са мной гэта, ведаеш, калі было? Як нэп абвясцілі. Месца сабе не знаходзіў. Плакаў ад крыўды. «Здрэйфілі,— думаю сабе.— Паспрабавалі, не выходзіць гладка,— і назад. А мне зноў падстаўляй карак пад ярмо. І ніякага табе прасвету». Даходзіла да таго, што білет кідаў на стол.

Лютынскі. А цяпер?

Карнейчык. Цяпер бачу, якім я тады блазнюком быў.

Лютынскі. Страшна бывае, як падумаеш. Мы ж адказваем за нашы ўчынкі перад усім чалавецтвам. Кожны няправільна зроблены намі крок сурова асудзіць гісторыя.

Карнейчык. Якраз таму, што наша партыя нясе адказнасць за лёс усяго чалавецтва, кожны крок яе строга абдуманы, тэарэтычна ўгрунтаваны, цвёрды і ўпэўнены.

Лютынскі. Гэта лёгка так разважаць. Паглядзеў бы ты, што робіцца на вёсцы.

Карнейчык. Я ведаю. Там мы цяпер вядзём заўзяты бой з прыватнай уласнасцю ў апошнім яе прытулку.

Лютынскі. Уласнасць — гэта абстракцыя. Людзі бяруць за горла людзей жывых, якія ўмеюць і плакаць, і прасіць, і на каленях поўзаць, і рукі цалаваць.

Карнейчык. Кажы дакладней: кулакоў жывых мы бяром за горла. Гэтых апошніх і найбольш заядлых рыцараў прыватнай уласнасці.

Лютынскі. Я разумею кулака з ашчэранымі зубамі. Але калі ці быў ён кулаком, ці не быў, а цяпер ходзіць цішэй вады, ніжэй травы, страціў годнасць чалавечую да таго, што са страху лезе ў калыску хавацца,— выбачай, у мяне тады не хапае столькі класавай нянавісці, каб раздушыць яго за які-небудзь пуд хлеба. Хіба ён вінаваты, што яго змалку прывучылі дрыжаць над кожным сваім зернем, над кожным лахманом?

Карнейчык. Выбачай за шчырасць, але мне здаецца, што ў табе самім, недзе ў цёмным кутку твайго нутра, сядзіць яшчэ кусок мужыка. Самага такога закаранелага ўласніка. Пакуль другіх калашмацілі, ён маўчаў ды пасміхваўся, а калі да яго самога прыйшлося, тут ён і запеў лазара. Адгэтуль і жаль да людзей, і трывога за лёс чалавецтва. Можа, адгэтуль і правал на нарыхтоўках.

Лютынскі. Удружыў! Дзякуй табе за камплімент! Мы заўсёды так: скажа чалавек слова шчырае, зараз яму якім-небудзь жупелам тыц у нос — уласнік, гуманіст, гнілы ліберал. Усякае жывое пачуццё — каханне, дружба, любасць да бацькоў, простае спачуванне чалавеку ў бядзе — бярэцца пад кантроль, асмейваецца як нешта нявартае сапраўднага бальшавіка. І ходзіць чалавек, як флюс, з адной гіпертрафіраванай класавай нянавісцю.

Карнейчык. Хлусіш ты, Антон. Гэта ў цябе ад злосці сягоння. Ніколі яшчэ чалавечыя пачуцці не дасягалі такой сілы і велічы, як пачуцці бальшавіка. Ніколі яны не мелі такога водгуку. Нашы пачуцці не абмяжоўваюцца ні спальняй, ні сям’ёй, ні добрым суседствам. Павешаны на Лукішках бядняк-селянін, расстраляны на вуліцах Ведынга рабочы-металіст, лінчаваны ў Амерыцы працоўны негр — хіба яны не браты нам з табой? Хіба мы не сціскаем кулакоў, не калоцімся ад абурэння і гневу на катаў, якія іх замучылі? І наадварот — мая і твая радасць знаходзіць сабе водгук і ў лонданскіх сутарэннях, і на рысавых плантацыях Японіі, і ў рудніках Паўднёвай Аўстраліі.

Лютынскі. Замілаванне цераз акіян — гэта, можа, рэч і нядрэнная, але тут, вакол нас, часамі холад і казённы аптымізм...

Карнейчык. І тут ты паклёп узводзіш на бальшавікоў, а перш за ўсё на сябе і на сваю сям’ю. У цябе ж вунь сын — слаўны малыш. Шкада, што ён не чуе твае гаворкі. Напэўна назваў бы цябе «няшчасным апартуністам». У цябе ёсць жонка — сімпатычная і чулая жанчына, якую ты, мне здаецца, не ўмеешь цаніць. Нарэшце, ты ж і мяне крыўдзіш. Няўжо наша з табою дружба ні капелькі цябе не грэе? Я ж пра цябе, чорта, увесь час думаў. Чуць не штодня прыбягаў да Наталлі Міхайлаўны распытвацца.

Лютынскі. Я табе вельмі ўдзячны за твае пачуцці, хоць... людзі і кажуць, што дружба пазнаецца ў няшчасці.

Карнейчык. Не давяраеш? Можа, я ў чым-небудзь вінаваты перад табой? Я сам заўважаю, што ты як быццам перамяніўся.

Лютынскі. Гэта табе так здаецца. Я сказаў наогул пра дружбу.

Карнейчык. Не кажы, ты нешта хаваеш ад мяне. Точыць цябе нейкі чарвяк. Пра гэта і Наталля Міхайлаўна намякала.

Лютынскі. Дурніца яна.

Карнейчык. Гэтым не адбудзеш. Давай лепш сюды твайго чарвячка. Мы яго разам і заморым.

Лютынскі. Палітграматай?

Карнейчык. Ты наважыў сёння пакрыўдзіць мяне? Нічога не выйдзе, я не з гняўлівых.

Наталля ўваходзіць са шклянкай чаю, хлебам і масленіцай.

Лютынскі (беручы шклянку). Чапуха! Якія там чарвячкі! Давай лепш чай піць.

Карнейчык. Мяне ўжо Наталля Міхайлаўна напаіла.

Наталля. А мо наліць?

Карнейчык. Не хачу я з ім чаю піць. Ён мяне тут і палітграматай і як толькі ні называў. Такі злы, што ўвесь свет гатоў абразіць.

Наталля. Гэта з ім не навіна.

Карнейчык (збіраючыся адыходзіць). Нічога, возьмеш сябе ў рукі, сядзеш зноў на свайго ўлюбёнага канька, на землеўпарадкаванне...

