epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Кулак

У краўцовага Ігната

Барада — нібы лапата,

Нібы тое памяло,—

Над усё, браткі, сяло;

 

Шапка — цэлая авечка,

Нібы буслава гняздзечка,—

Адно дзівіцеся вы,

Як не зверне галавы;

 

А кажух! — аўчын мо з восем

(Мы такіх, браткі, не носім),

Паўаршына той каўнер —

На кулацкі ўсё манер;

 

Тыя боты як уздзене,

Дык халявы па калені,

А як пойдзе, дык рыпяць —

Варты мо чырвонцаў з пяць.

 

А прыхільны ж ён да ўлады!

Як сабака палцы рады,

І наровіць заўжды, гад,

Абысці каб як загад.

 

Калі ўзяць, дык — надта хітры,

Калі даць, дык — «носік вытры».

Увільне не сяк, дык так,

Бо нашто ж бы быў кулак?

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 27-28
Крыніца: скан