epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Каровін мужык

Гэтак у нашай вёсцы дражняць аднаго чалавека.

Не падумайце, людцы, што ён сапраўды пажаніўся з кароваю. Калі не верыце мне, дык паглядзіце ў метрыкі, і там напісана, што ён «жанаты на дзяўчыне 22-х гадоў Антолі Васілёвай Скрыль».

А чаму яго так прадражнілі, зараз раскажу.

Тодар Гракоў быў сабе дзяцюк ды і ўсё, нічым, здэцца, ад іншых хлопцаў не вызначаўся: і вочы, і вушы, і нос былі ў яго на тым жа самым месцы, як і ў іншых, толькі драў ён гэты свой нос угору дык надта, мусіць, высока, бо я не раз чуў, як дзяўчаты гаварылі:

— Вось у Тодара нос дык і фігай не дастанеш.

— А нос жа... Каб што людскае — табакерка дзеда шаўца,— жартавала весялуха Алеська.

— Каму ж і драць нос, як не Тодару,— гаварыла звычайна цётка Тацяна, да якой дзяўчаты збіраліся на вячоркі.— Тодар жа адзін у бацькі, паўвалокі поля, пяць кароў...

— І сам — жывёла,— дабаўляла якая-небудзь з дзяўчат, і доўга смяяліся з рызыкоўнага Тодара.

Не смяялася адна Стэфка Базылёва, бо яна знала Тодара інакшым і зусім не такім рызыкоўным, якім ён быў звычайна. Ён умеў так моцна абнімаць, і яго вусы так прыемна казыталі ў Стэфкі пад носікам, што яна лічыла яго чуць не лепшым за ўсіх у свеце.

Быў, аднак, час, калі Тодар хадзіў, спусціўшы свой задзірасты нос. Гэта было ў той час, калі, прагнаўшы з Беларусі паноў, савецкая ўлада папрасіла ў Тодара дапамагчы біць буржуяў. Тодар маркоціўся, але мусіў ісці, бо савецкая ўлада «прасіла»-такі не жартуючы.

Праслужыўшы нейкі з месяц у Ельні ці ў Дарагабужы, Тодар атрымаў ліст ад бацькі.

«Тодарка, сынок! — пісаў бацька.— Я ж як уздумаю, што ты там пакутуеш, дык у мяне аж сэрца крывёю абліваецца. Каго ты бароніш? За каго ты пакутуеш? За камунію? За гэтых рабаўнікоў, якія ў твайго бацькі апошні шанак жыта з засека выцягнулі і аддалі басяку Рыгору? Як мага, сынок, старайся вырвацца з войска, бяжы дадому. Тут ходзяць чуткі, што паны зноў хутка вернуцца, а пакуль што схавацца будзе дзе».

Атрымаўшы такі ліст, Тодар не стаў доўга думаць і дзён праз дзесяць быў ужо ў нашым лесе на Воўчай гары, куды маці чуць не штодзень насіла яму есці.

Так Тодар больш за паўгода туляўся па лесе ды па розных закутачках; толькі ў чэрвені тысяча дзевяцьсот дваццаць першага года, калі на дэзерціраў нашай вёскі зрабілі аблаву, чырвонаармейцы выцягнулі яго з падпечка, дзе ён сядзеў разам з курамі.

— Вось у вас тут якія птушкі вядуцца,— дзівіўся старшы.— Гэта, мусіць, нейкага загранічнага заводу, а яец дык яна нанесла, пэўна, цэлы падпечак — вось будзеце яечню есці.

— Ды ён і цяпер ці не знёс яйцо з вялікага жаху,— жартавалі чырвонаармейцы,— бо нешта...— і круцілі выразна носам.

Аднак Граковым было не да жартаў: бацька і пшанічнай мукі, і сала, і масла патыкаў старшому, але за гэта быў аблаян, а Тодара з «гонарам» адвялі ў ваенкамат.

Прасядзеўшы месяца з паўтара ў турме і праслужыўшы некалькі месяцаў у часці, Тодар быў зволены ў бестэрміновы водпуск.

Цяпер ужо Тодаравы бацька з маткаю парашылі, што яго пара жаніць. Весці перагаворы падручылася маці.

Аднаго разу ў нядзелю Тодар прыйшоў з гульні і сеў палуднаваць адзін, бо бацька з маткаю ўжо былі папалуднаваўшы. Тут маці і павяла на яго сваю атаку,

— Дзе ты прападаў да гэтай пары? — запытала яна.

— Гуляў,— адказаў Тодар.

— Вось за дзяўчатамі дык і пад’есці няма часу... Жаніўся б нечага, усё ж роўна работнік у хату трэба. Ты ж сам бачыш, што я ўжо нядужая і адна са ўсім управіцца не магу...

— Я і сам думаў аб гэтым,— прагаварыў Тодар, спусціўшы нос у міску, бо ён хоць быў ужо сталы дзяцюк, але яму сорам неяк было прызнавацца, што хочацца жаніцца.

— Ну, дык чаму ж? — узрадавалася маці,— цяпер жа самая пара: і час вольны, і скаромнае ёсць,— парсюка закалолі, а вясною ж ці ўлетку і вяселле не будзе часу гуляць... А каго ж ты думаеш браць? — запытала яна памаўчаўшы.

— Я думаю Стэфку Базылёву...

— Тодарка!!! Ці ты звар’яцеў?! У каго гэта ты ўкляпаўся,— зацягнула маці.— Ён жа голы, як бізун, гэты Алесь Базылёў. Што яна табе прынясе? Думаеш, можа, апошнюю карову ад бацькі забярэ? У яе ж нават ні куфра, ні ў куфар няма. І што ты на ёй гэтакае ўбачыў? Колькі тае дзяўчыны — з фігу.

Тодар хацеў нешта адказаць, але на гэты час у хату ўвайшоў бацька, дык ён зноў нагнуўся над міскаю.

— Ці ты чуў, Міхась? — звярнулася маці да бацькі,— гэта ж наш Тодар хоча з Стэфкаю Базылёваю жаніцца.

— З Стэфкаю? Хіба ж ён збіраецца з ёю на вуліцы жыць ці мо Алесь да сябе возьме, а мне ў хаце не трэба гэтага галыша,— адрэзаў бацька.

— І я яму ўжо гэта казала,— падтрымала маці.— Ты ж падумай, сынок, аб тым, што людзі будуць пальцамі паказваць. Гэта ж ганьба будзе ўсёй нашай радні, калі ты яе возьмеш.

— Ну, дык чаго ж вы гэтак на мяне наваліліся, я ж з ёю мо яшчэ не павянчаўся,— стаў абараняцца Тодар.

— А я казаў бы,— пачаў бацька, як бы не чуючы, што сказаў Тодар,— што ёсць шмат дзяўчат і лепшых за Стэфку і багацейшых. Вось хоць бы і Антоля Скрылёва — чым не дзяўчына? І здаровая і багатая; прыйдзе, то і ў хату нешта прынясе...

— А бацька ж Антолін казаў,— падхапіла маці,— што калі Антоля пойдзе за добрага хлопца, дык ён дасць самую лепшую карову, свінню, дзве авечкі і пяцьдзесят рублёў золатам. А іх жа каровы-каро-о-вы! Надта ж гэта гнядая — яна адна дае вядро малака за раз...

— За няўдачу заўсёды даюць прыдачу,— буркнуў Тодар.

— Вось Стэфка ўдача! Ты дык цацку знайшоў. Цьфу! Каб цябе людзі добрыя не зналі разам з ёю,— пачынаў злавацца бацька.

— Дурны ты, дурны, Тодар! — пачала зноў маці.— Ты думаеш, усяго і свету, што ў акне. Ты ж ажэнішся ды будзе ўсяго ставаць, дык і прывыкнеш і палюбіш, а як не будзе ні ўцяць, ні ўзяць, дык і любошчы твае пойдуць марна. Вось паглядзіш, сынок, будзеш каяцца, але не вернецца.

Тодар тым часам папалуднаваў і вылез з-за стала. Яму не хацелася далей весці гэту гутарку.

— Вось будзем бачыць, няма чаго загадзя бедаваць,— прагаварыў ён і, апрануўшыся, выйшаў за дзверы.

«Можа, і праўду кажуць бацькі,— думаў Тодар.— Такі ж яны век пражылі, дык, можа, і лепш ведаюць пра гэтыя самыя любошчы. Шкада мне Стэфкі, надта шкада, але ж і супроць бацькоў ісці неяк не выпадае, бо бацька можа і папраўдзе прагнаць нас з хаты, а калі і не, дык ці прыемна ж грызціся з бацькамі?»

У наступную суботу ў Скрылёвых пад акном было поўна народу, а найболей кабет.