Лютынскі. «И уселся на хребет, только задом наперед».

Карнейчык. Што? І там няладна?

Лютынскі. Я так сабе... Іванушку-дурачка ўспомніў.

Карнейчык (надзеючы галёшы). Сімпатычны хлапчына быў.

Лютынскі. А на каня ж садзіўся зусім не па палітграмаце.

Карнейчык. Ладна, ладна! Чарвячка твайго я ўсё-такі выкалупну! (Выходзіць.)

Лютынскі (наўздагон). Пакалупай у сябе.

Наталля. Што гэта за чарвячок?

Лютынскі. Той, што мяне точыць. Ты ж сама ў вушы ўвяла. Нешта вельмі цябе страх узяў за мяне.

Наталля. Баюся, Антоша. За кожны твой крок баюся, быццам ты моцна хворы. Здаецца, вось-вось упадзеш.

Лютынскі. Дык ты ж падымеш.

Наталля. Хто цябе падыме, калі сам не захочаш.

Лютынскі. Ну, разам будзем падаць. З мілым, кажуць, у шалашы рай.

Наталля. А можа, я і не захачу яшчэ падаць з табою.

Лютынскі. Ого, якія мы сталі! Што ж, у такім разе... налі мне яшчэ шклянку чаю.

Наталля глядзіць на яго доўгім дакорлівым поглядам, бярэ шклянку і выходзіць.

Заслона

 

 

АКТ ЧАЦВЁРТЫ

 

Карціна чатырнаццатая

Гарадскі сад. Касабуцкі і Зуй ідуць п’яныя, абняўшыся.

Касабуцкі. Ну і гадаўка.

Зуй. Зануда!

Касабуцкі. Ох і скула!

Зуй. Зараза несусветная!

Касабуцкі. Але мы яе спорам. Спорам ці не?

Зуй. Каб я так здароў быў! Толькі — з цябе барыш.

Касабуцкі. Браток! Слова — свята!

Зуй. Значыць, гульнём (запявае).

 

Тпрунды, баба, тпрунды, дзед,

Пабіліся за абед,

Баба дзеда Васіля...

 

Касабуцкі прытупвае, прабуе скакаць. Абодва хістаюцца ў бакі і шлёпаюцца на лаўку. Здзіўлена глядзяць адзін аднаму ў вочы.

Касабуцкі. Ну й сволачы! На самай дарозе лаўку паставілі.

Зуй. Гэта ўсё нам на злосць.

Касабуцкі. А мы возьмем дый пасядзім.

Зуй. І закурым; вось і халера іх бяры!

Касабуцкі. І трасца ім у бок!

Непаслухмянымі рукамі круцяць цыгаркі і закурваюць.

Паверыш, браток? Жыцця няма ад яе. Надоечы за расцэнкі завяліся. Я — павысіць, а яна — панізіць. А нашы дурні і слухаюць яе. Я — матам, а яна — у заўком. Траха не вышыблі, насілу адбрыкаўся.

Зуй. Ось, мы яе... шыбанём!

Касабуцкі. Будзь другам!

Зуй. Знацца, яе вёска — Асаўцы?

Касабуцкі. А твая Тхароўшчына. І Данілу, бацьку яе, ты знаў. Расстралялі яго, значыцца, не палякі, а чырвоныя. Не забудзешся?

Зуй. Ага!

Касабуцкі. А што не знаюць цябе ў нас — нічога. Ліцейны падумае, што ты з механічнага, а механічны — што з кацельнага. Тысячы ж народу, браток мой! Хіба ж можна ўсіх знаць?

Зуй (прыкурыўшы). Пайшлі-паехалі!

Устаюць і, абняўшыся, ідуць далей. Насустрач ім, стараючыся іх абысці, ідзе Лютынскі.

Тпрунды, баба, тпрунды, дзед,

Пабіліся за...

Касабуцкі (сутыкнуўшыся носам к носу з Лютынскаму прыкладвае растапыраныя пальцы да вуха). Здрасце, пажалста.

Лютынскі абыходзіць бокам.

Не хочаш — не трэба. Каціся... Ну, ты ведаеш куды.

Лютынскі. Папрашу не хуліганіць!

Касабуцкі. Ах, пшэпрашам, пане Свінтухайла!

Зуй (знімае шапку і адкланьваецца). Давідзэння, пане Падсвінацкі!

Зуй і Касабуцкі ідуць далей. Лютынскі садзіцца на лаўку.

Касабуцкі (раптам спыняецца). Эх, забыўся сукінаму сыну ў морду даць!

Зуй. І варта было.

Касабуцкі. Дык я вярнуся.

Зуй (трымае яго за кішэнь). Пачакай! А я?

Касабуцкі. І ты вярніся.

Зуй. Хадзем лепш да мяне, зробім па чарцы. Мы яму дамо, назад ідучы.

Касабуцкі. Дык ён жа, гад, чакаць не будзе.

Зуй. Пачакае, чорт яго не возьме.

Касабуцкі. Ну, ліха з ім, пайшлі! (Ідуць зноў, абняўшыся.)

 

Зуй. Тпрунды, баба, тпрунды, дзед,

Пабіліся за абед,

Баба дзеда Васіля

Палонікам зацяла.

 

Касабуцкі тупае ў такт прыпеўкі. Лютынскі-бацька ідзе, апіраючыся палкаю, спыняецца за пяць крокаў ад лаўкі і моўчкі глядзіць на Лютынскага-сына.

Лютынскі - сын. Зноў ты прыйшоў?

Лютынскі-бацька. У цябе быў... Замкнёна... Прытуліцца няма дзе.

Садзіцца на канец лаўкі. Лютынскі-сын адсоўваецца на процілеглы канец. Кожны раз, калі хто праходзіць, яны перапыняюць гутарку і сядзяць, нібы чужыя. Лютынскі-сын нават штосьці насвіствае.

Лютынскі-сын. Не трэба табе да мяне заходзіць. А найлепш зусім нам не сустракацца... пакуль што.

Лютынскі-бацька. Цураешся? Запэцкацца баішся аб кулака?

Лютынскі-сын. Дзіця неразумнае! Ён яшчэ крыўдзіцца! Няўжо ты не разумееш, што можаш так і мне і сабе пашкодзіць?

Лютынскі-бацька (махнуўшы рукой). А-а... Мне ўжо адна трасца.

