epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Кветка шчасця

80 год таму назад у хаце беззямельнага беларускага селяніна нарадзіўся чалавек, якому суджана было стаць гордасцю беларускай літаратуры, выказнікам дум і пачуццяў свайго народа.

З думкай аб шчасці паэт выбіраў сабе літаратурнае імя. На Купалле, паводле народнага павер’я, расцвітае чароўная кветка, якая робіць шчаслівым таго, хто яе знойдзе. Толькі не аб сваім асабістым шчасці марыў паэт. Сваё шчасце ён бачыў у шчасці народа. Аб гэтым ён марыў, дзеля гэтага жыў, за гэта змагаўся сваім натхнёным паэтычным словам.

 

Шчасце так рэдка над светам усходзе;

Усё ж досыць бывае меці хоць мала,—

Долю каб бачыў у родным народзе,

А быў бы шчаслівы Янка Купала.

 

Перад тым як выйсці ў паэтычны паход за лепшую народную долю, будучы паэт пазнаў яе, горкую, на сваім жыццёвым вопыце. Дзесяць разоў пераязджаў бацька паэта з аднаго месца на другое, шукаючы прытулку і працы на памешчыцкай зямлі. І разам з ім, часта босым ідучы за павозкай, вандраваў будучы паэт. Яго душа чула адгукалася на людскія жальбы і скаргі, поўнілася народным гневам супраць прыгнятальнікаў, прагна ўбірала хараство народных песень і казак, у якіх адлюстроўваліся гістарычны лёс народа і яго спрадвечныя мары аб лепшай долі. І калі паэту прыйшла пара сказаць сваё слова ад імя народа, а пара гэта супала з магутнай рэвалюцыйнай хваляй, слова гэта было важкім, гарачым, поўным высокага грамадзянскага пафасу і сацыяльнага зместу.

Гэты пачынаючы паэт быў мудрым сталым чалавекам, які ведаў, куды яму ісці і за што змагацца. У першым жа сваім вершы «Мужык» Янка Купала заяўляе, што ён ганарыцца сваім працоўным паходжаннем, што ён век застанецца мужыком, гэта значыць верным працоўнаму народу, абаронцам яго інтарэсаў. І гэта сваё ўрачыстае абяцанне стрымаў вялікі паэт.

У многіх сваіх творах Янка Купала малюе яркі вобраз гэтага мужыка — чалавека з мазольнымі рукамі і высакароднымі пачуццямі, пастаўленага ў нечалавечыя ўмовы. Гэты мужык усіх корміць і адзявае, будуе касцёлы і палацы, а сам гібее ў нястачы, ходзіць у падранай сярмязе і жыве ў курнай халупе.

Такога здзеку больш нельга цярпець — рабіў вывад працоўны чалавек, убачыўшы сябе ў чыстым і праўдзівым люстры купалаўскай паэзіі.

У выдатным вершы «А хто там ідзе?» паэт з вялікай мастацкай сілай выказаў, чаго хоча яго калектыўны герой — беларускі народ, як усвядоміў ён сваё бяспраўнае становішча. Ён хоча «людзьмі звацца» і гатоў на барацьбу за свае чалавечыя правы.

Складаючы свае цудоўныя песні-думы, свае выдатныя паэмы, такія, як «Курган» і «Бандароўна», у якіх гучыць усё той жа пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці, Янка Купала адрасаваў іх не кожнаму аматару паэзіі. Ён накіроўваў свае творы толькі ў пэўны адрас, знаходзячы верны шлях да сэрца працоўнага чалавека.

 

Я не для вас, паны, о не!

А я для бедных і загнаных,

Я з імі мучуся ўраўне,

У адных закут з імі кайданах...

Я не для вас, паны, о не!

 

Дарэвалюцыйная паэзія Янкі Купалы — гэта згустак болю і крыўды за працоўны народ, гарачы заклік на барацьбу за волю і долю.

Зусім на іншы лад настроіў паэт сваю ліру, калі ўбачыў свой народ вольным ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, роўным сярод роўных у брацкай сям’і савецкіх народаў.

Тэма шчасця па-ранейшаму займае асноўнае месца ў яго творчасці, толькі шчасце, якое было марай, стала рэальнасцю. Замест песень жальбы і пакуты загучалі песні шчасця для працоўных, гімны стваральнай працы. Паэт услаўляе веліч спраў, якія здзяйсняе савецкі народ, мудрасць нашай Камуністычнай партыі.

 

Сягоння з народам шчаслівым

Я свята святкую ўрачыста,—

 

гаворыць паэт у адным са сваіх вершаў.

У савецкі перыяд паэзія Янкі Купалы сягнула далёка за межы Беларусі. Сам паэт адчувае сябе сынам і гарачым патрыётам не толькі беларускага народа, але ўсяе Савецкай краіны. Усё большае месца ў яго творчасці займае дружба народаў. Ён жыва цікавіцца гаспадарчымі і культурнымі здабыткамі брацкіх рэспублік. Глыбока прачулыя творы прысвячае ён вялікім сынам брацкіх народаў — Шата Руставелі, Тарасу Шаўчэнку, Максіму Горкаму, Джамбулу, Сулейману Стальскаму.

Магутны талент Купалы развіваўся і мужнеў пад дабратворным уплывам вялікай рускай літаратуры, пад уплывам слаўнага песняра ўкраінскага народа Тараса Шаўчэнкі. Асаблівае значэнне для маладога Янкі Купалы мела маральная падтрымка, цёплы водзыў аб яго паэзіі Аляксея Максімавіча Горкага, якому Купала быў удзячны ўсё сваё жыццё.

Цяжка ў поўнай меры ацаніць усё тое, што Янка Купала і яго друг народны паэт Якуб Колас зрабілі для развіцця беларускай літаратуры, беларускай літаратурнай мовы, для абуджэння класавай і нацыянальнай свядомасці працоўных Беларусі.

Разам з мільёнамі чытачоў за межамі нашай рэспублікі, разам з іншымі народамі нашай краіны беларускі народ ушаноўвае памяць свайго вялікага паэта, глыбока ўдзячны яму за ўсё добрае, што ён зрабіў для народа, за яго неўміручыя творы, за вялікі ўклад у развіццё беларускай і ўсяе савецкай літаратуры.

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан