epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Курортны верш

На свой лёс марскія нетры

Глуха скардзяцца скале,

І гранітныя ў Ай-Петры

Леглі складкі на чале.

 

У салёнай белай пене

Шэпты галькі навакол,

Бы Манахава маленне

Ціха падае на дол.

 

Пад усплёскі хваль шумлівых

Адпачыць так люба мне

На грудзях каменных Дзівы

Альбо ў Кошкі на спіне.

 

Ці то, зняўшы апранаху,

Я ў паўдзённай спёкі час

Цела грэшнае Манаху

Выстаўляю напаказ.

 

У каменнай ён сутане

Тут вартуе цэлы дзень,

Быццам дыні на баштане,

Груды спелыя людзей.

 

У праменні пасваволіць

Люба ім без апранах:

Не бяда — грахі замоліць

Хмуры праведнік Манах.

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 226-227
Крыніца: скан