Лютынскі-сын. Барнатовіч табе нічога не памог? Я пісаў яму.

Лютынскі-бацька. Гэты, што з зямельнага аддзела?

Лютынскі-сын. Але.

Лютынскі-бацька. Дзе бачыў. Самога вычысцілі. Старшыня ж наш і падкусіў яго. І мяне ўспамінаў... Мусіць жа, гаворка была нейкая паміж імі.

Лютынскі-сын (устрывожана). І пра ліст мо гаварылі... на чыстцы?

Лютынскі-бацька. Не чуваць было. Людзі б сказалі, каб што гаварылася.

Лютынскі-сын. Вось і заступіся за цябе...

Лютынскі-бацька. Сам сябе баішся... Божухна-бацюхна! І што гэта робіцца на свеце? І што з гэтага ўсяго будзе?

Лютынскі-сын. Думаеш, я ведаю? Іншы раз мне здаецца, што мы ўвесь свет вядзём за сабою. А як паглядзіш, як гэта ўсё робіцца... Колькі людзей пакутуе...

Лютынскі-бацька. Глумяць людзей, глумяць! І ніхто слова не скажа. За што яны мяне агалечылі? Малатарню меў? Жарабцом народ іксплаціраваў? Дык хіба ж я гвалтам цябе каторага іксплаціраваў? Прасіліся ж: «Дзядзечка, зрабі ласку!» А цяпер за гэту ласку ды мяне за горла? Каб я гэта ведаў, няхай бы яны паздыхалі з жарабцамі, і з кнырамі, і з бугаямі завадскімі. Справіў ты мне, сынок, культурную гаспадарку... Чорту лысаму, а не мне... Высока падняў, ды знізу не падпёр.

Лютынскі-сын. Час тады такі быў.

Лютынскі-бацька. А цяпер час другі, дык няхай гіне бацька? А сам і хвастом накрыўся.

Лютынскі-сын. Я ж табе кажу, што пісаў Барнатовічу. Што я мог яшчэ зрабіць?

Лютынскі-бацька. Пісаў ты... Памагла мне твая пісаніна, як кашаль хваробе. Ты ж такі камуніст... І начальнік, кажуць, не малы, няхай жа ж бы ты тут дзе пагаварыў. Што гэта за парадкі такія?

З глыбіні сцэны выходзяць Карнейчык і Насця. Насця, убачыўшы Лютынскага, хоча пажартаваць, яна паказвае Карнейчыку, што падкрадзецца і закрые Лютынскаму вочы. Падкрадваецца.

Лютынскі-с ы н. Не слухаюць бо мяне.

Лютынскі-бацька. На чорта ж было ісці ў такую партыю, дзе цябе ніхто не слухае?

Лютынскі-сын. Каб жа мне хто тады сказаў, што гэтак будзе.

Лютынскі-бацька. Ці гэта ж думаў я калі, што на старасць жабраваць давядзецца?

Насця здзіўлена. Яна спыняецца і не ведае, што ёй рабіць.

Лютынскі-сын. Я не дапушчу, каб ты жабраваў. (Дастае і дае грошы.) На вось, пакуль што.

Лютынскі-бацька (хаваючы грошы). Эх, здэцца, каб прымеў!.. Няхай бы яно ўсё тут агнём пайшло і я разам!

Лютынскі-сын. Перацярпі. Не ты адзін такі. І прашу цябе: дзеля людзей — ты мне не бацька, а я табе не сын. І табе, і мне лепш будзе.

Лютынскі-бацька (змеціўшы Насцю). Гм! Гм! (Адварочваецца.)

Лютынскі-сын. А, Насця! Куды ідзеш?

Лютынскі-бацька ўстае і адыходзіць.

Насця. У кіно ідзём... Хацелі вас запрасіць...

Лютынскі. Добрае запрашэнне! Падкралася, як злодзей.

Падыходзіць Карнейчык.

Насця. З кім гэта вы гаварылі?

Лютынскі. А ты ж, мусіць, чула?

Насця. Чула... Незнарок.

Карнейчык. А хто гэта?

Лютынскі. Бацька мой... раскулачаны. Той чарвячок, які мяне точыць і якім ты так цікавіўся.

Карнейчык. Здаровы рабак! Што ты толькі рабіць з ім будзеш?

Лютынскі. Няправільна раскулачылі.

Карнейчык. А заўтра ж, можа, цябе і чысціць будуць.

Лютынскі. Ты думаеш — трэба сказаць?

Карнейчык. А ты як думаеш?

Лютынскі. Які мне сэнс ганьбіць сябе і якая карысць ад гэтага партыі? Тут — памылка мясцовых органаў. Высветліцца, і ўсё ўладзіцца. А скажу — вычысцяць: чаму раней не сказаў? Пачнуць капацца, чорт ведае чаго навыдумляюць. А па сутнасці — я ж той самы Лютынскі, што і быў, і для партыі магу яшчэ зрабіць нямала.

Карнейчык. Ох ці той, глядзі!

Лютынскі. Не верыш? (З сарказмам.) Ну, што ж. Для цябе тут вельмі зручны выпадак паказаць сваю класавую непрымірымасць: лепшага друга не пашкадаваў! Сумленне будзе мучыць? Плюнь на яго. Буржуазныя забабоны... гнілы лібералізм. (Адыходзіць пакрыўджаны.)

Карнейчык. Антон! (Лютынскі абарочваецца.) А пра бацьку ты ўсё-такі раскажаш.

Лютынскі. Памятаеш, Мікола, як мы з табой развітваліся ў школе?

Карнейчык. Памятаю.

Лютынскі. Дык ведай жа, Святая Барбара, што самы небяспечны для мяне момант гэта цяпер. (Пайшоў).

Карнейчык хвіліну глядзіць задуменна яму ўслед.

Карнейчык. Антон! (Лютынскі не чуе.) І шкада ж мне цябе, сукінага сына! (Садзіцца на лаўку і думае.) Друг гіне, Насця! Што мы з ім рабіць будзем?

Насця (садзіцца побач з Карнейчыкам). Давай падумаем. Памагчы яму трэба, калі гэта праўда.

 

Карціна пятнаццатая

Зала рабочага клуба. Старшыня праверкома звоніць. У залу ўваходзяць рабочыя; схлупіліся ў дзвярах, з шоргатам садзяцца на крэслы.