Усе яны штодня бачылі па некалькі разоў і Тодара і Антолю, але неяк не надта і цікавіліся імі, а цяпер дык чуць не біліся за месца пад акном і сачылі за кожным іх рухам — надта ж цікавая рэч ужо гэтыя сваты.

Свату нядоўга прыйшлося таргавацца: Антолін бацька без спрэчак згадзіўся даць за дачкою ўсё тое, аб чым гаварыла Тодару маці.

Самую Антолю і пытаць не трэ было, бо яна хоць і не мела нікога ў асобку, але наогул хлопцы ёй надта падабаліся, і яна даўно ўжо хацела замуж.

Тодар быў нейкі маркотны і мала гаварыў. Ён у сваіх думках прыраўноўваў Антолю да Стэфкі і бачыў, што гэтай далёка да тае і з хараством і з размоваю. Асабліва непакоіла Тодара, як гэта ён будзе цалаваць Антоліны губы, гэткія тоўстыя, кіслыя і падчас засліненыя. І выраз твару быў у яе такі, нібы яна збіралася плакаць, а слова як скажа, дык як у лужыну боўтне...

«Але дарма,— разважаў Тодар,— матка ж казала, што можна прывыкнуць і палюбіць...»

Аб тым, як Граковы гулялі вяселле, гаварыць не варта, бо хто ж не ведае, як яно рабілася ў нас, на Беларусі, да гэтага часу.

Былі на вяселлі, як вядзецца, сваты, браты, дзядзькі, хрышчоныя бацькі, цёткі, свацці, дружкі, суседзі і так знаёмыя. Усе яны шмат елі, яшчэ болей пілі, многа гаманілі ды часам гукалі «горка!» — і тады маладыя павінны былі цалавацца.

Падвыпіўшы, Антоля выпаўняла свой абавязак са смакам і здавальненнем, але Тодару дык заўсёды здавалася, што ён выпіў лыжку рыцыны, як толькі ён датыкаўся сваімі губамі да губ Антолі.

З першых жа дзён пасля вяселля маладая прыйшлася не да густу Граковым — надта ж была яна нейкая нездагадлівая і няспрытная: там зачэпіць, там аберне, там разаб’е або зробіць зусім не тое, што ёй загадвалі.

Раз неяк збіраліся абедаць, і Антоля, наліўшы міску гарачых буракоў, несла іх на стол, а сярод хаты ды ляжала сучка. Ну і трэба ж кабеціне, не ўгледзеўшы, наступіць сучцы на хвост.

— Гыр-гыр! — запратэставала сучка, і міска з гарачымі буракамі паляцела ёй на галаву. Апараная сучка заскавытала на ўсю хату, а перапуджаная кабеціна схапіла ў кожную руку па чарапку і пазірала то таму, то таму ў вочы, не ведаючы, што рабіць далей.

— Вось зграбнота! Ах, каб табе засляпіла! Трэба ж на сучку ўзбіцца. З’еш вось цяпер трасцу з хваробаю,— лаяла свякруха, а свёкар са злосці стаў перыць і гнаць вон няшчасную сучку.

Тодар нічога не абазваўся. Ён сердаваў на бацькоў і наогул гаварыў мала, бо да маладой жонкі ніяк не мог прывыкнуць, а Стэфка неадступна стаяла ўваччу.

Неяк адзін раз пасля здарэння, падобнага да таго, якое было з сучкаю, бацька стаў выгаворваць Тодару, чаму ён не вучыць жонкі, каб яна ўважлівей адносілася да таго, што робіць.

— Не буду я яе, тата, вучыць, і не мая яна жонка,— адказаў Тодар.— Ты ж узяў за мяне замуж Скрылёвых гнядую карову, а гэту кабету ўзяў так толькі, нібы пасагу, дык і цацкайся цяпер з ёю...

Размова гэта вялася ў гумне, і, здэцца, сам-насам, але ж праўду, мусіць, людзі кажуць, што і сцены маюць вушы.

З тае пары бацька ніколі не ўпікаў Тодара жонкаю, дык затое людзі сталі зваць яго не іначай, як каровіным мужыком.

— Вунь,— кажа,— пайшоў той, што з кароваю ажаніўся, а дзеўку пасагу ўзяў...

Дык вось чаму ў нашай вёсцы чалавека каровіным мужыком дражняць.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 15-19
Крыніца: скан