epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Кувада

(Байка)

 

Карова целіцца, а ў быка зад баліць.

Народная прыказка

 

Паміж балот Мазырскага Палесся,

Дзе шчэ не так даўно «лясун гайсаў па лесе»

Ды забабоны плавалі на чоўне,

Дзе звычаяў дагістарычных схоўня

Была аж да часоў савецкае улады,—

Там знойдзен выпадак кувады.

Расказваюць пра гэта нашы краязнаўцы:

Бывала там, калі раджаць Жанчыне давядзецца,

Дык Чалавек яе кладзецца

Таксама з ёй на лаўцы.

Ён хоча працу падзяліць.

Ён хоча аблягчыць пакуты,

Дык і жывот яго баліць,

І схваткі штомінуты.

Свой абавязак маткі ціха

Выконвае Жанчына-парадзіха,

Хоць і цярпіць вялізарныя мукі,

А ён, «няшчасны», ломіць рукі.

Калі глядзець — сапраўды Дзядзьку крута:

То скурчыцца, то выцягнецца прутам

Ды пачынае лбом аб сцену біцца.

Крычыць: — Бабулечка,— жывот!

Зязюлька,— паясніца!

Аж з твару зменіцца і з голасу спадзе,

Пакуль малое Жонка прывядзе.

 

Вось так жа памагаюць часам

Куваднікі працоўным масам:

Пакуль працоўныя сацыялізм будуюць,

Яны ўсё ныюць, хныкаюць, бядуюць.

Такому б я сказаў: — Слюнцяй, не скавычы!

Не можаш памагчы,

Дык лепей памаўчы!

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 222-223
Крыніца: скан