Алесь (уваходзіць і аглядаецца, шукаючы вачыма каго-небудзь знаёмага. Бачыць Насцю, якая гаворыць з Карнейчыкам, і, узрадаваны, накіроўваецца да яе). А, здарова, шэф!

Насця. Здароў, падшэфны!

Алесь. А я зноў да цябе.

Насця. Упору паспеў: мяне чысцяць якраз,— можаш выступіць і раскрытыкаваць.

Алесь. Ты мне раней слесара дай дні на два.

Насця. Ці варта яшчэ? Пахваліся, як ты там гаспадарыў?

Алесь. А так, як савецкая ўлада кажа. Саплякоў усіх вытурылі, дык цяпер у нас работа ідзе.

Насця. На полі не пагнаіў?

Алесь. Захапіў быў дождж гектараў са два аўса. Дзень лье, другі лье, і канца яму няма. Я, брат, давай шавяліць хлопцаў! Паехалі, мокры забралі, пад стрэхамі парасстаўлялі — так і выратавалі. Цяпер малоцім, ды якраз малатарня папсавалася.

Насця. А хлебанарыхтоўкі як?

Алесь. Гэта-то я даўно выканаў. Смела будзь, без хлеба сядзець не будзеш.

Насця. Тады, мусіць, прыйдзецца табе слесара даць. Заўтра я пастаўлю гэта пытанне на ячэйцы.

Алесь. Пагавары, братка! Вось маладец будзеш!

Старшыня камісіі (звоніць). Ну, таварыш Бохан, давай будзем працягваць.

Насця ідзе на сцэну.

Алесь (наўздагон ёй). Дзякуюць табе калгаснікі за кавалёў.

Насця. Добра! Пасля пагаворым.

Алесь (да Карнейчыка). Лоўкая дзяўчына! Каб мне такую жонку, дык я другой і не хацеў бы.

Карнейчык (смеючыся). Пасватайся.

Старшыня камісіі. Хто яшчэ хоча сказаць пра таварышку Бохан?

Уздымаецца рука.

Голас. Дайце мне.

Старшыня. Хваліць будзеш?

Голас. Лаяць няма за што.

Старшыня. І так ужо шмат хвалілі. Баюся, што зусім захваліце: сапсуецца дзяўчына. Калі адмоўнага ніхто нічога не ведае, дык мы спынім выказванні.

Зуй. Пра бацьку яна тут... крыху схлусіла.

Старшыня. Давай, кажы праўду.

Зуй (выходзіць наперад). Пра бацьку яна тут сказала... Партызан ён быў, гэта праўда. Ды толькі з якога боку? Сам жа я з суседняй вёскі, Тхароўшчыны. Яе-то не ведаю — малая была, а бацьку яе, Данілу Бохана, добра знаў. Партызаніў ён тады, як Чырвоная Армія з-пад Варшавы адступала. Калі пакапацца ля Воўчай гары, дык і цяпер бы знайшоў косці не аднаго чырвонаармейца, якога ён загубіў.

Насця (усхвалявана). Што гэта за чалавек? Што ён вярзе?

Старшыня. Супакойся, не перашкаджай.

Зуй. Дабра армейскага колькі нагроб! З нашай вёскі двух праз яго загінула: палякам выдаў. І расстралялі яго не палякі. Бальшавікі кокнулі, калі зноў вярнуліся. Ударніца яна тут, а на каго працуе — яшчэ невядома. Можа, толькі, каб вочы засланіць сваім ударніцтвам. Сям’я ж яе там, за мяжою. Я думаю, лепш, каб такіх элементаў у партыі не было. (Ідзе і садзіцца ля дзвярэй.)

Старшыня. Хто яшчэ ведае пра бацьку таварышкі Бохан?

Карнейчык. Дайце мне!

Старшыня. Ты ёй ці не родным мужам прыходзішся? Няхай хто-небудзь чужы спачатку.

Лютынскі. Я магу сказаць.

Старшыня. Давайце.

Лютынскі выходзіць.

Алесь. Во! Той самы!

Старшыня звоніць. Алесь нешта шэпча Карнейчыку, паказваючы на Лютынскага.

Лютынскі. Насцю Бохан я ведаю з таго часу, калі ёй было яшчэ гадоў 10—12. Я быў настаўнікам у Асаўцах — гэта яе вёска,— і яна была маёй лепшай вучаніцай. Бацьку яе ведаў і я, і таварыш Карнейчык, які разам з ім партызаніў у часе белапольскай акупацыі. Сама Насця дапамагала партызанам: я не раз пасылаў яе ў лес, калі трэба было перадаць важныя весткі. І гэта хлусня, што бацьку яе расстралялі бальшавікі. Яго закатавалі белапалякі перад самым сваім адступленнем. Мяне тады, праўда, у Асаўцах ужо не было, але таварыш Карнейчык гэта добра ведае. А такога грамадзяніна, які толькі што выступаў, я ў Тхароўшчыне не памятаю, хоць быў там настаўнікам два гады. Затое бачыў яго ўчора ў гарадскім садзе вось з гэтым таварышам... (Паказвае на Касабуцкага.)

Касабуцкі. Я яго і знаць не знаю!

Лютынскі. Знаеце ці не, гэтага я не ведаю, але вы ішлі ў абнімку абодва п’яныя.

Зуй цішком выслізнуў за дзверы.

(Ідучы на месца.) Цікава было б ведаць, дзе гэты грамадзянін працуе і як яго прозвішча.

Старшыня. Ды ён, напэўна, скажа нам сваё прозвішча. Дзе той таварыш?

Галасы. Няма!

— Змыўся недзе!

— Драла даў!

Стары рабочы. Я скажу пару слоў.

Старшыня. Калі ласка.

Стары рабочы (устае). Гэта, Касабуцкі, не іначай, твае штучкі. Не дае яна табе ў брыгадзе разгуляцца, як сам хочаш, вось ты і падкопваешся. Ды яшчэ гэтага рыжага аднекуль прывалок. Не іначай з вуліцы: на заводзе такога я нешта не бачыў. Хацелі табе пяро ўставіць і дарэмна не ўставілі. Пашкадавалі, думалі — паправішся. А ты вунь у які бок папраўляешся! Зловяць цябе, як таго ката паганага, натаўкуць мордаю, а ты зноў за сваё. Ой, глядзі! (Да камісіі.) А дзяўчына, я вам скажу, проста золата. На што я спрактыкаванае вока маю, а не заўсёды ўбачу тое, што яна ўбачыць у цэху. Другі і ўбачыць, ды прамаўчыць, а яна зараз жа ў работу бярэ: няма ў яе ні кума, ні свата. Гультаю гэта, вядома, не да густу. (Сарамліва ўсміхаецца.) Была раз і ў мяне справа з ёю. Абмішуліўся я, гэта праўда. Ну, яна далікатна, але, бачу, бярэ мяне ў абарот. Я і незалюбіў быў тады: яйцо курыцу вучыць. А потым як раздумаўся — дык чаго ж ты, стары чорт, крыўдзішся, калі дзяўчына праўду кажа? Хацеў ужо і прабачэння папрасіць, дык неяк так яно і засталося. А цяпер скажу: і заўсёды так рабі! Не глядзі, што стары гневаецца. Дрэнна робіць, дык і бяры ў работу. Ён яшчэ больш любіць цябе будзе за гэта. (Садзіцца.)

