epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Кат у няміласці

З’ЯВА І
З’ЯВА ІІ
З'ЯВА ІІІ


Меладрама ў адной дзеі

 

Адстаўцы галоўнага ката Мацыеўскага польская фашысцкая прэса аддае такую ж увагу, як і адстаўцы міністра. Пан Мацкевіч-Цат — рэдактар манархічна-памешчыцкага віленскага «Слова» — выказвае сваё глыбокае спачуванне адстаўленаму кату.

З газет

 

У П’ЕСЕ АРУДУЮЦЬ:

Пан Мацыеўскі — галоўны дзяржаўны кат Польшчы (у адстаўцы).

Пан Мацкевіч-Цат — рэдактар манархічна-памешчыцкай газеты «Слово» (выдаецца ў Вільні).

Два падарожныя.

 

З’ЯВА І

На сцэне асіна: за вяршок прывязана вяроўка з пятлёй на канцы. Другая шыбеніца — адмысловая.

 

Пан Мацыеўскі

(заклікае)

Людцы добрыя, мілыя!

Не шкадую ж вам мыла я.

Дасканала вяроўка намылена,

Маладая асінка нахілена —

Каму люба на ўлонні прыроды?

Не прашу я лішняй узнагароды:

Адмыслова магу павесіць

За злотых дзесяць.

Танней не магу, паверце, браткі!

Хто ж густуе пейзаж гарадскі,

Хоча глянуць на свет са знарочыстай вышкі,

Калі ласка — а-ля Лукішкі!

Вось вам-шыбеніца-перакладзінка!

Зроблена — во! Адгаблёвана гладзенька,

Памалёвана сёння нанова —

Тэхнікі нашай апошняе слова!

Дваццаць злотых — невялікая плата.

Пашкадуйце ж беспрацоўнага ката!

(Выйшаў, разумееце, казус гэтакі

Праз парушэнне катаўскай этыкі).

Дайце ж зарабіць хаця крышку

На пальчаткі белыя ды на манішку!

Не пакіньце небараку

Без моднага фраку!

Дапамажыце, бо дзе ж гэта відана!

Тысяча злотых дзяржавай мне выдана.

Выходных такіх для галоўнага ката —

Самі разумееце — малавата.

Гэй, падыходзьце — вяроўка намылена!

Гэй, паспяшайце — асінка нахілена!

Каму люба — а-ля Лукішкі!

Не вазьму я з працоўнага лішкі.

 

З’ЯВА ІІ

Пан Мацкевіч-Цат

(знімае капялюш і згінаецца ў пашане)

Прабачце! Вы, пане, здаецца...

 

Пан Мацыеўскі

(з гонарам)

Вядомы кат.

 

Пан Мацкевіч-Цат

Я таксама вядомы... Мацкевіч-Цат...

На крэсах усходніх цэрбер пільны,

Рэдактар «Слова»,— выходзіць у Вільні.

 

Пан Мацыеўскі

А-а! Вельмі прыемна! Для гэтакай шышкі

Проша пейзажык а-ля Лукішкі.

(Мерыцца накінуць на шыю рэдактара пятлю, прымацаваную да шыбеніцы.)

 

Пан Мацкевіч-Цат

(адступаецца задам, наставіўшы рукі з капелюшом у правай)

Пан мяне трошкі... не так зразумеў...

Я крышку не тое... на ўвазе меў.

Дзякую, пане, вам за паслугу,

Але я прыйшоў, як найлепшаму другу,

Выказаць пану пашану сваю...

І... для газеткі ўзяць інтэрв’ю.

Наша газетка вельмі цікавіцца,

Чым пан жывіцца ды як пан бавіцца.

 

Пан Мацыеўскі

Жыву пакуль што, з ласкі бога-айца...

Жаліцца кату не вельмі да твару,

Цяжка, аднак жа, знайсці спажыўца

Мне для майго тавару.

 

(Паказвае на шыбеніцу.)

 

Стаіць без нагрузкі прыладдзе маё.

З фабрык і з вёсак гэта хам’ё

Дык проста аж нос адварочвае,

Калі начальства яго не заахвочвае.

Ох, цяжка жыць у няміласці ўлады!

 

Пан Мацкевіч-Цат

А дайце ж, пан, рады!

Пры вашай кваліфікацыі

Ды пры нашай пацыфікацыі,

Пры дэфіцытнасці ў нас вашай прафесіі

Пакінуць пана без працы

Не было ж аніякай рацыі!

Толькі ж за месяц вы сотню павесілі.

А тысячы іншых да вас у пашане застылі.

Ды вы ж, пане, герой... у старапольскім стылі.

Чуў я гэтымі днямі, нядаўна,

Пра заступніка вашага, Браўна,

Чуў пра яго досыць шмат,—

Дык гэта ж партач, а не кат!

Бярэ пяцьсот злотых на месяц,

Чалавека не ўмее павесіць.

Праўда, новыя кадры ўжо выяўляюцца,

Але ж і тыя ніяк не ўпраўляюцца.

 

Пан Мацыеўскі

Шчыра дзякую, пане,

За павагу ды спачуванне.

Буду мець я Мацкевіча-Цата

 

(працягвае руку)

 

За роднага брата.

 

Пан Мацкевіч-Цат

(баязліва бярэ руку, косячы вокам на намыленую пятлю)

Сведкаю будзе хай бог нам святы,

Што мы з вамі па духу браты.

Цясней нам сысціся даўно пара:

Вы — ад пятлі, а я — ад пяра,

А працуем над супольнай справай,

Карыстаемся роўнаю славай.

Пра што намякну я ў газеце пяром,

Вы дагаворыце тапаром;

Што распачну я нататкаю лоўкаю,

Тое пан скончыць... вось гэтай вяроўкаю.

 

(З баязлівай павагай дакранаецца пальцам да пятлі.)

 

Дык будзьма ж братамі і надалей.

Адзначу я, пане, і ваш юбілей —

Успамяну сваім цёплым «Словам»

Аб слаўным такім, так сказаць, стогаловым.

Хто ж славай такой з вамі можа памерацца?

Дазвольце ж, пане... ад шчырага сэрца...

 

(Ад наплыву пачуццяў не можа больш гаварыць. Цат і кат горача абнімаюцца, вусны іх злучаюцца ў братнім пацалунку. Абодва ў экстазе заміраюць, не маючы сілы расстацца.)

 

З'ЯВА ІІІ

Два падарожныя: пан Луцкевіч і пан Астроўскі спыняюцца глыбока расчуленыя праяўленнем такой моцнай дружбы. Дастаюць хусцінкі і выціраюць слёзы замілавання.

 

Заслона

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 233-236
Крыніца: скан