epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Каршун і Цецярук

(Байка)

Не надта так даўно, не так далёка,

А ў нашай жа рэспубліцы, пад бокам,

У цёмным і густым бары

Ды жыў Каршун стары.

У мастакі Каршун палез

І стаў хваліцца на ўвесь лес,

Што ён — спявак вялікі.

— Ах, ёлкі твае палкі! —

Паміж сабою шэпчуць галкі.

— Нашто хваліць праціўны голас дзікі?

— Ён звар'яцеў пад старасць, небарак,—

Ім патурае сіваграк,

Але на вушка ўсё — баяцца ўслых:

«Няхай ты,— думаюць,— згары!»

Дый зразумела нам, бо той каршун стары

Начальствам быў у іх,

І ведалі даволі ўсе наўкола,

Што хоць паганы меў ён голас,

Ну дык затое ж кіпцюры!

Вось перад ім і сталі гнуцца ў крук,

Бо хто ж асмеліцца пярэчыць?

Наадварот,— паслухайце, што кажа Цецярук:

— Няма на свеце прыямнейшай рэчы,

Як слухаць песні Каршуна.

Выдатных спевакоў мне чуць не першыня.

Прыходзілася чуць, напрыклад, Салаўя,—

І аб якой тут кажуць прыгажосці,

Не разумею проста я,

Хоць ты мяне зарэж,

Набраўся толькі, слухаючы, злосці:

Цырыкае, пішчыць, а што — не разбярэш,

Як і не наш ён усё роўна.

Вось Шпак

Дык трохі ўжо не так;

Зусім нішто спявае Грак,

А паважаная Варона

Мацней за іх за двух.

Але найлепш за ўсіх — шаноўны старшыня.

 

За што ж бы Цецярук хваліў так Каршуна?

Перш-наперш, ён быў глух,

Чаго б нікому я не зычыў,

А па-другое, Каршуну

Дык ён тут проста... ну...

Каля хваста казыча,

У Каршуна каб быць у ласцы.

Яму, напэўна, гэта ўдасца,

Бо шмат здарэнняў і падзей

Такіх я бачыў між людзей.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 182-183
Крыніца: скан