Старшыня. Ну, таварышы, я думаю, справа ясная. Гаварыць больш няма патрэбы.

Галасы. Досыць!

— Усё ясна!

Старшыня. Тваё слова, таварыш Бохан.

Насця. Маё слова кароткае. Тут сказалі, што працавала я нядрэнна. Даю слова працаваць яшчэ лепш. Я абяцаюся не толькі ля станка быць ударніцай, я даю слова актыўна змагацца з нашымі ворагамі, якія перашкаджаюць нам будаваць лепшае жыццё без драпежнікаў і крывасмокаў... і без гэтай поскудзі, якая нядаўна спрабавала тут апаганіць імя майго бацькі, чырвонага партызана Данілы Бохана. (Пад воплескі ўсяе залы ідзе на месца.)

Старшыня. Таварыш Лютынскі.

Лютынскі, пакінуўшы капялюш на крэсле, выходзіць на трыбуну.

Лютынскі (сваё хваляванне стараецца прыкрыць штучнай развязнасцю). Нарадзіўся я ў 1894 годзе, у вёсцы Ясяні Слуцкага раёна. У 1914 годзе скончыў настаўніцкую семінарыю і ўскорасці быў узяты ў армію. Служыў увесь час у 38-м запасным батальёне штабным пісарам. Дэмабілізаваўся ў канцы 1917 года. Працаваў настаўнікам тры гады. У 1919 і 1920 годзе прымаў удзел у партызанскім руху, памагаў партызанам. Калі стала крута, перайшоў фронт і падаўся ў Чырвоную Армію. Прымаў удзел у наступленні на Варшаву. Пад Беластокам быў паранены і выбыў са строю. З Чырвонай Арміі дэмабілізаваўся ў 1922 годзе. Зноў два гады працаваў настаўнікам. Пасля два гады быў загадчыкам райземаддзела. У 1926 годзе паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію. Па сканчэнні мяне пакінулі аспірантам. У мінулым годзе накіравалі на работу ў Наркамзем, дзе я працую і цяпер у якасці намесніка наркома. У партыю ўступіў у 1921 годзе. З таго часу па меры маіх сіл стараюся праводзіць у сваёй рабоце генеральную лінію партыі. Памылак вялікіх не меў. Хоць і кажуць, што на памылках мы вучымся, але я лічу, што лепш вучыцца на чужых памылках, чым рабіць свае. А ў гэтым годзе прыйшлося і на сваёй павучыцца. Гэта было зімою, калі партыя паслала мяне ўпаўнаважаным па нарыхтоўках. Я з гэтай задачай не справіўся і атрымаў вымову.

Старшыня (гледзячы ў картку). З папярэджаннем.

Лютынскі. Так, з папярэджаннем... Ну, у першыя часы працы мае ў наркамаце я сустрэўся з вялікімі цяжкасцямі. Перш за ўсё трэба было авалодаць тэхнікай справы, досыць-такі складанай і спецыфічнай. Але ж бальшавікі цяжкасцей не баяцца, калі толькі яны сапраўдныя бальшавікі. Прыйшлося папрацаваць. Часта дня не хапала, прыходзілася ночы прыточваць. Так прыточваць, што глянеш часамі ў акно, а на дварэ ўжо віднее. Ну і сярод працаўнікоў настроі ўсякія былі. Хоць яўных прышчэпаўцаў ужо і не было, а душок гэты ў некаторых яшчэ трымаўся. Некаторымі практыкаваўся метад ціхага сабатажу: а паглядзім, што ён без нас зробіць. Прыйшлося ўдарыць, па кім трэба было. Не абышлося, праўда, і без памылак. Узяць хоць бы справу з Далеўскім. Недагледзеў, прызнаюся. Сам не ткнуў носа, даверыўся спецу, а ён мне чапухі нарабіў. Прыйшлося зняць. Трэ было раней гэта зрабіць, але... лепш позна, чым ніколі. Думаю, што больш такіх памылак у мяне не будзе.

Старшыня. Вы больш пра сябе нічога не скажаце?

Лютынскі. Як быццам усё.

Старшыня. Ну добра... Скажыце, як вы ў галіне планавання змагаецеся з тым шкодніцтвам, якое там было? Скажам, у давядзенні планаў веснавой сяўбы?

Лютынскі. Гэта мая асноўная работа. Я найбольш увагі аддаю цяпер якраз гэтаму сектару.

Старшыня. А вось цяпер у раёнах судзяць за сустрэчныя хлебанарыхтоўкі. Ці не ёсць тут доля і вашай віны?

Лютынскі. Калі і ёсць, дык самая нязначная. Ужо адзін той факт, што судзяць не мяне, а іх, сведчыць аб тым, што вінаваты-такі яны.

1-ш ы член камісіі. Як вы думаеце: па тых планах, якія ваш планавы сектар спускаў у гэтым годзе ў шмат якія раёны, можна правільна будаваць сацыялістычную гаспадарку?

Лютынскі. Хто ўмее, таму можна. Ёсць у нас у некаторых раёнах такія работнічкі, што ім ніякія планы не памогуць.

Старшыня. Дык вы так-такі і ні пры чым?

Лютынскі. Я не кажу. Былі памылкі і ў планавым сектары. Таму ж я і ўзяўся за яго цяпер.

Старшыня. У каго яшчэ будуць пытанні?

Голас. Вы казалі, што памагалі партызанам? Як вы ім памагалі?

