epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Кім мы сёння сталі

Да пятнаццатай гадавіны вызвалення Беларусі ад белапалякаў

 

Лапці, торба, хлеб з мякінай,

Цемра курнай хаты —

Невясёлыя ўспаміны

Аб жыцці праклятым.

 

Ад калыскі да магілы

Выціскалі сокі,

Кроў пілі, цягнулі жылы

Каты-крывасмокі.

 

Мудрасць Леніна вяла нас

Да шчаслівай долі,

Воля партыі яднала

Нас на ратным полі.

 

Крывасмокаў мы пабілі,

Катаў пахвасталі,

Кол асінавы забілі,

Каб яны не ўсталі.

 

Наша шчасце стала явай,

Мы здабыткі множым,

Ордэн Леніна нам славай

Грудзі упрыгожыў.

 

За сумленную работу

Ў вёсцы і ў сталіцы

Ёсць у нас і хлеб, і боты,

Чыстыя святліцы.

 

Клічам мы братоў у госці

На сход урачысты,—

Зелянеюць хай ад злосці

За мяжой фашысты.

 

Праглынуць, што мы стварылі,

Толькі хай не мараць:

Па свінячым брудным рыле

Будзе чым ударыць.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 251
Крыніца: скан