Лютынскі. Памагаў, чым мог. Пасылаў весткі аб тым, дзе белапалякі паварочваюцца, папярэджваў, калі пагражала небяспека. З падпольнымі работнікамі быў звязаны — распаўсюджваў літаратуру. Ну, і яшчэ... была дапамога. Пра маю работу добра ведае таварыш Карнейчык. Я думаю, ён дапоўніць, калі я што-небудзь прапусціў.

Голас. Што вы рабілі з васемнаццатага па дваццаты год, пакуль не пайшлі ў Чырвоную Армію?

Лютынскі. Я ж казаў: працаваў у школе, выхоўваў маладое пакаленне. І вам адну ўдарніцу выхаваў. Насця Бохан — гэта мая былая вучаніца.

Насця. Вы, таварыш Лютынскі, пра сваіх бацькоў нічога не сказалі.

Лютынскі. Ты ж, здаецца, ведаеш пра маіх бацькоў?

Насця. Другія не ведаюць.

Старшыня. Праўда, вы чамусьці забыліся сказаць пра гэта.

Лютынскі. Бацька мой селянін... серадняк. Да рэвалюцыі гнуўся на чатырох дзесяцінах. Меў каняжыну сякую-такую. Карова калі была, калі не. Савецкая ўлада прыбавіла яму крыху зямлі. Тады стала лягчэй.

Стары рабочы. Дзе жывуць бацькі цяпер і што яны робяць?

Лютынскі. Жывуць там, дзе і жылі. А што робяць?.. Спяць, напэўна: ужо дванаццатая гадзіна.

Старшыня. Жарты вашы тут зусім недарэчы. Адказвайце сур’ёзна!

Лютынскі. Што ж робяць? Аруць, сеюць, сена косяць.

Голас. У калгасе бацька?

Лютынскі. Тры гады як уступіў.

Голас. Можа, заможным стаў ужо?

Лютынскі. Не ведаю, даўно не бачыўся.

Голас. Лісты ж, можа, піша?

Лютынскі. Непісьменны ён.

Старшыня. А вы?

Люты нск і. Я пісьменны, вядома, але ў мяне столькі ўсялякай работы, што і на роднага бацьку забудзешся.

Старшыня. Пытанняў больш няма? Хто хоча выказацца?

Напрка. Дайце мне.

Старшыня. Калі ласка.

Напорка. Я таварыша Лютынскага крыху ведаю, бо працую з ім у адной установе. Таварыш Лютынскі пра Далеўскага тут выказаўся так, што гэта, бачыце, «і я не я, і кабыла не мая». А кабыла-то якраз ваша, таварыш Лютынскі, якраз землеўпарадкаванне было вашым улюбёным каньком. Вы памятаеце, як я вас яшчэ папярэджваў? Я казаў, што трэба праверыць, ці не хаваецца за гэтымі клеткамі якое-небудзь шкодніцтва. Вы мне што тады сказалі? Вы сказалі, што я сцецаедствам займаюся, і параілі лепш вывучыць гэту справу і прасякнуцца да Далеўскага належнаю павагаю. Вы мне моцна тады параілі, і таксама моцна абяцаў я вам вывучыць гэту справу. Сягоння я гэта сваё абяцанне выканаў. Таварыш Лютынскі тут лёганька адмахнуўся ад гэтай справы, сказаўшы, што Далеўскі нарабіў чапухі і ён, Лютынскі, яго зняў. Зняты быў Далеўскі, між іншым, пад напорам, калі ўжо выкрыты быў як шкоднік. Можа, таварыш Лютынскі і не ведаў, што Далеўскі шкоднік, што ён працаваў з разлікам на інтэрвенцыю. Але такая слепата і тое, што Лютынскі так горача заступаўся за Далеўскага, шмат аб чым гаворыць. Таварыш Лютынскі казаў, што ён змагаўся з прышчэпаўшчынай, а на самай справе пад выглядам гэтага змагання звальняў з працы лепшых работнікаў.

Лютынскі. Каго, напрыклад?

Напорка. Напрыклад, Прахарэню, які асмельваўся крытыкаваць вашу работу. А сапраўднай самакрытыкі ад таварыша Лютынскага мы яшчэ не чулі. Хацелася б пачуць яе хоць у канцы. (Ідзе на месца.)

Старшыня (трымаючы запіску). Слова мае таварыш Мандрыкін.

Мандрыкін (выходзіць). «Ум человеческий ловок и гибок»,— сказаў адзін вядомы паэт. І гэта ён пра вас сказаў, таварыш Напорка! Пра ваша выступленне. Спрытны вы чалавек, таварыш Напорка! Сам быў на паслугах у Далеўскага, сам наразаў гэтыя самыя клеткі, а цяпер, калі прыйшлося, што самога зараз возьмуць за шкірку, «он украдкою кнвает на Петра», гэта значыць на Антона Мітрафанавіча. Адным стрэлам хоча трох зайцаў забіць: каб і самому выйсці сухім з вады, і нялюбага яму чалавека ўтапіць, і яшчэ нажыць сякі-такі капітал.

Старшыня. Гаварыце пра Лютынскага, а не пра Напорку.

Мандрыкін. Вось жа і я хачу сказаць, што Антон Мітрафанавіч тут ні пры чым. Чалавек новы, толькі што да нас застаўся, нікога не ведаў. А ліха вас ведае, каторы з вас шкоднік! Чаму абавязкова Далеўскі, а чаму не Напорка? Хіба табе, катораму, у душу залезеш? А што паміж Напоркам і Лютынскім скрозь былі нелады, дык гэта ж усім вядома. І што сягоння Напорка скарыстаў трыбуну чысткі, каб скампраметаваць Лютынскага, гэта таксама ясна. Шкодніцтва прышпіліў, контррэвалюцыю, інтэрвенцыю, інфлюэнцыю... Такіх дзівосаў наплёў, як у той казцы:

 

У лукоморья дуб зеленый,

Златая цепь на дубе том.

И днём и ночью кот ученый

Все ходит по цепи кругом;

Идет направо — песнь заводит,

Налево — сказку говорит...

 

Так і Напорка: ішоў направа — заводзіў песню разам з Далеўскім, а сягоння ідзе налева — і расказвае нам казкі пра інтэрвенцыю. А між тым не заўважыў, што з гэтых казак тарчаць яго ўласныя вушы. Выходзіць, таварыш Напорка, што самі вы даўно прымірыліся з думкай пра інтэрвенцыю. Вы не верыце ў абараназдольнасць нашай краіны і ў сілу нашай слаўнай Чырвонай Арміі. Вы не верыце ў тое, што ўсе працоўныя як адзін стануць са зброяй у руках на абарону сваёй вялікай Бацькаўшчыны. Вы ўжо і пагадзіліся з тым, што прыйдуць і забяруць і кулакоў насаджаюць, і маёнткі панам аддадуць. Вось як чалавек часамі можа выдаць самыя патаемныя свае думкі і надзеі!

Старшыня (звоніць). Яшчэ раз напамінаю вам, што чыстку праходзіць Лютынскі.

Мандрыкін. Ага, добра... Антона Мітрафанавіча я ведаю не так даўно, з таго часу, як ён у нашым наркамаце працуе, але ведаю добра. Антон Мітрафанавіч надзвычайна добры працаўнік. Парадак любіць, аўтарытэтам карыстаецца і справу ведае. Як толькі ён прыйшоў яшчэ першы раз ва ўстанову, я адразу падумаў — во, гэта гаспадар! Разам з тым Антон Мітрафанавіч і найлепшы чалавек. Ён і пагаворыць, і пажартуе, і нікога не пакрыўдзіць. Напорка тут крыўдзіўся, што Антон Мітрафанавіч Прахарэню звольніў. Вядома, таварышу Напорку крыўда вялікая, бо гэтыя ж захаваны прышчэпавец быў яго блізкім сябрам.

Старшыня. Я вас прасіў больш пра Напорку не гаварыць.

Мандрыкін. Выбачайце... Ну, Антону Мітрафанавічу рабілі яшчэ закід у тым, што ў галіне планавання не ўсё гладка. Дык тут, таварышы, у палажэнне трэба ўвайсці. Не заўсёды гэта, бачыце, удаецца, каб, як напісаў у плане, так яно і выйшла ў сапраўднасці. Неяк раз мы з Антонам Мітрафанавічам гаварылі пра гэта. Прынёс я да яго план падпісваць па свінагадоўлі. І ўсё ў мяне так гладка па клетачках распісана: столькі вось свінаматак, кожная апаросіцца два разы, кожны раз — дзесяцера парасят. А ўсяго за год столькі вось. Антон Мітрафанавіч падпісаў дый смяецца: «А што ты, кажа, ёй зробіш, калі яна не дзесяцера, а чацвёра прывядзе?» Я падумаў — і праўда: хіба ёй загадаеш? А калі яна толькі раз апаросіцца, а другі раз не захоча? Вось табе твой план і лопнуў. Пры чым жа тут тады таварыш Лютынскі? Я, вядома, не супроць плана. Усюды план, няхай і ў нас будзе план. Але ж тут, я кажу, у палажэнне трэба ўвайсці... (Сыходзіць з трыбуны.) Я за тое, каб Антона Мітрафанавіча ў партыі пакінуць.

Карнейчык. Дайце мне слова.

Старшыня. Давай.

Карнейчык (выходзіць). Я, таварышы, ведаю Лютынскага не цяпер. Мы з ім пазналіся і падружыліся яшчэ ў дваццатым годзе. Тады ён быў вясковым настаўнікам і шчырым хлопцам. Раз мы з ім былі абняліся так шчыра, што на нашым целе пазаставаліся сінякі ад пальцаў. Гэта было тады, калі мне адрэзалі вось гэту руку, якой у мяне няма. Тады, ратуючы мяне ад белапалякаў, Лютынскі сам зблізку глянуў у вочы смерці і не спалохаўся яе. А калі гэта смерць падступілася да самага парога, ён перабраўся цераз фронт і падаўся ў Чырвоную Армію. Тады, развітваючыся, я даў яму партызанскае слова, што ў самы небяспечны для яго момант буду з ім і не пакіну яго, хоць бы мне самому гразіла смерць. Так вырасла наша дружба, таварышы. Я гэту дружбу трынаццаць год насіў у сваіх грудзях, не растраціўшы ні каплі. І вось сягоння, калі гэты небяспечны момант для Лютынскага настаў, я не выступаю і не ратую яго. Я не стрымаў свайго партызанскага слова. Я здрадзіў Лютынскаму! Як жа гэта выйшла, таварышы, што я стаў здраднікам? Да гэтага я дайшоў праз доўгія і пакутныя развагі, праз бяссонныя ночы. Я стаў філосафам. Я не мог заснуць, я ляжаў з расплюшчанымі вачыма і думаў пра дружбу. Што такое дружба? Ці ёсць яна вечная, пра якую я чытаў некалі ў раманах? На чым яна трымаецца? Ці маю я маральнае права пераступіць цераз нашу дружбу з Лютынскім? Мне ўспаміналася наша размова з таварышам Нодэльманам, калі мы прыйшлі да вываду, што дружба трымаецца на супольнасці класавых інтарэсаў. Але, калі я пачынаў думаць пра нашу дружбу з Лютынскім, усё выходзіла так, што ён выратаваў мяне ад смерці, а я за гэта павінен яго ўтапіць. Балюча мне было ад гэтай думкі, а адагнаць яе не было чым. І вот, калі, можа, дваццаты раз я пачаў думаць зноў пра нашу дружбу, перад вачыма ў мяне стала тая абстаноўка, у якой гэта дружба пачыналася. Ляжаў я тады ў кладоўцы з параненай рукой. І мне вельмі шкада было рукі мае. Не хацелася маладому хлопцу калекаю заставацца. І жах мяне апаноўваў, калі я думаў пра тое, які страшэнны боль прыйдзецца мне выцерпець. І, нягледзячы на гэта, я даў адрэзаць сабе руку. Я нават сам прасіў, каб яе хутчэй адрэзалі, бо ў ёй пачалася гангрэна, якая пагражала ўсяму арганізму... Я цяпер усвядоміў, што і з Лютынскім сталася тое самае, што было з маёй рукой. Што вывад мне прыйдзецца рабіць такі ж самы. Засталося толькі яшчэ пераканацца, што друг мой згніў дашчэнту і няма ніякай надзеі выратаваць яго. Я стаў больш прыглядацца да яго і правяраць факты. І вось перш за ўсё выявілася, што і дружбы ніякай у нас даўно няма. Што няма яе перш за ўсё з боку Лютынскага.

Лютынскі. А змагаўся я хіба не разам з табой?

Карнейчык. Змагаліся мы супроць нашага супольнага ворага, але змагаліся, выходзіць, не за адну справу. Ты змагаўся за тое, каб прагнаць пана і даць поўную волю і выгаду расці кулаку. Я тады не ўмеў заглянуць табе глыбока ў душу і не заўважыў, што недзе ў самым цёмным кутку яе сядзіць маленькая, але прагавітая звярушка. Я не бачыў у табе закаранелага ўласніка. Ты пайшоў у Чырвоную Армію, а звярушка грэлася ў цябе пад шынялём. Ты ўступіў у партыю і прыкрыў звярушку партыйным білетам. Гэта звярушка была прычынай, што ты не аддаўся ўвесь рэвалюцыі, а прымасціўся толькі ў яе на запятках, каб саскочыць на першым павароце. І гэтым паваротам быў нэп. Тут звярушка вылезла на свет божы, знайшла сабе спажыву, пачала расці і тлусцець. Яе бліскучую шэрсць пагладжвала рука Прышчэпава. А сам ты, з яго благаславення, старанна ўзяўся за хутарызацыю, пачаў будаваць катухі для гэтых звярушак. Але хутка павеяў свежы вецер, звярушка счула небяспеку і прытаілася. Тут бы табе з ёю развітацца, але ты не адумаўся, не вытруціў звярушкі з свайго нутра, і яна цябе з’ела як камуніста.

Лютынскі (абураны). Гэта дэмагогія!

Карнейчык. Фактаў хочаш? Фактаў у мяне хопіць. Ты захапіўся землеўпарадкаваннем, хваліўся, што ўсім рэспублікам нос уватрэш. А што з гэтага выйшла? Контррэвалюцыянер скарыстаў тваю палітычную слепату, а сляпым цябе зрабіла звярушка. Зімою ў часе хлебанарыхтовак ты ўціраў слёзы кулаку. Сам пачаў хныкаць разам з ім і наракаць, што партыя няправільна робіць, ліквідуючы кулацтва. Кулацкая скарга табе так засланіла вушы і вочы, што ты не чуеш стогнаў працоўных у фашыстоўскіх турмах, ты не бачыш, што дзесяткі мільёнаў беспрацоўных заходзяцца з голаду і замярзаюць на вуліцах шыкарных еўрапейскіх сталіц. Ты сваімі ўчынкамі аддаляеш іх паратунак. Ты не здолеў перарваць пупавіны, што звязала цябе з тваім бацькам-кулаком, якому, між іншым, сам дапамог акулачыцца. Ты ж потым дапамог яму пралезці ў калгас і схавацца там ад раскулачвання. А калі яго нарэшце ўсё ж такі раскулачылі, у цябе не хапіла адвагі расказаць пра гэта партыі. Ты нават ад мяне стаіўся, ад свайго друга! Дзён дзесяць таму назад, калі я ўбачыў цябе з бацькам на скверы, ты стараўся ўпэўніць, што бацьку твайго раскулачылі няправільна. Але на гэты раз я табе не паверыў. Мы з таварышам Нодэльманам праверылі гэту справу. Бацьку твайго раскулачылі год таму назад, і раскулачылі правільна. А ты стаў абараняць яго ад савецкай улады. Напісаў свайму сябру, загадчыку райзямаддзела Барнатовічу, цэлую інструкцыю аб тым, як прыбраць з пасады старшыню сельсавета і вярнуць бацьку маёмасць. Ты абвясціў вайну савецкай уладзе. Хто ж з нас двух здраднік? (Да аўдыторыі.) Лютынскі, таварышы, здрадзіў не толькі мне, ён здрадзіў усім вам, ён здрадзіў усяму рабочаму класу і яго партыі. (Да Лютынскага.) А як жа мне агідна было слухаць тваю хлусню, калі ў цябе запыталіся пра бацьку! Як вуж, ты выкручваўся. Нахабна лгаў, думаў, што я і Насця падтрымаем цябе. Ты паспадзяваўся на нашу дружбу. Думаў, што гэта досыць моцная прывязка, каб пацягнуць і мяне ў балота разам з сабою. Не, дружок! Парвалася прывязка, і каціся ў балота ты адзін. Раскусіў я цябе, друг! Раскусіў і — выплюнуў. Не хацеў ты ісці ў радах слаўных, дагнівай на сметніку разам з пазадкамі. І казак пра цябе не раскажуць, і песень пра цябе не спяюць. І ў партыі табе, грамадзянін Лютынскі, даўно не месца. (Ідзе на месца.)

Наталля (устае). Вот і ўпаў ты, Антон Мітрафанавіч! Так упаў, што ні сам не ўстанеш, ні я цябе не падыму. А падавала я табе руку, прасіла — падумай, ці добра ты робіш? Слова выгаварыць не даў, накрычаў, злаяў. І мяне з толку збіў, і сам сябе ўпэўніў, што бацька не кулак. Я ганарылася табою, што ты такі выдатны і карысны для савецкай улады работнік. Ты ж героем быў у маіх вачах. Я думала, што на фронце ты змагаўся за нашу справу. А цяпер... што я чую! Сын вось сядзіць, плача... Пытаецца, чаму дзядзька Карнейчык на тату сварыцца. Што я яму скажу? Што ты кулакоў абараняў ад савецкай улады? Што ты яму скажаш? Ці асмелішся ты глянуць яму ў вочы? А што ён пра цябе скажа, як падрасце? Як жа мы з табой цяпер жыць будзем? Эх!.. Адабраў ты ў мяне мужа-камуніста, грамадзянін Лютынскі! (Садзіцца.)

Калі Наталля пачынае гаварыць, Лютынскі ўстае, хвіліну глядзіць на яе, не бачачы, пакідае трыбуну, без капелюша, са скамянелым тварам ідзе паміж радамі крэслаў да дзвярэй. Яго праводзяць варожыя погляды напружана заціхшай залы. Калі Лютынскі параўноўваецца з крэслам Юркі, той хапае яго за крысо і з баязлівай надзеяй заглядае ў скамянелы твар.

Юрка. Бацька! Праўда, ты не абараняў кулакоў?

Лютынскі ні словам, ні рухам яму не адказвае і ідзе далей. Юрка хвіліну намагаецца ўтрымаць яго крысо, але не здужае і валіцца з крэсла.

Старшыня (устаўшы). Вораг не вытрымаў, збег. Я думаю, што плакаць па ім мы не будзем.

Апладысменты перапыняюць яго прамову.

Канец


1930-1934?

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6-ці т. Т. 3. Раман, п'есы / Уклад., камент. С. Лаўшука; Маст. А.Александровіч. - Мн.: Маст.літ., 2000. - 382 с., іл.
Крыніца: скан